Ёсць у рэвалюцыі пачатак…

Чаму венгерскае паўстанне 1956 года, юбілей якога адзначацца ў гэтыя дні, дасюль выклікае столькі дэбатаў і меркаванняў?


Тое, што падзеі 1956 года ў Венгрыі — адна з ключавых падзей гісторыі мінулага стагоддзя, не выклікае сумневу. Па-сутнасці, гэта азначала пачатак дэсталінізацыі Усходняй Еўропы і запуск дэканструкцыі савецкага блоку. Тым больш дзіўна, што вакол гэтай старонкі гісторыі дасюль цягнуцца дыскусіі і дэбаты. Шмат каго не задавальняе вядомы з падручнікаў гісторыі сюжэт: у 1956-м у краіне пачаліся студэнцкія пратэсты, якія перараслі ў народную рэвалюцыю, раздушаную танкамі Жукава. Высвятляюцца незвычайныя мікраэпізоды паўстання, якія дзіўным чынам паўплывалі на ход падзей.

Напрыклад, вялікую ролю ў лёсе паўстання адыграў той факт, што напярэдадні ўсім супрацоўнікам дзяржбяспекі выдалі шыкоўныя жоўтыя боты. Як следства, калі пачаўся бунт, вызначыць у натоўпе тых, хто працуе на «кантору», стала няцяжка. Людзей у жоўтым абутку хапалі на вуліцах і адразу ж вешалі на дрэвах. Менавіта масавыя забойствы чэкістаў прымусілі Крэмль перагледзець пазіцыю наконт таго, што адбываецца ў Венгрыі. Калі раней Масква спадзявалася зрабіць стаўку на адну з груповак унутры эліты, то пасля гісторыі з ботамі выбар быў зроблены на карысць адкрытай інтэрвенцыі.

Аднак значна большы інтарэс падчас цяперашніх дэбатаў выклікаюць матывы паўстання. Напэўна, адна з самых экстравагантных версій была агучаная пару гадоў таму на старонках нямецкага выдання «Jungle World». Аўтар публікацыі лічыць, што паўстанне 1956 года стала следствам росту статуса футболу ў жыцці венгерскага грамадства. Вядома, што ў 1954-м у Швейцарыі венгерская зборная сенсацыйна прайграла фінал Чэмпіянату свету заходнім немцам, якіх раней разбівалі на першай стадыі турніру. Навіна з Берну, дзе адбываўся фінал, выклікала ў венграў глыбокую псіхалагічную траўму. Нацыю ахапіла фрустрацыя, і антыкамуністычны бунт стаў цудоўным сродкам для каналізацыі негатыўнай энергіі.

А вось у Маскве сёння лічаць, што паўстанне 1956-га было першай у гісторыі «аранжавай рэвалюцыяй». Версія грунтуецца на тым, што напачатку 50-х гадоў у Мюнхене пад дахам ЗША паўстала вядомая радыёстанцыя «Свабодная Еўропа», якая наладзіла трансляцыі на Венгрыю. Дарэчы, венгерскі МЗС ужо асудзіў кантэнт расійскіх каментараў пра паўстанне. Паслу Расіі ў Будапешце з гэтай прычыны нават уручылі ноту.

Ідэя расійскіх СМІ цалкам спрэчная, з улікам таго, што ў венгерскім грамадстве сапраўды хапала падстаў для антыпатый на адрас рэжыму. Пры тагачасным 9-мільённым насельніцтве краіны напярэдадні паўстання ў турмах сядзелі каля 200 тысяч чалавек. Паводле палітычных матываў было вынесена каля 5 тысяч смяротных прысудаў. Пад дэпартацыі і інтэрнаванне падпалі яшчэ 700 тысяч. Разам атрымліваецца, што ад сталінізму пацярпеў кожны дзясяты венгр.

Ёсць яшчэ адзін аспект, які супярэчыць тэорыі афіцыёзных гісторыкаў Масквы. Яны самі прызнаюць, што ў чыстым выглядзе ў 1950-я гады ідэі капіталізму і дэмакратыі не мелі мабілізацыйнага патэнцыялу. Шмат хто памятаў глабальны эканамічны крызіс 1929-га. Таму, калі паўстанне выбухнула, усё ж дамінавала ідэя сацыялізму, аднак без маскоўскага дыктату. Па ўсёй краіне тады фармаваліся грамадзянскія рэўкомы і працоўныя саветы, якія ператвараліся ў органы рабочага самакіравання.

Узгадалі і тэорыю марксіста Івана Лоха. Вывучаючы паўстанне ў Венгрыі, ён зрабіў цікавую заўвагу: бюракратычнае рэфармаванне ва Усходняй Еўропе, а пазней і ў СССР, амаль заўсёды прыводзіла да контррэвалюцыі. Рэформа вяла да канфлікту і расколу праслойкі чыноўнікаў і апаратчыкаў, чым заўсёды рады былі скарыстацца радыкальныя праціўнікі рэжыму. У гэтым плане бацькам венгерскай рэвалюцыі выступае Мікіта Хрушчоў, які спачатку на ХХ з’ездзе КПСС даў старт рэформам у савецкім блоку — і ў тым ліку ў Венгрыі, — а пасля быў вымушаны іх заціскаць.

Асобная тэма — месца антысемітызму ў праграме паўстання. Вядома, што спадарожнікам рэвалюцыйнага працэсу сапраўды былі акты гвалту над яўрэямі, якіх натоўп завочна запісаў у прыхільнікі сталінскага рэжыму. Пазней на судовым паказальным працэсе над паўстанцамі тыя апраўдвалі свае ўчынкі тэмай «сусветнай сіянісцкай змовы». Шэраг гісторыкаў, і не толькі ў Маскве, на грунце гэтых фактаў намагаюцца паказаць усё паўстанне як банальны пагром. Аднак тут ёсць іншыя тэорыя. Вядома, што ў кіраўніцтве паўстання было шмат яўрэяў. Сярод іх 15-гадовая Эрыка Карнелія Селеш, якая стала сімвалам паўстання і загінула, калі выносіла з-пад агню параненых байцоў.

Цікавая тэорыя пра тое, што дух антысемітызму 1956-га захаваўся ў нацыянальнай свядомасці і ўплывае на цяперашнюю палітычную павестку ў Венгрыі. Значыць, прыход да ўлады палітыкаў накшталт прэм’ера-еўрафоба Віктара Орбана трэба было чакаць. Калі верыць сацапытанням, сёння 42 працэнты венграў лічаць, што краінай кіруюць замежныя сакрэтныя цэнтры. Яшчэ 30 працэнтаў рэспандэнтаў прыпісваюць гэтую канспіратыўную ролю яўрэям. У гэтым плане цяперашні канфлікт паміж Орбанам і мільярдэрам Джорджам Сорасам (венгерскі яўрэй) падаецца шмат каму штучным і кан’юнктурным. Апошні час венгерскі афіцыёз нават абвінаваціў Сораса ў тым, што ён і іншыя яўрэі мараць пра… арабскую акупацыю Венгрыі.

Як бачым, тэорый наконт сутнасці 1956 года хапае. Аднак самае цікавае, магчыма, яшчэ наперадзе. Выступаючы 23 кастрычніка на ўрачыстым мітынгу, Віктар Орбан заклікаў не дапусціць «саветызацыі» Еўропы, якую праводзіць… Брусэль. Паралель паміж сталіністамі і брусэлькімі чыноўнікамі — гэта нешта новае. Ці працягне Орбан змагацца з Брусэлем са спасылкай на традыцыі рэвалюцыі 1956 года, пакажа час. Аднак тое, што гэты клінч толькі набірае абароты, не выклікае сумневаў. Напярэдадні юбілею будапешцкія ўлады закрылі апошнюю ў краіне буйную апазіцыйную газету і пачалі атаку на нелаяльныя СМІ ў рэгіёнах.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: