Кандыдат у кацлеры Нямеччыны выказаўся за новыя санкцыі супраць Лукашэнкі

Армін Ляшэт, старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу, які ўваходзіць у кіроўную кааліцыю ў Нямеччыне, лічыць, што Еўрасаюз павінен увесці дадатковыя санкцыі, каб «мэтанакіравана аказаць ціск на Лукашэнку», піша Свабода.
Пра гэта Армін Ляшэт, які займае пасаду прэм’ер-міністра нямецкай федэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія і з'яўляецца кандыдатам у канцлеры ад Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу, сказаў у інтэрвію Deutsche Welle.

Гаворачы пра новы пакет санкцый, які рыхтуе Еўрасаюз супраць Мінска, Ляшэт адзначыў:

«Мы вырашылі ўнесці ў санкцыйныя спісы функцыянераў, якія датычныя да парушэнняў правоў чалавека наўпрост ці ўскосна. І часткова гэтыя функцыянеры актыўныя ў эканамічнай сферы, уключаючы і самога Лукашэнку. І ў дачыненні да іх актываў, іх фірмаў павінен быць уведзены санкцыйных рэжым Еўрасаюзу. Гэтага яшчэ не адбылося. І маё жаданне заключаецца ў пашырэнні санкцый, каб мэтанакіравана аказаць ціск на Лукашэнку».

У кастрычніку, лістападзе і снежні Еўрасаюз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным спісе ЕС цяпер 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЕС. У спіс уваходзіць Аляксандр Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Церцель, старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч, генпракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама суддзі і чальцы выбарчых камісій.

Сярод іншага, ЕС увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў:

ЗАТ «Белтэхэкспарт»
«Дана Холдынгз/Дана Астра»
Кіраўніцтва спраў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
ТАА «Сінэзіс»
ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод»
ААТ «140-ы рамонтны завод»
ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: