Каму належыць Арда?

Гэты год пройдзе пад знакам 750-й гадавіны стварэння Залатой Арды. Юбілей можа прынесці нам шмат сюрпрызаў.

www.pikabu.ru


Ад Іртышу на ўсходзе да Дуная на захадзе, ад Аральскага мора на поўдні да старадаўніх рускіх зямель уключна. Такую тэрыторыю ахопліваў Улус Джучы (старшы чын Чынгіз-Хана), што пазней гісторыкі пачалі называць Залатая Арда. З часам (Арда існавала да 1459 года) на яе землях паўсталі такія дзяржавы, як Расія, Украіна, Узбекістан, Казахстан і іншыя.

Цяпер няма сумневаў у тым, што для большасці з пералічаных краінаў юбілей стане важнай грамадскай падзеяй. Хаця б таму, што гэта можа абудзіць рэгіянальны гістарычны турызм. Зразумела, будучая гістарычная дата з’явіцца каталізатарам навуковага інтарэсу да гісторыі самай буйной сярэднявечнай дзяржавы Еўразіі.

Але таксама не абыдзецца без спробаў інструменталізаваць спадчыну Арды ў прагматычных мэтах. Усё праз тое, што нечакана ў канцэпце Арды палітычныя эліты пабачылі шмат пазітыву. Гэта выглядае, на першы погляд, трошкі дзіўна. Як ні круці, Арда была сярэднявечнай дзяржавай з адпаведнымі разуменнем годнасці індывідууму. Так, вядомы літаратар Васіль Ян, які вывучаў гэты перыяд, наступным чынам апісвае сцэны прыходу ардынцаў на Русь: «...яны кідалі ў полымя палаючых дамоў дзяцей, вырваўшы іх з рук маці, якіх затым на вачах ва ўсіх гвалтавалі, а затым адрэзалі ім грудзі, успорвалі жываты».

Аднак цяпер Арду трактуюць, як правіла, інакш. Напрыклад, казахскі афіцыёз прадстаўляе Арду як прыклад міжнацыянальнага і рэлігійнага міру. «У Залатой Ардзе, як і ў нашым Казахстане, не было рэлігійных войнаў, у ёй спакойна ўжываліся прадстаўнікі розных канфесій. Увогуле, карані міжэтнічнай і міжрэлігійнай талерантнасці, характэрнай для незалежнага Казахстану, узыходзяць да нашага агульнага золатаардынскага мінулага», — піша адзін з мясцовых прапагандыстаў. Са спасылкай на сярэднявечныя часы ў Астане намагаюцца апраўдаць існаванне моцнай прэзідэнцкай вертыкалі, і нават дынастычны прынцып перадачы ўлады.

Шмат чаго можна чакаць у наступным годзе і ад суседняга Узбекістану. Тут яшчэ некалькі гадоў таму Рустамжон Абдулаеў выдаў артыкул пра тое, што Узбекістан «мае права быць правапераемнікам усіх дзяржаў, якія з’явіліся на землях Арды». Сярод краін, на тэрыторыю якіх, на думку Абдулаева, можа і павінен прэтэндаваць Узбекістан, называліся Расія, Казахстан, Кіргызстан, Таджыкістан і Туркменістан. Каментуючы публікацыю, некаторыя сумняваліся ў ментальнай адэкватнасці аўтара. Іншыя звярталі ўвагу на тое, што інтэрнэт-рэсурс, які апублікаваў артыкул Абдулаева, з’яўляецца блізкім да спецслужбаў.

З узбекскай версіяй наўрад ці пагодзяцца ў Кыргызстане. У Бішкеку ў 2015 годзе выйшла кніжка пад характэрнай назвай «Вялікі Чынгіз-Хан быў кыргызам». Фішка тэорыі ў тым, што бацькі заснавальніка дынастыі Чынгізідаў, да якой належаў і Джучы, маўляў, былі этнічнымі кыргызамі.

Але самых незвычайных навінаў наконт разумення Арды варта чакаць з Расіі. Тут ужо пачалася пікіроўка наконт прыроды згаданай дзяржавы і яе месца ў расійскай гісторыі. Найбольш радыкальныя «ардафілы» прапануюць у 2019 годзе адзначыць не гадавіну заснавання Арды, а гадавіну заснавання… Расіі. На іх думку, Арда стала інкубатарам расійскай дзяржаўнасці, бо ў яе межах паўстала незвычайнае адзінства славянскага і цюркскага светаў. Не кажучы пра тое, што Маскоўскае царства ніколі не разрывала з ардынскімі традыцыямі, асабліва ў галіне мадэлі адміністрацыі.

Такі падыход выклікаў абурэнне сярод патрыётаў. «Словы пра «сінкрэтычны характар Залатой Арды» ёсць камуфляжам эпохі нацыянальнага прыніжэння рускага народа, насаджэння рабства і перашкоды прагрэсу. Гэтую эпоху, па сутнасці, пачаў ламаць толькі Пётр Вялікі», — піша адзін з такіх патрыётаў. У гэтых колах таксама папулярная думка пра тое, што юбілей Арды гальванізуе татарскі нацыяналізм.

Татары сапраўды збіраюцца шырока адзначаць круглую дату. У Казані адбудзецца галоўнае мерапрыемства ў рамках юбілею — вялікая міжнародная навуковая канферэнцыя. Аднак выступамі навукоўцаў справа не абмяжуецца. Ужо зараз частка татарскіх актывістаў ставіць перад Крамлём пытанне рубам: ці не прыйшоў час, каб пакаяцца за Кулікоўскую бітву?

«Маючы адбыцца 750-гадовы юбілей Залатой Арды павінен стаць пераломным у працэсе пераасэнсавання нашай агульнай спадчыны. Прыйшоў час канчаткова знішчыць рудыменты грамадзянскай вайны ў масавай свядомасці і пакончыць, як казаў Гумілёў, з «чорнай легендай» пра татар. Нельга дзяліць грамадзян і нашу агульную гісторыю. На гэтым будуецца падмурак нашага агульнага еўразійскага славяна-цюркскага, праваслаўна-мусульманскага свету», — піша адзін з казанскіх блогераў.

То-бок, міф пра татарскае нашэсце — фундамент расійскай афіцыйнай гісторыі, — павінен быць разбураны на самым высокім палітычным узроўні. Прычым у аматараў такой ідэі ёсць свой джокер. Прызнанне ардынскай спадчыны часткай расійскай дзяржаўнай традыцыі, быццам, можа дапамагчы казаць пра глыбінныя гістарычныя сувязі Расіі з Крымам, які, як вядома, таксама быў у складзе Залатой Арды.

У сувязі з гэтым не выключана, што юбілей Арды таксама будзе шырока адзначацца ў Кіеве, які выступае патронам крымскататарскага руху. Дарэчы, украінцы таксама былі моцна звязаныя з Ардой. Паводле легенды, заснавальнік украінскага казацтва казак Мамай быў нашчадкам ардынскага князя Мамая. Да таго ж, калі верыць тагачасным малюнкам, ён любіў граць на кобзе — украінскім варыянце цюркскага інструмента «кобыз».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!