Канфедэрацыя працы Расіі выступіла ў падтрымку беларускіх страйкоўцаў

Выканаўчы камітэт Канфедэрацыі працы Расіі (КПР) прыняў заяву аб сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Выканкам КПР выказаў салідарнасць з патрабаваннямі беларускіх рабочых.


У заяве гаворыцца, што члены прафсаюзаў, якія ўваходзяць у канфедэрацыю працы Расіі, лідары і актывісты КПР з трывогай і непакоем назіраюць за падзеямі ў Рэспубліцы Беларусь.

9 жніўня ў краіне прайшлі прэзідэнцкія выбары. Абвешчаныя вынікі галасавання выклікалі недавер у грамадзян Рэспублікі Беларусь, масавыя пратэсты вывелі на вуліцы тысячы людзей. Супраць пратэстоўцаў былі ўжытыя жорсткія гвалтоўныя меры з боку праваахоўных органаў. Гэтыя дзеянні суправаджаліся зусім неапраўданым ужываннем спецыяльных сродкаў, шматлікімі затрыманнямі, збіццём і ўжываннем катаванняў. У адказ на відавочна незаконныя дзеянні сілавых структур работнікі прадпрыемстваў і ўстаноў Рэспублікі Беларусь звярнуліся да пратэстных калектыўных дзеянняў у розных формах, канстатуюць у КПР.

«Шэраг важных для эканомікі краіны прадпрыемстваў спыніў сваю працу. Пачаўся працэс стварэння страйкавых камітэтаў для падрыхтоўкі да ўсеагульнага страйку ў падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў у Рэспубліцы Беларусь. Страйкоўцы неадкладна сутыкнуліся з сур’ёзным адміністрацыйным і сілавым ціскам з боку ўладаў і адміністрацыі прадпрыемстваў. У цяперашні час ідуць затрыманні членаў забастовачных камітэтаў прадпрыемстваў, набірае моц хваля незаконных звальненняў, псіхалагічнага і сілавога ўздзеяння на работнікаў», — адзначае Канфедэрацыя працы Расіі.

КПР выказвае салідарнасць з патрабаваннямі страйкоўцаў і пратэстоўцаў работнікаў аб арганізацыі Нацыянальнага грамадзянскага дыялогу, аднаўлення інстытута сумленных выбараў у краіне, вызваленні палітычных зняволеных і таксама грамадзян, затрыманых падчас акцый пратэсту.

«Мы падтрымліваем патрабаванні нашай брацкай арганізацыі, — Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, — аб неабходнасці дэмакратычнага рэфармавання працоўнай сферы краіны, адмены сістэмы тэрміновых кантрактаў, поўнага аднаўлення працоўных, грамадзянскіх і сацыяльных правоў працоўных Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў заяве.

КПР патрабуе ад дзеючых беларускіх уладаў усіх узроўняў, ад адміністрацый прадпрыемстваў і іх службаў бяспекі «спыніць любы ціск на страйкоўцаў і членаў іх сем’яў, спыніць незаконныя звальненні і вызваліць усіх затрыманых у сувязі з вытворчымі калектыўнымі дзеяннямі».

Апроч таго, Канфедэрацыя працы Расеі заклікала работнікаў Расіі, Украіны, Малдовы, Кыргызстана, Казахстана і іншых краін постсавецкай прасторы супрацьдзейнічаць намерам уладаў Рэспублікі Беларусь замяніць страйкоўцаў работнікаў штрэйкбрэхерамі з нашых краін.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: