Каталонія: яшчэ адзін крок да незалежнасці

Cамай гучнай сенсацыяй выбараў у Каталоніі 14 лютага стаў фантастычны прарыў правай партыі Vox («Голас»), якая ўпершыню прайшла ў мясцовы парламент з 11 мандатамі. 

Пры гэтым правыя ўмудрыліся абскакаць усе іншыя партыйныя праекты, якія былі арыентаваныя на Мадрыд. У тым ліку Народную партыю (РР), якая практычна ад канца 1970-х гадоў манапольна дамінавала на ўсёй іспанскай правай сцэне.

Прычым, Vox — партыя, так бы мовіць, вельмі скандальная і эксцэнтрычная. Так, іх лідар Санцьяга Абаскаль Кондэ любіць насіць даспехі канкістадораў і настальгуе па сярэднявечных часах, калі над Іспанскай імперыяй ніколі не заходзіла сонца. Калі ўжо правы электарат гатовы аддаваць галасы такім фрыкам замест РР, то можна смела казаць пра крызіс правага цэнтру.

Аднак фурор Vox — гэта ўсё ж перыферыйная падзея на фоне больш важнай перамогі нацыяналістаў. Праўда, тут прысутнічае адзін парадокс. Фармальна, больш за ўсіх галасоў на выбарах набралі лаяльныя да Мадрыду каталонскія сацыялісты. Яны атрымалі 23 працэнты, а іх фракцыя цяпер складзе 33 дэпутаты.

І ўсё ж дэпутатаў-сацыялістаў у новым парламенце будзе менш, чым прадстаўнікоў трох нацыяналістычных партый. Гэта «Левыя рэспубліканцы» (атрымалі 33 месцы ў парламенце), «Разам за Каталонію» (32 мандаты) і леварадыкальная групоўка «Кандыдатура народнага адзінства» (9 мандатаў). Разам гэта тройца будзе складаць фракцыю ў 74 дэпутаты са 135 месцаў. Маючы большасць, яны і сфарміруюць урад — Жэнералітат, як яго традыцыйна называюць ў Каталоніі.

Такім чынам, вынікі выбараў дазваляюць казаць, што трэнд на атрыманне незалежнасці захаваўся. Цунамі паліцэйскіх рэпрэсій у 2017-м за спробу арганізацыі рэферэндуму аб незалежнасці і паказальная расправа над яго арганізатарамі (адзін з палітыкаў атрымаў 13 гадоў турмы) не спалохала грамадства. Незалежнікі не толькі не страцілі месцы ў парламенце, але і, наадварот, умацавалі там свае пазіцыі.

Паказальна таксама тое, што нацыяналісты рушылі на выбары без сваіх лідараў. Правадыр «Левых рэспубліканцаў» адбывае турэмны тэрмін за спробу абвясціць суверэнітэт па выніках згаданага вышэй плебісцыту. Кіраўнік «Разам за Каталонію», экс-кіраўнік аўтаноміі Карлес Пучдэмон з-за тых жа падзей трохгадовай даўніны вымушаны быў пакінуць краіну і хавацца ў Брусэлі. Ад таго, каб апынуцца ў іспанскай турме, яго ратуе толькі дэпутацкі мандат Еўрапарламента.

Нейкай маральнай кампенсацыяй для Мадрыду ў такой сітуацыі можа быць хіба не вельмі вялікая яўка (у параўнанні з папярэднім галасаваннем яна скарацілася на чвэрць). На выбары не прыйшлі менш матываваныя праціўнікі суверэнітэту, якія вырашылі не рызыкаваць здароўем. Акрамя таго, перавага нацыяналістаў над апанентамі вымяраецца ўсяго парай працэнтаў. Трэба быць вялікім авантурыстам, каб абвяшчаць незалежнасць пры відавочнай адсутнасці грамадскага кансенсусу на гэты конт.

Насуперак гэтым аргументам, пераможцы не хаваюць намер правесці новы незалежніцкі рэферэндум. Прынамсі, усе чальцы будучай кааліцыі абяцалі нешта падобнае ў сваіх выбарчых праграмах. Лідар левых рэспубліканцаў Перэ Арагонэс ужо звярнуўся да Мадрыду з просьбай пра дыялог, а таксама заявіў, што Каталонія пераходзіць «у новую фазу падрыхтоўкі да правядзення рэферэндуму і абвяшчэння Каталонскай Рэспублікі».

Пакуль іспанскі ўрад Педра Санчэса пакінуў прапанову без каментароў. Аднак практычна ўся еўрапейская прэса канстатуе, што 14 лютага Каталонія зрабіла яшчэ адзін крок да суверэнітэту, хаця ніякай канкрэтнай дарожнай карты пакуль няма.

Застаецца згадаць яшчэ адзін цікавы і важны факт. Пасаду кіраўніка рэгіёна будзе займаць ужо згаданы Перэ Арагонэс — прадстаўнік «Левых рэспубліканцаў» (ERC). Ён атрымаў права заняць вакансію кіраўніка Жэнералітату Каталоніі, бо яго партыі на выбарах займела найбольш мандатаў сярод усіх суб’ектаў будучай кааліцыі.

Апошні раз ERC кантралявала Жэнералітат 80 гадоў таму, у часы грамадзянскай вайны. Скончылася тая кадэнцыя трагічна. Франкісты, якія перамаглі рэспубліканцаў увесну 1939-га, не толькі ліквідавалі каталонскую аўтаномію і абвясцілі вайну тутэйшай ідэнтычнасці, але і закатавалі ўвесь партыйны актыў.

Лідара партыі Луіса Кампаніса ўвогуле чакаў жудасны лёс. Яму пашанцавала збегчы ў Францыю, якую хутка, у 1940-м, акупавалі гітлераўцы. Паводле асабістай просьбы Франка, агенты Гестапа знайшлі Кампаніса і экстрадавалі ў Іспанію. Яго чакала турэмная камера, куды прыходзілі бонзы рэжыму, каб паздзекавацца з вязня. Пасля ваеннага суда, які цягнуўся менш за гадзіну, Кампаніс быў абвінавачаны ў вайсковым бунце і забіты. Перад смерцю ён паспеў крыкнуць: «За Каталонію!».

З таго часу фрагментам партыйнай культуры ERC былі фантазіі, што надыдзе адзін цудоўны дзень, калі партыя верне сабе ўладу ў Барселоне. Гэта павінна было стаць помстай за Кампаніса і знакам гістарычнай перамогі каталонскага руху. У гэтым плане няма сумневаў — новы лідар Каталоніі будзе намагацца стаць вартым сваіх гераічных папярэднікаў-аднапартыйцаў, што не абяцае Мадрыду нічога вясёлага.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: