Каму перашкаджаюць руны?

Шведскі ўрад абвясціў пра намер забараніць руны — старажытнае пісьмо скандынаваў, каб спыніць рост правага радыкалізму.

 Фота www.ok.ru

Увогуле, слова «руна» пахо­дзіць ад гоцкага слова «runa», што азначае «таямніца». Гэта вельмі трапна, паколькі навукоўцы дасюль не маюць канчатковай версіі наконт паходжання дадзенай формы пісьменнасці, якая да пашырэння хрысціянства дамінавала на поўначы Еўропы. Прыкладна да ХІІ стагоддзя, там-сям нават да ХІV-га, руны ўжываліся на тэрыторыі сучасных Даніі, Швецыі, Нарвегіі, Ісландыі і Грэнландыі. Сустракаюцца тэорыі, што свае руны былі таксама ў славян.

Пры гэтым доўгі час ніякага палітычнага падтэксту руны не мелі. Пасля таго, як рунічнае пісьмо выціснула лацінка, руны ўжывалі хіба што падчас варажбы. Палітыкі зацікавіліся рунамі толькі ў часы нацыянальнага рэнесансу ХІХ стагоддзя, калі сярод тых жа немцаў пайшла мода ганарыцца сваімі прашчурамі-германцамі, якіх, маўляў, баяўся нават Рым.

Хапала ў гэтых колах і эзатэрыкаў, якія бачылі ў рунах артэфакт нейкай таямнічай звышцывілізацыі. Адзін з іх, Гвіда фон Ліст сцвярджаў, што сістэму рунічнай пісьменнасці са спрадвечных часоў выкарыстоўвала чыстакроўная «раса» бялявых блакітнавокіх людзей пад назвай «арыі-германцы». Такія выслоўі, відавочна, рэзаніравалі з лозунгамі нямецкіх нацыстаў, якія хутка выйшлі на палітычную сцэну…

Не дзіўна, што пры нацыстах рунічныя знакі сталі часткай афіцыйнай сімволікі Германіі. Дастаткова ўзгадаць сімвал SS, які складалі дзве белыя руны S на чорным фоне. Сустракаюцца руны і на сімволіцы іншых вайсковых фарміраванняў або дзяржаўных арганізацый накшталт Гітлерюгенда. Нацысты выкарыстоўвалі ўсяго 14 рунаў, кажуць адмыслоўцы. Рунамі таксама любілі аздабляць зброю і розныя прадметы. Успадкавалі ідэі Ліста наконт «тайных арыйскіх пісьмёнаў» і наступныя генерацыі неанацыстаў.

І вось цяпер гэты трэнд, магчыма, знікне. Прынамсі, паводле слоў шведскага міністра юстыцыі Моргана Ёхансана, яго дэпартамент вывучае прапанову забараніць публічныя выявы рунаў. Калі чыноўнікі запусцяць заканадаўчы працэс, забарона можа ахапіць усе выявы старажытных рунаў, тэматычныя малюнкі і традыцыйныя ўпрыгожванні.

Асноўная прычына — актыўнае выкарыстанне рунаў адэптамі сучаснага шведскага неанацысцкага руху. Аспрэчваць гэты факт сапраўды цяжка. Як і тое, што прываблівая эстэтычная кампанента дапамагае розным палітычным структурам вербаваць новыя кадры, займацца рэкламай. Неанацысты, напэўна, тут не выключэнне. Праўда, можна паспрачацца, ці менавіта дзякуючы выявам рунаў Шведскія дэмакраты (вядучая палітсіла на мясцовым правым флангу) нарошчваюць сваю дэпутацкую квоту?

Гэта не адзіны папрок, які гучыць на адрас Ёхансана праз яго ідэю. Для шматлікіх шведаў руны — гэта частка культурнай і гістарычнай спадчыны. Калі ўжо забараняць руны, дык трэба забараняць увесь культурны прадукт эпохі вікінгаў, без якіх нельга ўявіць гісторыю краіны.

Да лагеру крытыкаў міністра далучыліся нават актывісты і ветэраны сацыял-дэмакратычнай партыі, сябрам якой з’яўляецца сам Ёхансан. Адзін з былых дэпутатаў-эсдэкаў напісаў у Twitter: «Наш урад падтрымлівае палітыку мультыкультуралізму, але высвятляецца, што ў нас (шведаў) пры гэтым не павінна быць уласнай культуры. Урад спрабуе цэнзураваць нашу ўласную культурную спадчыну і сцерці нашы карані».

Нажылі шведскія эсдэкі сабе ворагаў і ў асяроддзі неапаганцаў, якія моляцца багам дахрысціянскага пантэону. Тыя адразу пабачылі ў прапановах Ёхансана замах на свабоду рэлігійнага выбару, які, дарэчы, гарантаваны Канстытуцыяй. Гледзячы па ўсім, паганскі культ у Скандынавіі мае папуляр­насць. Інакш бы толькі за адзін дзень петыцыя ў абарону рунаў на неапаганскім сайце Nordiska Asa-Samfundet не сабрала б 13 тысяч подпісаў.

І гэта яшчэ без падключэння велізарнай арміі аматараў металу — субкультуры прыхільнікаў металічнай музыкі, якія часцяком ідэнтыфікуюць сябе праз руны і іншыя сімвалы германскай міфалогіі. Прычым у іх гэта адбываецца без палітычнага складніку, выключна паводле эстэтычных меркаванняў. Шмат хто з іх любіць насіць адпаведныя татуіроўкі. У сеціве ўжо жартуюць наконт таго, што ў шведскім бюджэце хутка бу­дзе створаны асобны артыкул, сродкі з якога пойдуць на тое, каб прыбіраць тату з рунамі з целаў шведаў.

Таксама незразумела, як трэба ў кантэксце новай палітыкі наконт рунаў ставіцца да славутай сагі Толкіена «Валадар пярсцёнкаў», для якой аўтар, як вядома, прыдумаў асобны рунічны алфавіт. Увогуле, у выпадку забароны рунаў у Швецыі давядзецца забараняць не толькі гэты твор. Пасля Толкіена руны з’яўляюцца часткай сучаснай масавай культуры, асабліва ў фэнтэзі-літаратуры.

Як бачым, пакуль ідэя Ёхансана выглядае ўтапічнай. Аднак на дадзеным этапе прамежкавае рашэнне застаецца ўсё роўна за чыноўнікамі. Акрамя таго, эксперты, якія вывучаюць шведскую правую сцэну, лічаць забарону рунаў слушнай. Гэтыя знакі, па іх словах, у мола­дзевым асяроддзі даўно сталі эрзацам свастыкі. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!