Канцлеру Аўстрыі Курцу могуць абвясціць вотум недаверу

Рашэнне аб вынясенні вотуму недаверу канцлеру Аўстрыі Себасцьяну Курцу могуць прыняць на экстраным пасяджэнні парламента ў панядзелак.

 Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц

Канцлеру Аўстрыі Себасцьяну Курцу могуць аб'явіць вотум недаверу. Пра гэта паведаміў старшыня ніжняй палаты аўстрыйскага парламента Вольфганг Саботка ў нядзелю, 26 траўня. Вотум недаверу можа быць вынесены ў панядзелак на экстраным пасяджэнні парламента.

Скліканне гэтага пасяджэння стала вынікам ўрадавага крызісу ў Аўстрыі. Яго справакавала публікацыя відэазапісаў нямецкімі выданнямі “Spiegel” і “Süddeutsche Zeitzung”, на якіх былы віцэ-прэм'ер Аўстрыі Хайнц-Крысціян Штрахе размаўляе з нейкай меркаванай багатай расіянкай, якая прапануе грошы і падтрымку на выбарах у абмен на зваротныя паслугі. Відэа было апублікаванае 17 траўня, а знятае ў ліпені 2017 года на Ібіцы.

Развал урадавай кааліцыі

Пасля скандалу кіраўнік Аўстрыйскай народнай партыі (АНП) Себасцьян Курц разарваў кааліцыйнае пагадненне з правапапулісцкай Аўстрыйскай партыяй свабоды (АПС), абвінаваціў яе ў падрыве рэпутацыі Аўстрыі і заклікаў правесці датэрміновыя выбары. Міністры ад АПС пакінулі свае пасады, іх замянілі прадстаўнікі АНП.

Прэзідэнт Аўстрыі Александэр Ван дэр Беллен пасля перамоваў з Курцам выступіў за правядзенне датэрміновых выбараў у верасні. Па дадзеных экзітполаў, на выбарах у Еўрапарламент АНП заняла першае месца і набрала 34,5 працэнта галасоў. На другім месцы Сацыял-дэмакратычная партыя Аўстрыі, АПС — толькі на трэцім месцы з 17,5 працэнта галасоў.

Паводле www.dw.com


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!