Жанчыны-святары і неабавязковы цэлібат. Якім будзе Касцёл пасля Амазонкі?

Чаму кансерватыўныя каталікі ўбачылі ў рашэнні нядаўняга Амазонскага сабора ледзь не пагрозу ліквідацыі Касцёлу?
Прэзентацыя выніковага дакумента Сінода епіскапаў. Фота: Vatican Media

Прэзентацыя выніковага дакумента Сінода епіскапаў. Фота: Vatican Media



Лічыцца, што ўпершыню Ватыкан звярнуў увагу на праблемы індзейцаў Амазонкі ў далёкім 1913-м, выступіўшы ў абарону правоў індзейцаў-работнікаў на плантацыях каучуку. На гэты конт тагачасны Папа Пій X зрабіў адпаведную заяву. Цікавіцца рэгіёнам, дзе хрысціянства пакуль мае слабыя пазіцыі, і цяперашні Пантыфік. Яшчэ ў 2017 годзе Папа Францыск пастанавіў сабраць Сінод, каб у тым ліку прыцягнуць увагу да пытання выратавання трапічных лясоў, праблемаў карэннага насельніцтва і, натуральна, распаўсюджвання хрысціянства.

Сінод, які прайшоў у Рыме ў кастрычніку, сабраў большасць з 180 біскупаў з дзевяці краін Лацінскай Амерыкі. Аднак згаданымі вышэй тэмамі павестка збораў не абмяжоўвалася. У выніковай рэзалюцыі ўдзельнікі мерапрыемства заклікалі Ватыкан аднавіць дыскусію аб пасвячэнні жанчын у святары. «Вельмі неабходна, каб царква ў Амазоніі заахвочвала да служэння мужчынаў і жанчынаў на справядлівай аснове», — лічаць аўтары заявы. Таксама прапануецца дапускаць да служэння ў царкве жанатых мужчын, што не адпавядае правілам цэлібата. Трэба адзначыць, што прапановы тычацца выключна амазонскіх прыходаў, дзе назіраецца дэфіцыт святароў.

Пантыфіку прапанова Сінода, здаецца, спадабалася. Кіраўнік Ватыкана паабяцаў аднавіць працу камісіі па вывучэнні ролі дыяканаў-жанчын у ранняй царквы. Акрамя таго, Папа гатовы падрыхтаваць да канца года дакумент, які вызначыць — ці будуць на Амазонцы жанатыя каталіцкія святары і жанчыны-святары. Варта таксама дадаць, што прэцэдэнты ў гэтай вобласці ёсць — абавязковы цэлібат не распаўсюджваецца на клір т.з. усходніх каталіцкіх цэркваў, у тым ліку грэка-каталікоў.

Тым не менш кансерватыўныя каталікі ўбачылі ў пастановах Сіноду замах на сімвал веры. На іх думку, любое адкрыццё храма для жанатых святароў або дыяканаў-жанчын прывядзе да хуткай эрозіі царкоўнай дактрыны і як след крызісу самога інстытута царквы. Гэта часткова можна растлумачыць тым, што на працягу апошніх 150 год Ватыкан быў вымушаны актыўна супрацьстаяць замахам на бясшлюбнасць кліру. Што тычыцца ідэі допуску кабетаў на пасады святароў, то яна супярэчыць канонам вучэння і можа закончыцца з’яўленнем біскупаў-гомасексуалаў.

Не падабаецца рэтраградам таксама агучаныя на Сінодзе заклікі прызнаць нейкія элементы лакальнай рэлігійнай культуры індзейцаў з яе культамі, сімваламі, спірытуалізмам. Незадаволенасць выклікала тое, што 7 кастрычніка на службе ў саборы Святога Пятра прысутнічалі статуі індзейскіх паганскіх ідалаў. Быццам такая практыка пагражае ўніверсалізму ідэя хрысціянства.

У сваю чаргу аматары флірту з паганствам лічаць, што гэта не фатальна. «Нават калі б гэта быў паганскі рытуал, усё роўна адбывалася набажэнства. Абрад заўсёды мае дачыненне да пакланення. Паганства не можа быць адкінута як нішто. Што такое паганства? У нашых вялікіх гарадах мы не менш язычнікі, чым у джунглях. Пра гэта варта падумаць», — сказаў адзін з біскупаў.

Праўда, у рэформаў ёсць і лагер прыхільнікаў. У якасці аргументаў яны звяртаюць увагу, што забарона на шлюб каштуе Касцёлу штогод некалькі тысяч маладых святароў, якія вырашаюць стварыць сям’ю. Цэлібат называюць адной з прычынаў сексуальных злачынстваў у Касцёле. Нарэшце, адсутнасць жанчын-святароў, відавочна, не адпавядае духу нашай эпохі. Калі верыць лібералам, адмова ад рэформы стане завочнай капітуляцыяй Касцёлу перад пратэстантамі, якія гатовыя працаваць з усімі сацыяльнымі групамі.  

На базе палярных ацэнак вынікаў Сіноду паўсталі два лагеры антаганістаў. Некаторыя каментатары (напрыклад, у Польшчы) нават дапускаюць варыянт схізмы — расколу Касцёла на ліберальную і кансерватыўную фракцыі.

Аднак рэтраспектыва дазваляе сумнявацца ў такім радыкальным сцэнары. Можна ўзгадаць буйны скандал, які выклікаў ў 1968 годзе Папа Павел VI, забараніўшы асобнай энцыклікай каталікам выкарыстоўваць сродкі кантрацэпцыі і рабіць аборты. Нямецкія, галандскія і швейцарскія епіскапы асудзілі такі падыход, сцвярджаючы, што гэта сфера — асабістая справа кожнага верніка. У выніку прыхаджане аказаліся расколатыя.  

Сутыкнуўшыся з фрондай Папа вырашыў прытармазіць. Прызнаючы супярэчнасць сваёй заявы, у лісце да Кангрэса нямецкіх католікаў ён заявіў: «Няхай жывая дыскусія, выкліканая нашай энцыклікай, прывядзе да лепшага пазнання волі Бога». А ў 2010-м Бенедыкт ХVI прызнаў, што выкарыстанне прэзерватываў у «шэрагу выпадкаў» можа быць апраўдана.

Можна прагназаваць, што нейкі кампраміс будуць шукаць і зараз. Хаця пакуль не зразумела — якім чынам апаненты, якія падчас дэбатаў называюць адзін аднаго «ерэтыкамі», пагадзяцца пайсці на ўзаемныя ўступкі?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!