Калі хунту забаронена называць хунтай

У М'янме памерла 20-гадовая дзяўчына, якой стрэлілі ў галаву на дэманстрацыі супраць ваеннага перавароту. Яна стала першай ахвярай падаўлення хвалі пратэстаў за аднаўленне дэмакратычнага ладу.
Напачатку ў путчыстаў усё складалася някепска. Практычна ўсю паўнату рэальнай дзяржаўнай улады ў краіне атрымаў галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Мін Аунг Хлайн, які раней кіраваў дзяржавай больш за 40 гадоў. Ён жа ўзначаліў новы орган улады — Дзяржаўны адміністрацыйны савет. Выконваючым абавязкі прэзідэнта прызначылі былога віцэ-прэзідэнта.

Пакуль Мін Аунг прымаў віншаванні з новай пасадай, адбываліся арышты чальцоў грамадзянскага Кабміну і актыву Нацыянальна-Дэмакратычнай Лігі (НДЛ), якая фарміравала ўрад. Сярод іншых была затрыманая Нобелеўская лаўрэатка Аун Сан Су Чжы. Менавіта яна на працягу пяці гадоў фактычна ўзначальвала ўрад. Адначасова быў інтэрнаваны і прэзідэнт Він М’ін, шэраг іншых высокапастаўленых чыноўнікаў. Паводле звестак праваабаронцаў, агулам пасля ваеннага перавароту ў краіне затрымалі больш за 380 чалавек.

Арыштамі клеркаў і лідараў НДЛ справа не абмежавалася. У М’янме ўжо абвешчана надзвычайнае становішча тэрмінам на адзін год. Ваенныя таксама зноў увялі ў дзеянне экзатычны закон, які патрабуе ад грамадзян паведамляць пра тых, хто засядзеўся ў гасцях у позні час. Адна з норм таго ж закона дазваляе сілам бяспекі затрымліваць падазроных асоб, абшукваць прыватныя дамы нават без санкцыі суда. У турму могуць трапіць тыя, хто называе кліку Мін Аунга «хунтай».

Цікава, што галоўная віна, якую выставяць Аун Сан Су Чжы і яе кампаніі — фальсіфікацыя вынікаў выбараў 8 лістапада 2020 года. Па іх выніках партыя НДЛ атрымала 83% месцаў у парламенцкай асамблеі. У сваю чаргу, Партыя Салідарнасці і Развіцця Саюза, якую курыруюць вайскоўцы, тады пацярпела фіяска.

«Лузеры» адразу аспрэчылі вынікі галасавання. Сцвярджаецца, што падчас выбараў былі выпадкі ўключэння ў спісы выбаршчыкаў непаўналетніх або выбаршчыкаў без пасведчання асобы. Такіх парушэнняў быццам выявілі аж каля 8,6 мільёна выпадкаў. Праўда, у такім разе незразумела, чаму нельга было аспрэчыць вынікі выбараў судовым шляхам, а абавязкова спатрэбіліся ладзіць путч?

Таксама вайскоўцы звяртаюць увагу, што ўлада перайшла ў іх рукі паводле вынікаў пасяджэння Савета нацыянальнай абароны і бяспекі — канстытуцыйнага органа краіны, які стаяў вышэй за прэзідэнта і іншыя дзяржаўныя органы. Такім чынам, фармальна слова «путч» прымяніць да дзеянняў генералаў нельга.

Нягледзячы на пералічаныя вышэй аргументы, плюс тое, што вайскоўцы паабяцалі адмяніць надзвычайнае становішча праз год, калі ў краіне пройдуць новыя выбары ўрада, многія на гэтыя аргументы не павяліся. Дзясяткі тысяч жыхароў краіны адразу пачалі выходзіць на вуліцы галоўных гарадоў. У авангардзе выступаў знаходзяцца студэнты, якія блакуюць цэнтральную частку населеных пунктаў. Іх падтрымалі супрацоўнікі як мінімум 70 бальніц — яны абвясцілі страйк, пратэстуючы супраць перавароту.

Прэса піша, што імкліва фарміруецца нізавая тэрытарыяльная ініцыятыва. У буйных гарадах Янгон і Мандалай мясцовыя жыхары ствараюць групы для назірання за становішчам на вуліцах. Яны патрулююць кварталы, баючыся ў тым ліку рэйдаў сілавікоў. Лічыцца, што феномену нізавой актыўнасці міжволі садзейнічалі новыя ўлады, якія пасля перавароту абвясцілі амністыю для тых, хто трапіў за краты па крымінальных артыкулах. Усяго з турмаў павінны вызваліць каля 23 тысяч зняволеных, што патэнцыйна можа выклікаць рост злачыннасці.

Пакуль грамадзянскі канфлікт у М’янме ідзе па нарастаючай. 14 лютага вайскоўцы і супрацоўнікі паліцыі адкрылі агонь па пратэстоўцах у горадзе Мандалай, каб разагнаць дэманстрацыю. У гарадах на поўначы краіны адбыліся сутычкі паміж пратэстоўцамі і вайскоўцамі, хаця пра ахвяры на дадзены момант не паведамляецца.

Ход канфлікту, хутчэй за ўсё, будзе таксама залежаць ад знешніх акцёраў, якія ангажаваныя ў пракітайскі або праамерыканскі лагеры.

Ваенны пераварот у М’янме выклікаў міжнароднае асуджэнне з боку Захаду. Шэраг краін, у прыватнасці ЗША, Аўстралія, Вялікабрытанія, краіны ЕС, заклікалі Мін Аунг Хлайн вызваліць затрыманых чыноўнікаў і прызнаць вынікі выбараў. Байдэн абвясціў пра санкцыі супраць удзельнікаў ваеннага перавароту ў М’янме. Амерыканскія ўлады таксама маюць намер блакаваць рахункі ваеначальнікаў.

З іншага боку — Кітай і яго саюзнікі супраць ціску на новы рэжым. 13 лютага кітайскі прадстаўнік адмовіўся далучацца да рэзалюцыі Рады па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з заклікам да вайскоўцаў М’янмы адмяніць надзвычайнае становішча і вярнуць паўнамоцтвы дэмакратычна абраным уладам.

Як адзначаюць спецыялісты, у Пекіне М’янму разглядаюць не толькі як важнага эканамічнага партнёра. Гэтая азіяцкая краіна крытычна важная для Кітая як калідор да Індыйскага акіяна. Такі маршрут у выпадку прамога канфлікту з ЗША і блакавання праліваў у Паўднёва-Кітайскім моры дазволіць кітайцам хутка дыферэнцыяваць знешнія пастаўкі і прадухіліць эканамічную ізаляцыю.

Тым часам 17 лютага стартавалі судовыя слуханні па справе пра фальсіфікацыі, галоўным адказчыкам на якіх з’яўляецца Аун Сан Су Чжы. За іх ходам будзе ўважліва сачыць грамадскасць. Акрамя таго, у краіне пачаў паступова аднаўляцца інтэрнэт, які заблакавалі пасля перавароту. З улікам ролі камунікацый у арганізацыі і каардынацыі пратэсных рухаў, можна дапусціць новую серыю выступаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: