Французская катастрофа 1940-га

80 гадоў таму свет стаў сведкам чагосьці неверагоднага. За чатыры тыдні Вермахт разбіў французскую армію — ці не самую моцную на той час у свеце — і прымусіў Парыж да капітуляцыі. Дасюль няма адназначнага тлумачэння гэтаму феномену.

Фота www.russian7.ru

Як вядома, няўдалая спроба арміі Напалеона перайсці раку Беразіну ўвосень 1812 года ўзбагаціла слоўнік французскай мовы. У ім з’явілася слова «Беразіна», пад якім разумеюць правал, катастрофу або канфуз. Аднак маштабам катастрофы французаў у траўні-чэрвені 1940 года нават слова «Беразіна» не пасуе. Хутчэй, трэба казаць «Вялікая Беразіна». Глядзіце сам — гітлераўскай арміі спатрэбілася ўсяго каля шасці тыдняў, каб акупаваць Францыю і ўсе краіны Бенілюкса ў дадатак.

Пры гэтым Францыю не атакавалі нечакана. Краіна фармальна знаходзілася ў стане вайны з нацысцкай Германіяй з верасня 1939-га. Больш за тое, яна была добра падрыхтаваная — выдаткі на абарону раслі яшчэ з сярэдзіны 1930-х гадоў, што дало магчымасць узмацніць паветраныя сілы, мадэрнізаваць ваенна-марскі флот, забяспечыць армію сучаснай зброяй. І, нарэшце, паспець дабудаваць лінію Мажыно — умацаваную мяжу на ўсходзе Францыі.

Аднак у чэрвені ўся вайсковая машына ляснулася пад ударамі Вермахту. Хіба што часткі брытанскага экспедыцыйнага корпуса і асобныя злучэнні французскай і бельгійскай армій, заблакаваныя ў Дзюнкерку, былі эвакуяваныя.

Праўда, сучасныя гісторыкі сцвярджаюць, што на самай справе па большай частцы французскія салдаты змагаліся мужна і ўпарта. Падлічана, што французы знішчылі тады каля 27 тысяч немцаў, хаця страцілі прыкладна 64 тысячы. Сёння ўпершыню гучаць прапановы пабудаваць нейкі мемарыял у гонар жаўнераў, а таксама тых, хто трапіў у нямецкі палон. Гэта, на думку аўтараў ідэі, можа неяк маральна кампенсаваць стаўленне да іх пасля вайны. Тыя, хто трапіў у палон увесну 1940-га, намагаліся не казаць пра гэта публічна. Іх палон быў фрагментам эпохі калабарацыі — тэмы, якая лічылася табуяванай.

Цікава, што дасюль ніхто не разумее сапраўднай прычыны катастрофы. З 1940 года былі выказаныя мільён і адна версія, каб растлумачыць паразу французаў — аж ад тэорыі пра характар мастоў праз раку Маас, што, маўляў, фатальна дапамагло немцам. З той жа серыі — гісторыя пра лёсавызначальны выпадак, калі планы Вермахта раптоўна трапілі бельгійцам — саюзнікам Парыжа і Лондана. Гітлеру давялося шукаць альтэрнатыву, і тут нехта згадаў імя Гудэрыяна, чый план атакаваць французаў праз Ардэны забракавалі.

Тое, што французы не ўтрымалі лінію фронту, тлумачаць у тым ліку асаблівасцямі псіхікі. Перш чым пацярпець паразу, жаўнерам давялося перажыць так званую «смешную вайну». З верасня 1939-га па травень 1940-га, нягледзячы на абвяшчэнне вайны Германіі, Францыя не рызыкнула атакаваць пазіцыі ворага. Ніхто з палітыкаў не хацеў браць адказнасць за новую вайну. У акопах, у выніку, паступова расслабіліся, сумавалі па доме ды не разумелі сэнсу свайго знаходжання на перадавой. «Гэты перыяд пахіснуў іх (жаўнераў) упэўненасць, пачуццё абавязку і выклікаў сумневы ў пазіцыі ўраду», — кажа адзін з сучасных французскіх гісторыкаў.

Папулярная таксама думка, што адказнасць за правал нясе французскае кіраўніцтва, якое працягвала жыць паводле клішэ Першай сусветнай вайны. Камандаванне бачыла ход вайны як пазіцыйнае супрацьстаянне з выкарыстаннем агнявой моцы для спынення руху праціўніка. Плюс (у лепшым выпадку) невялікія наступальныя аперацыі. Таму некаторыя камандзіры папросту не ведалі, як рэагаваць, калі пачаўся нямецкі бліцкрыг. Паніка была такая моцная, што некаторыя французскія фарміраванні, па факце, самараспусціліся.

Нарэшце, ёсць думка, што катастрофа 1940-га стала заканамерным фіналам рэжыму Трэцяй Рэспублікі, адзнакамі якой былі дзяжурныя крызісы кабінетаў і палітычная карупцыя. Вядомы гісторык Макс Блох пазней пісаў, што краіна, па-сутнасці, капітулявала да 10 траўня 1940 года, калі немцы пайшлі ў наступ. Яе пахавалі пацыфісцкая блізарукасць палітыкаў, эгаізм прафсаюзаў і пазіцыя часткі буржуазіі, якая праз антыкамуністычныя забабоны была гатовая да супрацоўніцтва з Гітлерам.



Тэзісы Блоха, дарэчы, аказаліся найбольш запатрабаванымі сёння. У французскай апазіцыйнай прэсе ахвотна параўноўваюць атмасферу 1940-га з панікай, якая ахапіла французскія дзяржаўныя ўстановы і грамадства напачатку эпідэміі каронавіруса. Усё гэта дае крытыкам Макрона глебу, каб патрабаваць рэдакцыі новай Канстытуцыі.

Пад раздачу трапіў і герой эвакуацыі Дзюнкерка і адначасова сімвал брытанскага імперыялізму Уінстан Чэрчыль, чый помнік днямі апаганілі ў Лондане падчас антырасісцкіх маніфестацый. Такое ўражанне, што адбываецца імклівая рэвізія грамадскай ацэнкі гэтага персанажа. Яшчэ два-тры гады таму грамадскасць была ў захапленні ад фільму «Цёмныя часы» пра тое, як Чэрчыль мабілізуе Брытанію на працяг вайны з Гітлерам. Кульмінацыяй фільму стаў славуты выступ прэм’ера пра тое, што «мы будзем змагацца нават на пляжах».

Як высвятляецца, рэчаіснасць была зусім іншая. Шмат тых, хто тады слухаў прамову, адчулі, хутчэй, адчай з-за пасажа Чэрчыля пра «барацьбу да тых часоў, пакуль Новы Свет з усёй сваёй сілай і моцай прыйдзе на дапамогу і вызваленне Старога Свету». У дадатак нават біёграфы Чэрчыля пагаджаюцца, што той чытаў свой тэкст ужо добра заклаўшы за каўнер. «Няма ніякага доказу, што гэтыя словы мелі вырашальны ўплыў на волю брытанскага народа да барацьбы», — піша адзін з іх.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: