Каронавірус руйнуе авіякампаніі. Многія не дацягнуць да лета без дапамогі

Нябачаны крызіс у авіяцыі развіваецца імкліва, і галіна ўжо не верыць, што авіякампаніі перажывуць успышку каронавіруса без дапамогі ўладаў і грошай падаткаплацельшчыкаў.
Спачатку Азія, а следам Еўропа і Амерыка закрылі паветраныя прасторы ў надзеі спыніць эпідэмію. Большасць авіяліній вымушана скарацілі палёты да мінімуму. Самалёты стаяць на зямлі, квіткі не прадаюцца. Але зарплату і даўгі ўсё роўна даводзіцца выплачваць.

Такімі тэмпамі авіяцыя доўга не працягне — першых банкруцтваў можна чакаць ужо да лета, папярэджваюць эксперты і кіраўнікі авіякампаній. У панядзелак тры альянсы, на якія прыпадае палова сусветнага флоту, у сумеснай заяве папрасілі падтрымкі ва ўладаў і аэрапортаў.

«Гэты выключны час патрабуе экстраардынарных мер, — не скупіліся на эпітэты кіраўнікі Oneworld, SkyTeam і Star Alliance. — Беспрэцэдэнтная сітуацыя, выкліканая ўспышкай каронавіруса, уяўляе смяротную пагрозу для авіяцыйнай галіны».

Адны лічаць, што бягучыя абмежаванні на пералёты ў свеце нанясуць сур’ёзныя страты толькі ў тым выпадку, калі будуць доўжыцца больш за два-тры месяцы. Іншыя настроены панічна.

«Да канца траўня большасць авіякампаній у свеце будуць банкрутамі. Улады і галіна павінны дзейнічаць узгоднена і без прамаруджання, калі мы хочам пазбегнуць катастрофы», — напісаў галіновы партал Centre for Aviation (CAPA).

Чым дапамагчы?

Улады ЗША, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Нідэрландаў, Бразіліі і Расіі, сярод іншых, ужо паабяцалі дапамагчы авіятарам, але пакуль не вызначыліся, якім менавіта чынам.

Пусты самалёт — прыкмета нашых дзён

Пусты самалёт — прыкмета нашых дзён

Самі авіякампаніі прасілі ва ўрадаў падатковых вакацый і паслабленняў: зніжэння збораў з пасажыраў або за пералёты. А ў аэрапортаў — зніжак на паркоўку самалётаў, якія вымушана прастойваюць.

Пакуль што яны дамагліся толькі прыпынення правілаў размеркавання слотаў у аэрапортах, якія абавязваюць выкарыстоўваць іх на 80% — ці пазбавіцца. Каб захаваць іх, авіякампаніі ганялі паўпустыя самалёты, і да іх пратэстаў паступова далучыліся змагары з глабальным пацяпленнем. Улады пайшлі насустрач.

Амерыканская FAA вызваліла ад гэтага правіла слоты ў сямі аэрапортах да 31 траўня. ЕС прыпыніў яго да чэрвеня для палётаў у Азію, але паабяцаў зрабіць тое ж і для іншых маршрутаў. Зараз улады ЕС афармляюць гэтае рашэнне.

Іншую просьбу еўрапейскіх перавозчыкаў яны пакуль не пачулі: адтэрмінаваць увод новых паліўных збораў і іншых падаткаў, закліканых стымуляваць пераход Еўропы ў зялёную будучыню.

«Еўрапейскім авіякампаніям давядзецца перажыць вельмі няпростыя часы, і відавочна, што для выжывання галіны спатрэбіцца ўзгодненая падтрымка з боку ўладаў», — сказаў Ёхан Лундгрэн, кіраўнік EasyJet, аднаго з пяці найбуйнейшых перавозчыкаў Старога Свету.

Яго калегі наперабой дзеляцца асцярогамі. Вось што яны казалі ў апошнія дні.

Шэф Finnair Топі Манер:

«Цяпер ужо ясна, што каронавірус — самы сур’ёзны крызіс у гісторыі авіяцыі».

Кіраўнік British Airways Алекс Круз:

«Авіяцыя сутыкнулася з крызісам сусветнага маштабу, ён горшы, чым Sars і 9/11 (тэракты ў ЗША 11 верасня 2001 года). Мы больш не ў сілах падтрымліваць бягучы ўзровень найму, і нам прыйдзецца скарачаць працоўныя месцы: можа, ненадоўга, а можа , і не».

Шэф Delta Эд Бастыян:

«Ніколі раней мы не былі сведкамі такога імклівага скарачэння попыту».

Кіраўнік IAG (уладальнік British Airways, Iberia, Vueling і Aer Lingus) Уілі Ўолш:

«У нас сур’ёзнае падзенне колькасці браняванняў на ўсіх напрамках і ва ўсіх авіялініях, і мы чакаем, што попыт застанецца млявым па меншай меры да сярэдзіны лета».

Кіраўнік IATA (Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту) Аляксандр дэ Жуньяк:

«Ці будзе банкруцтва, залежыць ад працягласці і інтэнсіўнасці крызісу. Калі спад будзе такім жа істотным, як цяпер, і будзе доўжыцца больш за два-тры месяцы, тады авіякампаніі сутыкнуцца з цяжкасцямі».

Рычард Марыярці, начальнік брытанскага Упраўлення грамадзянскай авіяцыі (Civil Aviation Authority):

«З такімі цяжкасцямі авіяцыя і турындустрыя ніколі не сутыкаліся. І чым даўжэй гэта будзе працягвацца, тым ніжэйшыя шанцы выжыць у некаторых кампаній».

Большасць лайнераў ВА ў бліжэйшыя тыдні нікуды не паляцяць

Хто выжыве?

Далёка не ўсе моляць аб дапамозе.

Перш за ўсё праблемы паўсталі ў моцна закрэдытаваных кампаній. Частку з іх крызіс заспеў ў стадыі актыўнага пашырэння бізнесу, і канкурэнты, якіх яны хацелі пасунуць, будуць лабіяваць супраць арашэння галіны грашыма падаткаплацельшчыкаў.

Рычард Брэнсан, які валодае Virgin Atlantic на паях з амерыканскай Delta, прапанаваў брытанскаму ўраду падтрымаць авіякампаніі ільготамі і крэдытамі амаль на 10 млрд долараў.

Аднак IAG, якая валодае канкуруючай з ім British Airways, тут жа выступіла супраць датацый — у яе салідная падушка бяспекі ў выглядзе 11 млрд долараў наяўных, і яна ўжо ўдала адгаварыла ўлады ратаваць першую ахвяру крызісу — рэгіянальную Flybe.

«У гэтым крызісе козыр — кэш», — кажа Майкл Даф з The Airline Analyst.

На яго думку, найбуйнейшыя авіялініі, якія лётаюць на прыбытковых трансатлантычных маршрутах, перажывуць крызіс, калі ён будзе доўжыцца ад трох месяцаў да паўгода.

«А вось другарадныя гульцы, а таксама рэгіянальныя авіякампаніі і нацыянальныя перавозчыкі ў Еўропе стаяць перад пагрозай знікнення», — мяркуе ён.

Найбуйнейшыя бюджэтныя авіякампаніі Еўропы Ryanair і EasyJet паставілі большасць самалётаў на стаянку і не выключаюць поўнага спынення палётаў

Найбуйнейшыя бюджэтныя авіякампаніі Еўропы Ryanair і EasyJet паставілі большасць самалётаў на стаянку і не выключаюць поўнага спынення палётаў

Заходнія краіны павінны выступіць адзіным фронтам і падтрымаць авіякампаніі, інакш галіна паўстане з попелу цяперашняга крызісу зусім у іншай канфігурацыі, пішуць аналітыкі Centre for Aviation.

Пераможцамі выйдуць авіякампаніі, за якімі стаяць дзяржавы, абцяжараныя геапалітычнымі амбіцыямі. Накшталт Кітая ці арабскіх краін. Амерыканцы пры падтрымцы ўплывовых прафсаюзаў напэўна даб’юцца субсідый. Некаторыя краіны Еўропы падтрымаюць сваіх.

«А вось у прыватных авіякампаній перспектывы далёка не такія вясёлкавыя», — дадаюць эксперты Centre for Aviation і папярэджваюць, што свет, у якім застануцца толькі буйныя і нацыянальныя авіякампаніі, небяспечны для канкурэнцыі, правоў спажыўцоў і турыстычнай галіны.

За тыдзень да таго, як Амерыка і Еўропа разгарнулі авіяпасажыраў, Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту (IATA) ацэньвала скарачэнне абароту авіякампаній з-за ўспышкі віруса у 113 млрд долараў у 2020 годзе. А ўсяго пару месяцаў таму яна абяцала ім рост выручкі на 4% да 870 млрд долараў і прыбытак у 30 млрд.

Аб даходах больш ніхто не ўспамінае, абы выжыць.

Пакутуюць не толькі авіякампаніі. Асацыяцыя еўрапейскіх аэрапортаў паведаміла, што на мінулым тыдні пасажырапаток скараціўся ўдвая пасля падзення на чвэрць тыднем раней. За студзень-сакавік яны недалічацца больш за 100 млн пасажыраў і 2 млрд еўра выручкі.

Хто і як сціснуўся

Найбуйнейшыя бюджэтныя авіякампаніі Еўропы Ryanair і EasyJet паставілі большасць самалётаў на стаянку і не выключаюць поўнага спынення палётаў.

IAG, уладальнік British Airways, Iberia, Vueling і Aer Lingus, пакіне ў небе толькі 25% крэслаў на працягу красавіка-траўня.

У Lufthansa прастойваюць дзве траціны флоту.

Virgin Atlantic да 26 сакавіка скароціць магутнасці перавозкі пасажыраў на 75%, а ў красавіку — на 85%.

Air New Zealand — аналагічна.

Finnair, SAS, Air France-KLM, Cathay Pacific — кожная на 90%.

Air Baltic спыніла ўсе палёты.

Norwegian адмяніла 4000 рэйсаў і скарачае палову супрацоўнікаў.

Korean Air папярэдзіла, што каронавірус пагражае яе існаванню.

Delta скароціць колькасць рэйсаў прыкладна на 40%, пакіне на зямлі 300 самалётаў і скароціць выдаткі на 2 млрд долараў.

American Airlines адмяніла амаль усе міжнародныя рэйсы.

Qantas знізіць перавозкі на міжнародных кірунках на 90%, на ўнутраных — на 60%.

Паводле Бі-Бі-Сі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: