Каралеўскае вяселле і жахі фундаменталістаў: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў

Пікантныя дэталі біяграфіі нявесты прынца Гары, акцыі пратэсту ў сектары Газа, страляніна ў амерыканскіх школах — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.

На фоне пераносу амерыканскай амбасады ў Ерусалім у сектары Газа пачаліся акцыі пратэсту. Ізраільскія салдаты вялі агонь на паражэнне па ўдзельнікам беспарадкаў. Каля 60 чалавек, у тым ліку дзесяць дзяцей, загінулі. Трагедыя ў Газе матывавала мастака Фадзі Абу Хасана (Fadi Abou Hassan) параўнаць гэтыя падзеі з фашысцкай бамбардзіроўкай Гернікі.


У Англіі адбылася цырымонія шлюбу прынца Гары і акторкі Меган Маркл. Напярэдадні ў жоўтай прэсе смакавалі падрабязнасці з біяграфіі нявесты, якія ўяўляюць пагрозу аўтарытэту брытанскай манархіі. Праблемы манархістаў з гэтай нагоды ілюструе карыкатура ў выданні The Guardian. На малюнку адзін з патрыётаў пералічвае недахопы нявесты: амерыканка, разведзеная, мае афра-амерыканскае паходжанне, актрыса. Зрэшты, па яго словах, не ўсё так дрэнна, паколькі Меган Маркл усё ж такі не францужанка.

Пераможцам музычнага конкурсу «Еўрабачанне» ў 2018 годзе стала Нета, прадстаўніца Ізраіля. Гэта наўрад ці спадабалася ісламскім фундаменталістам. На малюнку нямецкага выдання Tageszeitung радыкал на сеансе ў псіхіятра кажа, што яму прысніўся страшны сон — перамога ізраільцян. Псіхіятр супакойвае пацыента: "Гэта быў не жудасны сон. Проста ізраільцяне выйгралі "Еўрабачанне".



У ЗША за адзін дзень аж два выпадкі страляніны з чалавечымі ахвярамі ў школах. 19 мая пры стральбе ў адной з школаў Тэхаса загінулі 10 чалавек, яшчэ 10 былі параненыя. У той жа дзень у штаце Джорджыя невядомы адкрыў стральбу падчас школьнай выпускной цырымоніі. У выніку атрыманых траўмаў адна з жанчын памерла. Рэгулярнасць такіх выпадкаў, як сумна іранізуе выданне amNew York, дазваляе стварыць шаблон штодзённай амерыканскай газеты. На першай яе старонцы штодня можна было б смела ставіць загаловак «Масакра з выкарыстаннем зброі».

І дыстанцуючыся ад палітыкі. У мусульманскім свеце пачаўся святой месяц Рамадан, які патрабуе ад вернікаў трымаць пост. Аўстрыйскі мастак Марыян Каменскі (Marian Kamensky) нагадвае, як нялёгка прыходзіцца цяпер мусульманскім дзецям у еўрапейскіх школах. «Прыемнага Рамадана, Ахмет!», — крычаць персанажы яго малюнка.

***
Паглядзіце таксама папярэднія агляды сусветнай карыкатуры. А якія тэмы былі б цікавыя вам? Пішыце ў каментарах!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць