Каліфорнія. Дзясяткі загінулых

Амаль 70 загінулых у полымі пажараў, і звыш 600 зніклых без вестак. Такі папярэдні вынік стыхійнага бедства ў Каліфорніі.

Рассвет у водблісках полымя пажараў (Санта-Ана) Фота Рэйтэр)

У гэтым штаце цалкам згарэлі некаторыя населеныя пункты, як, да прыкладу, гарадок Парадайз. Людзі страцілі ўсе: дамы, маёмасць, аўтамабілі і, самае галоўнае, блізкіх і родных.

Судмедэксперты шукаюць парэшткі людзей у басейнах, у абгарэлых машынах — там, дзе яны спрабавалі або знайсці сховішча, або шукалі шляхі да выратавання з вогненнай пасткі.

 

Шэрыф і судмедэксперты выявілі парэшткі адной з ахвяраў у горадзе Парадайз. Фота Рэйтар

Улады тым часам спрабуюць засвоіць урокі гэтай прыроднай катастрофы, каб пазбегнуць яе паўтарэння ў будучыні.

Пра гэта, у прыватнасці, заявіў губернатар Каліфорніі Джэры Браўн, які адзначыў, што, "на шчасце, мы — багаты штат". Ён таксама сказаў, што "мы будзем сачыць за станам лясных масіваў, мы пастараемся ўлічыць у нашай будаўнічай палітыцы зробленыя памылкі, мы таксама маем намер збудаваць прытулкі, дзе б людзі маглі схавацца ад полымя, калі ўзнікне падобная сітуацыя. І так, нам давядзецца рэагаваць і на змены клімату, змяняючы нашы паводзіны".

 

Сабака-пошукавік дапамагае паліцыянтам шукаць ахвяраў на пажары. Фота Рэйтар

Белы дом паведаміў, што ў суботу ў Каліфорнію прыбудзе Дональд Трамп, ён мае намер сустрэцца з сем'ямі загінулых пагарэльцаў і з тымі, хто пацярпеў пры пажары, але выжыў. Усяго былі эвакуяваныя больш за 300 тысяч чалавек.

З-за змены кірунку ветру моцна задымленыя такія гарады, як Сан-Францыска і найбліжэйшы да яго Окленд. У школах адменены заняткі, зачынены і знакаміты універсітэт Берклі.

Пажар, які атрымаў назву "Кэмп" цяпер часткова ўзяты пад кантроль, для яго тушэння былі мабілізаваны звыш 9 тысяч супрацоўнікаў пажарнай аховы штата.


Паводле euronews.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: