«Камуністы Расіі» просяць Андрэя Макарэвіча адмовіцца ад расійскага грамадзянства

Партыя «Камуністы Расіі» нават гатовая звярнуцца да Пятра Парашэнкі з просьбай прадаставіць музыку ўкраінскі пашпарт.



Лідэр партыі «Камуністы Расіі» Максім Сурайкін падрыхтаваў ліст да музыкі Андрэя Макарэвіча, у якім просіць яго адмовіцца ад расійскага грамадзянства. Як заўважыў камуніст, апошнія некалькі месяцаў Макарэвіч дапускае правакацыйныя выказванні не толькі ў адрас улады і грамадства, але і Расіі як дзяржавы. Таксама Сурайкін абураны тым, што Макарэвіч асабліва падкрэслівае сваё станоўчае стаўленне да сённяшніх украінскіх уладаў і здымаецца ва ўкраінскіх агітацыйна-асветніцкіх роліках, у якіх дапускае правакацыйныя ацэнкі дзеянняў СССР.

Як распавёў Сурайкін, у выпадку згоды музыкі адмовіцца ад расійскага грамадзянства «Камуністы Расіі» гатовыя хадайнічаць перад адміністрацыяй прэзідэнта Украіны аб прадастаўленні Андрэю Макарэвічу ўкраінскага пашпарта.

1 мая гэтага года на відэахостынгу ў інтэрнэце з’явіўся відэаролік з удзелам Андрэя Макарэвіча, зроблены для ўкраінскага тэлебачання. Сам ролік прысвечаны 70-гадоваму юбілею перамогі над фашызмам, аднак вядомы музыкант таксама распавёў у ім і пра агрэсію СССР у дачыненні да Польшчы ў верасні 1939 года, заявіўшы, што СССР сумесна з Германіяй «раздзярбанілі» ўсходнееўрапейскую дзяржаву.

«Макарэвіч паводзіць сябе так, што ён больш падобны на ўкраінскага патрыёта ў горшым сэнсе гэтага слова, чым на грамадзяніна і патрыёта Расіі. Трэба быць, напэўна, да канца паслядоўным і лагічным і звярнуцца да прэзідэнта Украіны, з якім у яго, відавочна, вельмі цёплыя адносіны, на прадмет атрымання ўкраінскага грамадзянства, — сказаў Максім Сурайкін. — Пры гэтым трэба адмовіцца ад расійскага пашпарта, раз ён мае такую непрыязнасць да сваёй краіны і яе палітычнай пазіцыі. Большасць нашых грамадзян не падзяляюць яго перакананняў, і з гэтым яму пара змірыцца».

Таксама лідэр «Камуністаў Расіі» адзначыў, што партыя гатовая звярнуцца ў адміністрацыю прэзідэнта Украіны з просьбай прадаставіць Макарэвічу ўкраінскае грамадзянства.

Сам Андрэй Макарэвіч у адказ заўважыў, што Максіму Сурайкіну, які прапанаваў яму адмовіца ад грамадзянства Расіі, лепш заняцца сваімі камуністычнымі справамі, чым шукаць папулярнасць вакол імя музыкі.

З’яўленне Макарэвіча ў відэароліку для ўкраінскага тэлебачання з’яўляецца не першай прэтэнзіяй да музыканта з боку расійскай грамадскасці. У жніўні мінулага года расійскія дэпутаты назвалі антырасійскім выступ Андрэя Макарэвіча ва ўсходняй Украіне перад прыхільнікамі кіеўскіх уладаў і заклікалі пазбавіць музыканта дзяржаўных узнагарод. У сакавіку гэтага года музыка, выступаючы ў Беларусі перад мясцовымі прыхільнікамі, казаў пра традыцыі рускіх «гадзіць».

У расійскім парламенце ацанілі і апошні відэаролік Макарэвіча. Так, член КПРФ Аляксандр Юшчанка назваў яго «русафобскім пляўком у расійскую гісторыю, які з дапамогай дробных фальсіфікацый спрабуюць прадаць ўкраінскаму гледачу». На думку іншага дэпутата Дзярждумы Яна Зялінскага, вядомы музыкант сваімі паводзінамі і выказваньнямі сам даў зразумець, што не звязвае сваю будучыню з Расіяй.

«Я мяркую, што ён сам ужо прыняў рашэнне аб пераходзе пад ўкраінскую юрысдыкцыю. Пра гэта сведчыць градус агрэсіі ў яго выказваннях з нагоды Крыму, цяперашняй улады, рускіх увогуле. Але цяпер ён гэтага не робіць, паколькі, думаю, мае некаторую дамоўленасць з уладамі Украіны зрабіць гэта прыгожа, а менавіта набыць статус праўдаруба, якога ганіць сістэма, які пацярпеў ад цяперашняй улады, —лічыць расійскі дэпутат. — Калі ўсё гэта дасягне піка, Макарэвіч зможа стаць грамадзянінам Украіны як палітычны ўцякач і пры гэтым набудзе арэол героя для самога сябе».

Известия

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: