Канада на шляху да папулізму

Нягледзячы на супярэчлівыя крокі адміністрацыі Дональда Трампа, яго імя застаецца факелам для папулістаў ва ўсім свеце. Наступнай ахвярай «эфекту Трампа» некаторыя палітолагі называюць суседнюю Канаду.

Фота www.peopleandcountries.com

У амерыканскім ліберальным дыскурсе Канада ўспрымаецца як запасны аэрадром. Амерыканцы прагрэсіўных поглядаў лічаць, што ў крытычнай сітуацыі заўжды можна будзе паспець дабегчы да канадскай мяжы. Нездарма сінхронна з навінамі пра перамогу Трампа «лёг» сайт канадскай міграцыйнай службы — занадта шмат амерыканцаў хацелі атрымаць доступ да інфармацыі пра правілы міграцыі на Поўнач.

Тое, што лібералы ЗША разглядаюць у якасці палітычнага прытулку менавіта Канаду, шмат у чым тлумачыцца феноменам Джастына Трудо, 45-гадовага прэм’ера ад ліберальнай партыі, які выглядае антаганістам Трампа. Ён падтрымлівае жаночы рух і сэксуальныя меншасці, абараняе прынцып празрыстасці прыняцца рашэнняў, пашырае квоту для мігрантаў, аператыўна рэагуе на гуманітарныя катастрофы за мяжой.

Між тым, апошні час канадская і еўрапейская прэса ўсё часцей заклікае янкі — аматараў размяняць амерыканскую прапіску на канадскую, — не спяшацца. На іх думку, славутая ліберальная Канада не мае імунітэту супраць папулізму, пра што ў тым ліку яскрава сведчаць рапарты сацыёлагаў.

Паводле апошніх апытанняў, 80 працэнтаў канадцаў лічаць, што ўлада адарвалася ад народу. Кожны другі жыхар краіны занепакоены ростам колькасці мігрантаў. Яшчэ адзін якасны індыкатар пагрозы папулісцкай рэвалюцыі — нізкая ступень даверу да прэсы (каля 40 працэнтаў). Не дзіўна, што аўтарытэтнае выданне «Toronto Star» б’е ў званы: «Сістэма разбураная. Ніхто ў яе не верыць. Надзей на захаванне цяперашняй мадэлі больш няма».

Падставы для антысістэмных настрояў, у прынцыпе, трывіяльныя. Краіна даволі шмат часу не здольная прайсці курс рэабілітацыі ад наступстваў фінансавага крызісу 2008-га. З таго часу назіраецца стагнацыя заробкаў, скарачэнне інвестыцый у публічныя службы, высокі ўзровень беспрацоўя і, як следства, рост эксплуатацыі персаналу.

З падобнымі праблемамі сутыкнулася большасць краін Захаду, аднак у Канадзе стан рэчаў яшчэ горшы. Ніводная з партый істэблішменту не ўспрымаецца як рэальная альтэрнатыва. Па-сутнасці, згаданы Джастын Трудо быў шмат для каго апошняй надзеяй на тое, што традыцыйныя палітструктуры здольныя нешта зрабіць. Негалосна лічылася, што ён нейкім чынам тэлепартуе краіну ў сытыя 1970-я гады, калі Канадай кіраваў яго бацька. Аднак праз шмат прычынаў кабінет Трудо працягвае антысацыяльны курс папярэдняга ўраду кансерватараў, ствараючы запыт на мясцовую версію Трампа.

І такі чалавек ужо з’явіўся. Яго імя Кевін О’Леары. У яго і Дональда Трампа шмат агульнага. Абодва паспяховыя бізнесоўцы (праўда, канадзец скалаціў капітал у сферы новых тэхналогій). Абодва маюць вельмі паспяховы досвед у якасці вядучых тэлешоў. О’Леары, як і цяперашняму гаспадару Белага дома, уласцівы вельмі развязаны стыль камунікацыі, схільнасць да брутальных ацэнак.

Абодва з’яўляюцца прыхільнікамі кансерватыўных каштоўнасцяў — вераць у патэнцыял свабоднага бізнесу, які трэба вызваліць ад падаткаў і забяспечыць дамінаванне на ўнутраным рынку за кошт пратэкцыянісцкіх захадаў. Абодва выступаюць за больш шырокую аўтаномію суб’ектаў федэрацыі. О’Леары ўвогуле ў выпадку перамогі абяцае ператварыць Канаду ў канфедэрацыю па прыкладзе Швейцарыі.

Што тычыцца знешнепалітычных поглядаў, дык О’Леары выступае за тое, каб Канада адмовілася ад удзелу ў знешнепалітычных акцыях, напрыклад, бамбардзіроўках цэнтраў Ісламскай дзяржавы ў Іраку і Сірыі. На яго думку, прыярытэт канадскай знешняй палітыкі — абарона межаў з дапамогай новых тэхналогій. Аднак пры гэтым ён пазіцыянуе сябе прыхільнікам захавання NАТО. Сваё стаўленне да пуцінскай Расіі ён выказаў наступным чынам: «Расія для нас — не саюзнік, але і не вораг».

Як і Трамп, О’Леары ніколі не быў партыйным функцыянерам і мае намер выкарыстаць у якасці платформы для паходу ва ўладу мясцовую кансерватыўную партыю.

Яшчэ 18 студзеня ён абвясціў пра старт сваёй кампаніі за тое, каб стаць лідарам кансерватараў на федэральных выбарах 2019 года. І, як у выпадку з Трампам, які эксплуатаваў брэнд і структуры рэспубліканцаў, наменклатура кансерватараў не ў захапленні ад такога сцэнару. Адзін з лідараў кансерватараў назваў О’Леары «турыстам».

Ёсць, аднак, і адрозненні. Перш за ўсё, О’Леары нарадзіўся ў сям’і мігрантаў. Яго бацька — ірландзец, а маці ліванка (дарэчы, легендарная канадская бізнесвумен). Магчыма, таму «канадскі Трамп» не такі катэгарычны наконт мігрантаў. Ён гатовы пускаць іншаземцаў у Канаду пры ўмове, што тыя маюць дыпломы ВНУ. Канадзец больш за Трампа паважае традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. У яго біяграфіі быў толькі адзін шлюб, у выніку якога нарадзілася двое дзяцей. Ён таксама больш талерантна, чым Трамп, ставіцца да пытання легалізацыі марыхуаны і правоў на аборты.

У любым выпадку, самае цікавае пачнецца ў маі, калі кансерватыўная партыя збярэцца на выбары новага правадыра. Кан’юнктура яўна спрыяе О’Леары. На гэтым тыдні Канада заявіла пра тое, што ўзмацняе кантроль на мяжы з ЗША праз рост колькасці выпадкаў нелегальнага пераходу мяжы патэнцыяльнымі ўцекачамі. У масе сваёй уцекачы, якія накіраваліся ў Канаду, раней марылі пра прытулак у Злучаных Штатах. Паколькі з-за жорсткай антыміграцыйнай палітыкі Трампа ім яўна нічога не свеціць, даводзіцца абіраць канадскі варыянт. Шмат хто лічыць, што за наплыў мігрантаў нясе адказнасць Джасцін Трудо, які зрабіў Канадзе імідж краіны, што гатова прымаць любую колькасць уцекачоў.

Але для балаціроўкі ў федэральныя прэм’еры ў О’Леары не хапае адной дробязі. Ён не валодае французскай мовай, што робіць яго чужым у вачах франкафонаў-квебекцаў. Так што, пакуль вы чытаеце гэты артыкул, канадскі Трамп ва ўсю вывучае мову Вальтэра. Часу ў яго, трэба прызнаць, няшмат.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: