Камедыя «дэль артэ» або феадальная разборка

«Беспрэцэдэнтна» — такое слова найбольш часта прысутнічае ў каментарах, прысвечаных цяперашняму франка-італьянскаму крызісу. Яшчэ ніколі ў гісторыі адна краіна ЕС не адклікала свайго пасла з краіны, якая таксама з’яўляецца сябрам аб’яднання. Чаго чакаць далей?

Міністр унутраных спраў Італіі Матэа Сальвіні падчас ток-шоў па тэлебачанні. Фота www.slate.fr

Практычна ўсе аглядальнікі, калі апісваюць цяперашні канфлікт Рыма і Парыжа, узгадваюць падзеі лета 1940 года. Тады 10 чэрвеня Мусаліні загадаў войску перайсці межы Францыі. Хаця італьянскія поспехі былі мінімальныя (яны страцілі 631 чалавека, у той час як французы — толькі 40), пераможцам кампаніі праз капітуляцыю Францыі аказалася Італія. У выніку апошняя акупавала частку паўднёва-ўсходняй Францыі, якую давялося вярнуць у 1944 годзе. Калі не лічыць супрацьстаяння футбольных зборных, з таго часу італьянцы і французы жылі ў стане амаль абсалютнай гармоніі.

Пакуль днямі не здарылася экстраардынарная рэч. 8 лютага Францыя адклікала амбасадара з Італіі — такое рашэнне прыняў МЗС Францыі пасля сустрэчы віцэ-прэм’ера Італіі Луіджы дзі Маё з лідарамі французскага руху «жоўтых камізэлек». Францыя настойвае на тым, што «на працягу некалькіх месяцаў застаецца аб’ектам абвінавачванняў, беспадстаўных нападаў і абуральных рэмарак» з боку італьянскіх уладаў.

Натуральна, гэта толькі вяршыня айсбергу. Няма паміж краінамі адзінства па пытаннях міграцыі і адказнасці за наступствы вайны ў Лівіі. Ёсць розныя погляды на схему фінансавання звышхуткай і, адпаведна, дарагой чыгуначнай лініі Турын—Ліён. Спрыяў casus belli і незвычайны скандал вакол спадчыны Леанарда да Вінчы. У кастрычніку Луўр збіраецца шырока адсвяткаваць 500-ю гадавіну славутага мастака і арганізуе вялікую выставу яго твораў. Аднак італьянскае міністэрства культуры бачыць у гэтым хітрую спробу зрабіць Леанарда да Вінчы французам, і таму адмаўляецца пазычыць Парыжу яго карціны.

Чаго чакаць далей? Для даведкі: наступны крок пасля адклікання амбасадара — разрыў дыпламатычных адносінаў. Аднак у любым выпадку гэта шок: у Еўрасаюзе звычайна падобныя рознагалоссі згладжваюцца келейна або падчас самітаў.

У пошуках адказу на згаданае вышэй пытанне далей за ўсіх пайшлі брытанскія таблоіды (яны звычайна падтрымліваюць Brexit і любяць троліць еўрапейскі праект). «Еўропа ў стане вайны. Італія і Францыя пачынаюць феадальную разборку», — шакуе загалоўкам выданне «Express». Такі прагноз — натуральна, перабор, хаця варта нагадаць: італьянскія нацыяналісты сапраўды лічаць працэс уніфікацыі Італіі няпоўным без далучэння да краіны ў тым ліку Корсікі і Ніцы.

Частка прэсы шукае прычыны канфлікту і, адпаведна, формулу яго вырашэння, у асабістых якасцях Макрона. «Тут прысутнічае нешта псіхічнае. З пачаткам сыходу Ангелы Меркель з публічнай сферы Макрон прэзентаваў сябе як новага лідара еўрапейскага неалібералізму. Аднак пратэсты «жоўтых камізэлек» затармазілі яго ўздым», піша «Independent». Такім чынам, можна спадзявацца, што хутка Макрон возьме сябе ў рукі і паспрабуе шукаць дыялогу з Рымам.

Праўда, пытанне, ці пойдуць італьянцы насустрач? Папулярная думка пра тое, што канфлікт будзе працяглым, бо антымакронаўскі слэнг — ледзь не цэмент, на якім трымаецца кааліцыя папулістаў у Італіі. Асоба Макрона з’яўляецца для іх інкарнацыяй ненавіснага лібералізму, што дапамагае канчаткова не пасварыцца.

Тое ж самае і з Макронам, які спрабуе за кошт канфрантацыі з італьянскімі папулістамі рэанімаваць сваіх прыхільнікаў перад травеньскімі выбарамі ў Еўрапарламент. Сваім учынкам прэзідэнт Францыі як бы дэманструе, што застаецца паслядоўным прыхільнікам ліберальнага бачання Еўропы. Сапраўды, прынцыповая пазіцыя Макрона спадабалася яго электарату.

Брытанская газета «The Guardian» заклікае не панікаваць. На думку яе калумніста, цяперашні канфлікт не будзе доўгім, ён, хутчэй, адносіцца да жанру «камедыі дэль артэ» — «камедыі масак». Рэмаркі, якімі абменьваюцца абодва бакі, не ўяўляюць пагрозу для еўрапейскага дома. Аднак аўтара непакоіць тое, што часткай унутранай палітыкай краінаў ЕС становіцца мова нянавісці. Такая рыторыка, маўляў, можа палярызаваць грамадства і ў выніку справакаваць крызісы накшталт Brexit.

Абсалютна люстэркава глядзіць на сітуацыю «Politico», якая бачыць у франка-італьянскім крызісе пазітыў для ЕС. На думку выдання, канфлікт прымушае абодва бакі думаць у еўрапейскім вымярэнні. Па факце пераможцу дуэлі вызначаць вынікі майскіх выбараў у Еўрапарламент, які на вачах становіцца вельмі аўтарытэтным інстытутам.

Нарэшце, самы незвычайны прагноз выдаў на канале «France24» палітолаг Паола Фельтрын. Ён лічыць, што фармальнага прымірэння паміж Францыяй і Італіяй доўгі час не будзе, а магчыма, не будзе ўжо ніколі, паколькі фармат адносінаў паміж краінамі будзе іншым. Па яго словах, недыпламатычны тон кантактаў паміж палітыкамі і дыпламатамі становіцца глабальным трэндам. Дастаткова паглядзець, як паводзіць сабе той жа Трамп, каб зразумець — дэфіцыт этыкету і брутальная лексіка становяцца ўніверсальнай характарыстыкай новай хвалі палітыкі.

Застаецца спадзявацца, што ўзаемнымі абразамі ўсё і абмяжуецца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!