Каталонскі сепаратызм vs Іспанскі сепаратызм

Адной з рэакцый на ўздым каталонскага сепаратызму стаў нечаканы рэнесанс іспанскага вялікадзяржаўнага нацыяналізму — Españolismo, што яшчэ больш заблытала ўнутрыпалітычную сітуацыю ў краіне. Чым і калі скончыцца каталонскі крызіс, цяжка сказаць, аднак свой унёсак у паліталагічную тэорыю ён ужо зрабіў.


На днях каталонскі гісторык Джаан Кула (Joan B. Culla) сфармуляваў закон, згодна з якім нацыяналісты падсілкоўваюць адзін аднаго. Доказ таго — апошнія падзеі ў Іспаніі, калі актывізацыя каталонскага нацыяналізму падштурхоўвае іспанскі нацыяналізм, які, падавалася, ужо цалкам сканаў.

Сапраўды, нават у самых смелых фантазіях адэпты Españolismo не маглі ўявіць такі выбух папулярнасці іх дактрыны. У адказ на незалежніцкія пражэкты каталонцаў простыя іспанцы цяпер вывешваюць на балконах і фасадах дзяржаўныя сцягі, дыджэі на дыскатэках пачынаюць імпрэзы з выканання патрыятычных мелодый, спартоўцы нашываюць дзяржаўную сімволіку на клубныя майкі, муры будынкаў мільгацяць патрыятычнымі графіці. А нейкі тарэадор са сцягам Іспаніі нават выйшаў на арэну біцца з быкамі.

Няма сумневу, што мы назіраем сапраўды народны рух, пра што сведчыць і сацыялогія. Дадатковы драйвер тут — антыкаталонскія забабоны ў бедных рэгіёнах краіны. Заможных каталонцаў успрымаюць як нейкіх паразітаў, якія сядзяць на шыі простага люду.

Аднак ва ўсім гэтым ёсць адзін цікавы нюанс. Фішка ў тым, што ўсе кампаненты сучаснага іспанскага нацыяналізму былі сфармаваныя ў часы дыктатуры Франка. Як следства, называючы сябе іспанскімі патрыётамі, людзі так ці інакш на сімвалічным узроўні рэабілітуюць спадчыну дыктатуры і міжволі заклікаюць да яе рэстаўрацыі.

Няўжо на нашых вачах нараджаецца новая рэдакцыя масавага іспанскага праварадыкальнага руху? Прычым, калі той рух адродзіцца, то вясёлага будзе мала. Іспанская правая традыцыя, напэўна, самая моцная ў Еўропе. На Пірынеях правыя ў свой час карысталіся каласальнай народнай падтрымкай (можна узгадаць рух карлістаў). Яшчэ да таго, як у Еўропу прыйшоў фашызм, Іспанія ўжо мела досвед вайсковай дыктатуры Прыма дэ Рывера. Плюс вельмі кансерватыўны Касцёл дасюль застаецца адным з галоўных інстытутаў іспанскага грамадства.

Асобная тэма — іспанскае войска, дзе дасюль паважліва ўзгадваюць спробу групы вайскоўцаў Грамадзянскай гвардыі (аналаг нашых унутраных войскаў) у 1981 годзе захапіць парламент, каб заблакаваць пераход краіны на дэмакратычныя рэйкі. Сцэны 1 кастрычніка 2017-га, калі гвардзейцы збівалі ў Каталоніі ўдзельнікаў рэферэндуму, выклікалі шмат спекуляцый наконт таго, ці сапраўды іспанскія сілавікі лаяльныя да дэмакратычных каштоўнасцяў.

У свой час правы накірунак іспанскай палітыкі ўдалося маргіналізаваць за кошт хітрага ходу пераемнікаў Франка. Чыноўнікі сярэдняга ўзросту, якія не былі асабіста датычныя да злачынстваў Каўдыльё, бачылі сябе часткай еўрапейскай эліты. Створаны тэхнакратамі на падмурках фашысцкай партыі Фалангі правацэнтрысцкі лагер уключаў у сябе фракцыю ветэранаў і аматараў Франка, аднак вядучай ролі яны ніколі не адыгрывалі.

Дастаткова ўзгадаць, што правыя і каталіцкая царква, якая мае вялікі рэсурс уплыву, не здолелі супрацьстаяць «маральнаму рэлятывізму» ўраду сацыялістаў, які на пачатку стагоддзя прыняў пакет радыкальных рэформаў: даў іспанцам права на скасаванне шлюбу, кабетам — на аборт, заканадаўча гарантаваў гендэрную роўнасць, што ўключае павагу да правоў гомасексуалаў.

Так ці інакш, Іспанія доўгі час была ўнікальнай на фоне суседзяў па Еўропе краінай, якая не ведала феномену масавага праварадыкальнага руху. І вось фантом аўтарытарызму, дзякуючы каталонскаму сепаратызму, на вачах вяртаецца. Прычым, кіруючая краінай «Народная партыя» гэтым разам нацыяналістам асабліва не замінае.

Ілюстрацыяй новых павеваў можа быць поспех праварадыкальнай партыі VOX. Заснаваная ў 2013 годзе партыя, якая раней не набірала больш за 1,5 працэнты, трыумфальна акупіруе правы фланг іспанскай палітыкі. Літаральна за верасень яе рэйтынг узняўся на 18 пунктаў — з 2 да 20 працэнтаў.

Праект VOX можна разглядаць як іспанскі аналаг французскага «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пэн, у праграме якога шмат сацыяльных і ксенафобскіх лозунгаў. Ад кіруючых кансерватараў іх адрознівае і свой погляд на правы малых этнасаў Іспаніі. У рэчышчы Франка, спікеры VOX выступаюць за скасаванне нацыянальных аўтаномій. Праграма-мінімум — пазбавіць тых жа каталонцаў і баскаў правоў на сваю сістэму адукацыі і культурную палітыку.

Такая ўстаноўка радыкалаў супярэчыць лініі прэм’ера Марыяна Рахоя, які спадзяецца, што ў выніку датэрміновых выбараў большасць у каталонскім парламенце атрымаюць памяркоўныя партыі, схільныя да дыялогу з Мадрыдам. І гэта яшчэ без уліку таго, што Рахою патрэбная падтрымка сацыялістаў, у якіх свой арыгінальны рэцэпт вырашэння каталонскага пытання: праз федэралізацыю краіны.

Цяжка зразумець, як у Рахоя ва ўмовах радыкалізацыі атрымаецца задаволіць усе капрызы, захаваць манаполію на правы электарат, нармалізаваць сітуацыю ў Каталоніі. Пакуль відавочна толькі тое, што каталонскі крызіс рызыкуе трансфармавацца ў агульнаіспанскі. І няма сумневаў, што яго эскалацыя надасць яшчэ больш практычных матэрыялаў для вынаходнікаў новых паліталагічных тэорый.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!