«Каля 1,3 млрд. долараў наяўнымі». «Грошы Януковіча» ўпершыню вярнуліся з ЗША ў дзяржказну Украіны

У дзяржаўны бюджэт Украіны былі вернутыя 1,5 мільярда долараў, якія «належалі» сям'і і асяродку збеглага прэзідэнта Украины Віктара Януковіча. З іх 87% былі ў наяўнай форме, паведаміў у эфіры ўкраінскага тэлеканала намеснік міністра замежных спраў Украіны Яўген Енін.

«Гэта не нейкія міфічныя каштоўныя паперы, гэта 1,3 мільярда долараў наяўнымі і каля 200 мільёнаў долараў каштоўнымі паперамі», — распавёў Енін. Паводле яго слоў, вяртанне «грошай Януковіча» забяспечыла скарачэнне цяперашняга дзяржаўнага доўгу Украіны на паўтара мільярда долараў.

«Мы ўпершыню ў гісторыі двухбаковых стасункаў з ЗША вярнулі 600 тысяч долараў з амерыканскай зямлі», — распавёў Енін.

Намеснік кіраўніка МЗС Украіны падкрэсліў, што гаворка ідзе пра злачынную арганізацыю часоў кіравання Віктара Януковіча і яго бліжэйшага атачэння.

«Яны збіралі грошы з усёй Украіны, з усіх галін эканомікі, адмывалі іх спачатку ва Украіне, затым праз так званыя прадпрыемствы-хабы выводзілі гэтыя грошы ў міжнародныя "адмывачныя" цэнтры», — паведаміў намеснік міністра.

Яўген Енін адзначыў, што праца па вяртанні былых актываў Януковіча і яго атачэння працягваецца. Пра гэта паведаміла ўкраінскае агенцтва УНІАН.

22 лютага 2014 году Януковіч быў адхілены ад улады Вярхоўнай радай Украіны.

Супраць Януковіча былі распачатыя шматлікія крымінальныя справы. 4 лютага 2015 Вярхоўная рада Украіны прыняла закон аб пазбаўленні Віктара Януковіча звання прэзідэнта Украіны.

Паводле «Голасу Амерыкі».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: