Кампенсацыя для дзядзькі Тома

За акіянам зноў збіраюцца выдаваць афраамерыканцам грошы за эксплуатацыю іх прашчураў у часы рабаўладання. Калі рэалізаваць ідэю, кожны нашчадак раба павінен атрымаць каля 140 тысяч долараў.

 Фота www.stihi.ru

Часам лепш маўчаць, чым гаварыць. Справядлі­васць гэтай прымаўкі давёў выпадак з Мітчам МакКонелам, лідарам рэспубліканскай большасці ў Сенаце. 18 чэрвеня ён нечакана выдаў рэзанансны пасаж адносна ідэі кампенсацыі для нашчадкаў рабоў. Сенатар сказаў, што ЗША не павінны несці адказнасць за тое, што адбывалася ў краіне 150 гадоў таму. Тым больш, на думку палітыка, калі адказных за тыя падзеі ўжо няма.

Заява абурыла ўвесь амерыканскі цэх юрыстаў. Калі пага­дзіцца з логікай рэспубліканца, атрымліваецца, што дзяржава нясе адказнасць выключна за жывых грамадзян. Другі абсурд выказвання заключаецца ў тым, што ўрад ЗША дасюль выплачвае кампенсацыі тым, чые прадзеды, будучы жаўнерамі, загінулі падчас Грамадзянскай вайны 1861–1865 гадоў. Нарэшце, ёсць прэцэдэнты і адносна этнічных групаў. За часамі Рэйгана ўрад ЗША выплаціў кампенсацыі памерам у 20 тысяч долараў амерыканскім грамадзянам японскага паходжання, якіх у час вайны прымусова інтэрнавалі ў спецыяльныя лагеры.

Прававая непісьменнасць сенатара дазволіла прыхільнікам ідэі кампенсацый узняць хайп па гэтым пытанні. Увогуле, упершыню ідэю кампенсацый або рэпарацый за рабства агучыў адзін з кангрэсменаў у 1989 годзе. Прапанову ўспрымалі, хутчэй, як кур’ёз прыкладна да 2014-га, калі выйшла некалькі тэматычных публікацый. З таго часу законапраект пра кампенсацыі або рэпарацыі, які зарэгістраваны ў Кангрэсе як Біль H.R.40, прысутнічае ў амерыканскай палітычнай павестцы і актыўна лабіруецца адной з фракцый дэмакратаў.

Натуральна, лепшым аргументам за прыняцце Біля H.R.40 з’яўляецца лічбавы баланс эпохі рабаўладання. Паводле некаторых гісторыкаў, за гэты час белыя амерыканцы забілі ў розных формах каля 1,4 мільярда рабоў. Прычым менавіта на іх эксплуатацыі і паўстаў эканамічны фундамент ЗША. На 1840 год амаль 50% гаспадарчай дзейнасці Злучаных Штатаў былі звязаныя з сектарам вытворчасці бавоўны. А на бавоўнавых плантацыях працавалі, як вядома, выключна рабы.

Даўно ўжо ідзе праца і над канчатковым рахункам за рабства, які павінна атрымаць амерыканская адміністрацыя. На гэты конт ёсць розныя калькуляцыі, аднак у любым выпадку сума атрымліваецца фантастычная — да 4,7 трыльёна долараў. Гэта азначае, што кожнаму афраамерыканцу належыць выплаціць каля 142 тысяч баксаў.

На контрзаявы пра тое, што бюджэт Злучаных Штатаў не пацягне такіх выдаткаў, ёсць свае довады. Па-першае, краіна канчаткова перагорне змрочную старонку сваёй гісторыі, якая таксічная нават зараз. Па-другое, кампенсацыі, маўляў, дазволяць шмат каму з афраамерыканцаў пачаць сваю справу, што, як вынік, дазволіць скараціць сацыяльна-эканамічную прорву паміж прадстаўнікамі розных расаў. На цяперашні дзень сярэднестатыстычная афраамерыканская сям’я акумулюе толькі 10 працэнтаў багацця адносна сярэдняй белай сям’і. Між тым, сацыяльная роўнасць грамадзян, як вядома, — адна з умоваў адзінства краіны.

Апаніруючы бок звяртае ўвагу на прававую недасканаласць ідэі рэпарацый. Калі ЗША пагодзяцца на рэпарацыі, то абкладуць адпаведным падаткам і нашчадкаў тых, хто змагаўся за ліквідацыю рабства. Таксама вядома, што галоўным звяном лагістыкі дастаўкі рабоў у Злучаныя Штаты былі розныя афрыканскія цары і князі. Менавіта яны палявалі на продкаў цяперашніх афраамерыканцаў і юрыдычна ператваралі іх у рабоў, якіх пасля прадавалі янкі. Такім чынам, адказных за інстытут рабства трэба шукаць на Чорным кантыненце.

Цікава, што сярод праціўнікаў H.R.40 хапае і афраамерыканцаў. Напрыклад, законапраект не падабаецца экс-прэзідэнту Бараку Абаму, які бачыць у кампенсацыях пагрозу для сацыяльнай мабільнасці афраамерыканцаў. Сістэма льготаў і без таго культывуе сярод іх паразітычны лад жыцця. Такія афраамерыканцы, як Абама, думаюць, што афіцыйных заяваў Кангрэса і Сената ў 2008–2009 гадах з выбачэннямі за часы рабства дастаткова, каб забыцца на мінулае і рухацца наперад.

На думку іншых чарнаскурых крытыкаў ідэі рэформы, тэма рабства — вельмі далёкая ад рэалій цяперашняй афраамерыканскай камуны. Значна больш важным выклікам для яе з’яўляецца крыміналізацыя. Сёння ў амерыканскіх турмах сядзіць мільён афраамерыканцаў, а смерць падчас крымінальных разборак — найбольш распаўсюджаная прычына гібелі для маладых чарнаскурых. Нарэшце, выплаты кампенсацый афраамерыканцам будуць адбывацца ў тым ліку за кошт падаткаў на белых амерыканцаў, што ўзмоцніць падзел паміж грамадзянамі і выкліча канфрантацыю.

Цяжка сказаць, хто мае рацыю ў гэтай дыскусіі. Тым не менш, нельга забывацца, што неўзабаве адбудуцца прэзідэнцкія выбары, а галасы афраамерыканскай грамады могуць быць вырашальнымі. Таму кампенсацыі могуць стаць адной з найважнейшых тэмаў дэбатаў кандыдатаў з самымі непрадказальнымі наступствамі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!