Касмічны робат-збіральнік смецця будзе запушчаны ў 2025 годзе

Еўрапейскае касмічнае агенцтва плануе запусціць на калязямную арбіту рабатызаваных зборшчыкаў смецця. Запуск ClearSpace-1 прызначаны на 2025 год, кошт праграмы ацэньваецца ў 120 мільёнаў еўра.
ClearSpace-1 павінен будзе прыбраць толькі адзін аб’ект касмічнага смецця, які з’явіўся ў 2013 годзе, калі Еўрапейскае касмічнае агенцтва пры дапамозе ракеты-носьбіта Vega вывела ў космас тры спадарожніка: еўрапейскі Proba-V і в’етнамская VNREDSat-1, прызначаныя для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, а таксама эстонскі ESTCube-1, на якім выпрабоўваўся сонечны ветразь. Каб вывесці спадарожнікі на розныя арбіты, на ракеце-носьбіце меўся адлучацца адаптар карыснай нагрузкі Vespa. Выканаўшы сваю задачу, гэты адаптар і стаў касмічным смеццем. Ён знаходзіцца на вышыні каля 800 кіламетраў і важыць прыкладна 100 кілаграмаў. ClearSpace-1 павінен будзе высачыць Vespa на арбіце, захапіць яго сваімі чатырма аўтаматычнымі рукамі і пачаць спуск з арбіты. У рэшце рэшт, ClearSpace-1 і Vespa згараць у шчыльных слаях атмасферы.

Еўрапейскае касмічнае агенцтва спадзяецца, што ClearSpace-1 пракладзе шлях да шырокамаштабнай аперацыі па ачыстцы калязямной арбіты ад смецця. Генеральны дырэктар ЕКА Ян Вёрнер (Jan Wörner) заклікае прыняць новыя правілы, якія прымусяць тых, хто запускае спадарожнікі, узяць на сябе адказнасць за іх выдаленне з арбіты пасля завяршэння эксплуатацыі. «Уявіце, наколькі небяспечным было б плаванне ў адкрытым моры, калі б усе караблі, калі-небудзь страчаныя за гісторыю мараплаўства, усё яшчэ дрэйфавалі на паверхні вады, — кажа ён. — Менавіта такая цяперашняя сітуацыя на арбіце, і нельга дапусціць яе працягу».

За апошнія 60 гадоў вакол Зямлі назапасіліся тысячы тон смецця, уключаючы фрагменты ракет, каля 3500 непрацуючых спадарожнікаў і прыкладна 750 000 больш дробных фрагментаў. Некаторыя з іх паўсталі ў выніку сутыкненняў больш буйных кавалкаў смецця. Іх хуткасць у сярэднім 20 000 кіламетраў у гадзіну, і ў выпадку сутыкнення яны могуць нанесці сур’ёзны ўрон арбітальным станцыях, касмічным караблям і спадарожнікам. У будучыні верагоднасць сутыкненняў яшчэ ўзрасце, паколькі на арбіце з’явяцца тысячы новых спадарожнікаў. Больш падрабязна аб праблеме касмічнага смецця можна прачытаць у адмысловым нарысе.

Паводле Pro Science

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: