Калі тыраны былі багамі. А часам яны прыдумлялі свае рэлігіі

Гісторыя ведае шмат выпадкаў, калі дыктатары абвяшчалі сябе багамі, чараўнікамі і звышнатуральнымі асобамі.

Аўтарытарныя палітыкі невыпадкова любяць такія інстытуты, як Царква або ўзброеныя сілы. Бо ў іх закладзены элемент жорсткай вертыкалі і іерархіі: хтосьці аддае загады, а іншыя абавязаныя іх выконваць. Але, з іншага боку, з той жа царквой у дыктатараў часта здараліся праблемы. Царкоўная арганізацыя мае свой апарат, традыцыю, канцэпцыі. Таму цяжка ўявіць сабе, што яе кіраўніцтва пагодзіцца прызнаць божую прыроду нейкага сатрапа. У такой сітуацыі тыранам даводзілася прыдумляць уласныя рэлігіі. Далей за ўсіх пайшоў у гэтым плане італьянскі дыктатар Беніта Мусаліні.

Мусаліні быў прызначаны на пасаду прэм’ер-міністра ў 1922 годзе. Яшчэ за некалькі гадоў да таго ён быў вядомым, але ўсяго толькі журналістам, — і такі сацыяльны ліфт не мог не закружыць яму галаву. Ужо сам прыход да ўлады разглядаўся Мусаліні як знак Божы. З’явілася ідэя, што пабудаваная на фашысцкай дактрыне дзяржава зможа вырашыць усе праблемы краіны — і адначасова стварыць новы тып чалавека.

Заставалася толькі запусціць працэс інстытуцыяналізацыі фашысцкай рэлігіі. У перыяд з 1925 па 1939 год чатыры партыйныя сакратары дучэ асабіста адказвалі за распрацоўку нейкай квазірэлігійнай дагматыкі. У яе аснове была чакана закладзена сляпая адданасць правадыру. «Заўсёды майце веру ў дучэ. Мусаліні даў вам вашу веру. Усё, што кажа дучэ, праўда. Словы дучэ не падпадаюць крытыцы. Кожную раніцу пасля малітвы прамаўляеце: “Я веру ў Мусаліні”», — інструктаваў італьянцаў адзін з прыдворных ідэолагаў.

Таксама важна адзначыць, што фашысцкая Італія лічыла сябе пераемніцай старажытнага Рыму, дзе імператар вельмі часта ўважаўся за Бога. Таму не дзіўна, што ў рамках будаўніцтва культу Мусаліні той хутка стаў эквівалентам найвялікшых імператараў Рыма, накшталт Цэзара або Аўгуста. У выніку Мусаліні сам паверыў гэтай версіі і ўсур’ёўз сцвярджаў, што «з’яўляецца калі не далёкім сваяком, то рэінкарнацыяй імператара Аўгуста».

Тое, што дучэ з’ехаў з глузду наконт ідэі, што ён — новы Аўгуст, не дзіўна — з улікам патоку дыфірамбаў, якія чуў дыктатар. У афіцыёзе Мусаліні не саромеючыся называлі эквівалентам Макіявелі, Напалеона, Сакрата, Платона, Мадзіні, Гарыбальдзі, святога Францыска Асізскага, Хрыста, прарокам і нават самім Богам-бацькам! Адзін з прапагандыстаў пісаў, што «глядзець на яго [Мусаліні] было ўсё роўна, што глядзець на сонца: ты бачыш не чалавека, а, хутчэй, велізарны струмень прамяністых вібрацый з эфіру». Неўзабаве быў прыняты закон, згодна з якім слова «дучэ» трэба было пісаць выключна з вялікай літары.

Важным складнікам новага рэлігійнага культу было адмаўленне старых рэлігій. Сам Мусаліні спачатку рашуча выступаў супраць Ватыкана. «Мы ерэтыкі. Мы разарвалі на кавалкі ўсе адкрытыя ісціны, мы плюнулі на ўсе догмы, адкінулі ўсе райскія шаты, высмеялі ўсіх шарлатанаў — чырвоных, белых і чорных, — якія прадаюць цудадзейныя лекі, каб даць чалавецтву шчасце», — казаў ён.

Аднак свае сілы фашысты відавочна пераацанілі. Тактычна для барацьбы з камуністамі ім патрэбна была падтрымка Касцёла, які, у сваю чаргу, таксама імкнуўся не канфліктаваць з новым рэжымам. І Ватыкан не пралічыўся. Адным з першых дзеянняў Мусаліні на пасадзе прэм’ер-міністра было вяртанне выяваў распяцця ў школьныя класы і залы судовых пасяджэнняў. Гэтыя царкоўныя атрыбуты былі знятыя ў часе нядоўгай спробы Італіі аддзяліць царкву ад дзяржавы. У 1926 годзе пачаліся таемныя перамовы з Рымскім Папам, якія на пачатку 1930-х гадоў скончылася падпісаннем «канкандарту». Паводле дамовы, Італія прызнала Ватыкан у якасці незалежнай краіны, а каталіцызм быў прызнаны італьянскай рэлігіяй.

З улікам таго, што каталіцызм застаўся асноўнай рэлігіяй італьянцаў, эксперымент са стварэннем фашысцкай рэлігіі відавочна страціў дынаміку. Веру ў Мусаліні давялося нейкім чынам інтэграваць у хрысціянскую тэму. Напрыклад, моладзевую секцыю фашысцкай партыі ў 1931 годзе абвясцілі «ваяўнічай і місіянерскай». Як пісаў тады сакратар руху фашысцкай моладзі, «рух Мусаліні пераняў метады тых пантыфікаў, біскупаў і місіянераў, якія валодалі мячом і крыжам, і выкарыстоўвалі нават катаванні і атруту ў імя ўлады і славы Царквы».

Але ідэя фашысцкай рэлігіі страціла перспектыву. Акрамя таго, нават самыя заўзятыя вернікі Мусаліні прызнавалі, што людзей у лепшым выпадку «прыцягвала сапраўды яскравая асоба дыктатара, а не вера ў каштоўнасці і догмы фашысцкай рэлігіі». Канчатковую кропку ў спробе стварыць новую рэлігію паставілі партызаны, якія ў 1944 годзе забілі і павесілі за ногі «рэінкарнацыю імператара Аўгуста».

У нейкім плане напрацоўкі дучэ развіў Гітлер, які ў 1936 годзе пасля мілітарызацыі Рэйнскай вобласці вырашыў, што знаходзіцца ў нейкіх містычных адносінах не толькі з людзьмі, але і з Богам. У яго прамовах сталі пераважаць псеўдарэлігійныя тэрміны. У ведамстве Гебельса пачалі рабіць спробы надаць Гітлеру рысы ўніверсальнага чалавечага месіі. Але хуткая вайна прымусіла адкласці гэтыя планы, вярнуцца да якіх ужо не давялося.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: