Камітэт Вярхоўнай рады ўхваліў разрыў дамовы пра сяброўства з Расіяй

Спынiць дзеянне дамовы аб дружбе паміж РФ і Украінай прапанаваў Пётр Парашэнка. Камітэт рады па міжнародных справах аднагалосна падтрымаў такое рашэнне.
Камітэт Вярхоўнай рады Украіны па міжнародных справах у сераду, 5 снежня, аднагалосна ўхваліў законапраект аб разрыве Дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнёрстве паміж Украінай і Расійскай Федэрацыяй. Цяпер праект закона павінна ўхваліць Вярхоўная рада.

Спынiць дзеянне гэтага дагавора раней прапанаваў украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка, ён жа ўнёс законапраект на разгляд парламента як неадкладны. Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін заявіў аб магчымым разрыве каля 40 дагавораў паміж краінамі, але якіх менавіта, ён не ўдакладніў.

Пасля анексіі Расіяй украінскага паўвострава Крым і пачатку ўзброенага канфлікту ў Данбасе, дзе РФ актыўна падтрымлівае сепаратыстаў, ва Украіне пастаянна гучаць заклікі разарваць дамову пра сяброўства з Масквой. Нядаўні захоп расійскім спецназам украінскіх караблёў і іх экіпажаў на падыходзе да Керчанскага праліву яшчэ больш абвастрылі адносіны паміж Украінай і Расіяй.

РФ і Украіна падпісалі дамову аб дружбе ў маі 1997 года, пагадненне ўступіла ў сілу 1 красавіка 1999 года. Па ўмовах дамовы яна аўтаматычна працягваецца кожныя 10 гадоў, калі не менш чым за паўгода да заканчэння тэрміну дзеяння бакі не заяўлялі аб сваім выхадзе з пагаднення.

DW

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!