ЮНІСЕФ: забруджанае паветра шкодзіць мозгу немаўлятаў

17 мільёнаў дзяцей ва ўзросце да аднаго года дыхаюць таксічным паветрам. Забруджвальныя рэчывы могуць назаўжды пашкодзіць іх развіваючыся мозг, папярэджвае ў сваім дакладзе Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ).
Найбольшая небяспека пагражае дзецям у Паўднёвай Азіі. Больш за 12 мільёнаў чалавек жывуць у раёнах з забруджваннем, якое ў шэсць разоў перавышае бяспечны ўзровень. Яшчэ чатыры мільёны чалавек падвяргаюцца рызыцы ва Усходняй Азіі і Ціхаакіянскім рэгіёне.

ЮНІСЕФ заяўляе, што ўдыханне пэўных часціц забруджанага паветра можа пашкодзіць мазгавую тканіну і адмоўна адбіцца на кагнітыўным развіцці.

У справаздачы арганізацыі таксама паведамляецца, што існуе сувязь паміж вербальным і невербальным IQ і памяццю, нізкімі вынікамі тэставання, ацэнкамі, якія атрымліваюць школьнікі на іспытах, а таксама іншымі неўралагічнымі паводзіннымі праблемамі.

ЮНІСЕФ сцвярджае, што наступствы шкоднага ўздзеяння навакольнага асяроддзя будуць адбівацца на працягу ўсяго жыцця чалавека.

«Наш свет актыўна урбанізуецца, і без адэкватнай абароны і мер па зніжэнні забруджвання навакольнага асяроддзя ўсё больш дзяцей будзе падвяргацца рызыцы ў бліжэйшыя гады», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

ЮНІСЕФ заклікае больш выкарыстоўваць ахоўныя асабовыя маскі і сістэмы фільтрацыі паветра і не рэкамендуе падарожнічаць з дзецьмі ў перыяд асабліва моцнага забруджвання паветра.

У мінулым месяцы густы сівы смог ахутаў сталіцу Індыі Дэлі — у некаторых раёнах горада ўзровень забруджвання паветра ў 30 разоў перавышаў дапушчальную норму. Галоўны міністр індыйскай сталіцы Арвінд Кеджрывал назваў горад «газавай камерай».

У паўночным Кітаі забруджванне паветра, паводле ацэнак, скараціла чаканую працягласць жыцця людзей прыкладна на тры гады. Урад увёў больш жорсткія правілы абмежаванняў прамысловых выкідаў для кампаній, але дзяржаўныя СМІ паведамілі, што яны рэгулярна парушаюцца.

ЮНІСЕФ распавядае, што на спадарожнікавых здымках, якія выкарыстоўваюцца для збору дадзеных, відаць, што праблема востра стаіць і ў афрыканскіх гарадах.

Між тым, асобнае даследаванне, праведзенае навукоўцамі ў бальніцах Лондана, паказала, што забруджанае паветра брытанскай сталіцы вядзе да зніжэння вагі пры нараджэнні.

Забруджанае паветра, на думку даследнікаў, з'яўляецца і прычынай больш высокай дзіцячай смяротнасці і хвароб у дарослых.

Паводле BBC

Каментаваць