Катаў Чаўшэску — пад суд!

У Румыніі неўзабаве пачнецца працэс стагоддзя. Генпракуратура прад’явіла абвінавачванні былым вышэйшым кіраўнікам краіны, якія зрынулі ў снежні 1989 года камуністычнага дыктатара Нікалае Чаўшэску.

www.dlyakota.ru


Усе, хто ў свядомым узросце заспеў 1989 год, безумоўна, памятаюць драматычныя падзеі ў Румыніі, дзе ў снежні на вуліцах сталіцы ішла сапраўдная вайна — яна нечакана палыхнула, і гэтак жа нечакана скончылася перамогай праціўнікаў дыктатуры. Сам Чаўшэску разам з жонкай быў публічна расстраляны літаральна на наступны дзень пасля ўцёкаў з Бухарэста.

Да апошняга часу лічылася, што катамі рухала ў чымсьці зразумелае пачуццё помсты на адрас чалавека, які на працягу 30 гадоў персаніфікаваў жорсткі палітычны рэжым. Але ў рэчышчы апошніх навін з Румыніі на пакаранне Чаўшэску прапануюць глядзець у іншым ракурсе. Алену і Нікалае Чаўшэску расстралялі, паколькі яны занадта шмат ведалі. Перш за ўсё, пра Іона Іліеску — партыйнага функцыянера, які ў свой час быў на вяршыні ўлады, але ў выніку быў зрынуты і вярнуўся ў палітыку толькі ў снежні 1989-га як лідар апазіцыі.

Пракуроры, якія расследуюць падзеі амаль 30-гадовай даўніны, высветлілі, што Іон Іліеску, былы прэзідэнт Румыніі (заняў пасаду адразу пасля падзей канца 1989 года) і яго паплечнікі арганізавалі сапраўдны пераварот. Яны наўмысна шляхам дэзінфармацыі і панічных паведамленняў для прэсы правакавалі напружанасць і страх у грамадстве, падштурхоўвалі людзей да гвалту. Канчатковай мэтай гэтага штучнага хаосу было адхіленне Чаўшэску ад улады.

Следства выявіла, што з 22 па 30 снежня 1989 года на тэрыторыі Румыніі былі расстраляныя больш за 12 мільёнаў патронаў, у выніку чаго, паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 862 чалавекі. Яшчэ больш за дзве тысячы атрымалі раненні. Усё гэта ўспрымаецца следствам як злачынствы супраць чалавецтва, за якія цяпер давядзецца адказаць.

З улікам карумпаванага характару румынскіх дзяржаўных інстытутаў, версія пракурораў выклікае шэраг пытанняў. Галоўнае з іх — ці няма тут палітычнай замовы? Прынамсі, сам Іліеску ў інтэрв’ю «Figaro» кажа пра спробы дыскрэдытацыі кіруючай у краіне Сацыял-дэмакратычнай партыі, ля вытокаў стварэння якой ён асабіста стаяў.

У любым выпадку, працэс над Іліеску, калі ён пачнецца, будзе дакладна ў фокусе ўвагі грамадстваў постсавецкіх рэспублік. Напрыклад, за справай уважліва сочаць у Малдове. У моманты гарачай фазы Прыднястроўскага канфлікту ў 1992 годзе Іліеску неаднаразова прыязджаў у Кішынёў, сустракаўся з тагачасным прэзідэнтам Снегурам, і мог натхніць яго на радыкальны варыянт вырашэння праблемы сепаратызму. Прымаючы пад увагу тое, што ў лютым у Малдове адбудуцца лёсавызначальныя парламенцкія выбары, справу Іліеску відавочна будуць выкарыстоўваць для дыскрэдытацыі ідэі ўніі з Румыніяй.

Справу Іліеску ўважліва манітораць у Казахстане і Украіне. Казахскія дысідэнты лічаць, што расправа над Іліеску стане «чорнай меткай» для Назарбаева, які ў 2013-м санкцыянаваў расстрэлы страйкоўцаў-нафтавікоў у Жанаазене.

З эйфарыяй адрэагавалі на навіны з Румыніі ва ўкраінскай апазіцыі. Яе прадстаўнікі праводзяць паралелі паміж Бухарэстам 1989 года і Кіевам 2014-га. У абодвух выпадках была страляніна «нявызначаных асобаў» па натоўпе, што падарвала аўтарытэт улады і інспіравала народныя хваляванні. Асабліва абсмоктваюць тое, што ўчарашнія патроны Іліеску на Захадзе сёння нічога не робяць, каб выратаваць былога партнёра.

Праўда, факт наяўнасці ў Іліеску шчыльных кантактаў з Захадам у снежні 1989-га застаецца спрэчным. У тым ліку з-за падзей у студзені 1990-га, калі ў Бухарэсце пачалася дэманстрацыя, арганізаваная кааліцыяй празаходніх партый. Маніфестанты выступалі супраць Іона Іліеску ды скандавалі: «Учора Чаўшэску, сёння Іліеску». У адказ той заклікаў народ прыйсці ў цэнтр сталіцы. Мабілізаваныя па старых каналах рабочыя і шахцёры атакавалі маніфестантаў дубінкамі. Былі разгромленыя офісы апазіцыі, а яе лідары ледзь засталіся жывымі. Менавіта Захад не даў замяць пагромы, падчас якіх былі забітыя 4 чалавекі. Нягледзячы на спробу румынскага суду закрыць крымінальную справу, у 2015 годзе Еўрапейскі суд па правах чалавека, наадварот, пераканаў Румынію аднавіць расследаванне.

Цікава, як усё гэта будзе падавацца ў Расіі? Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што Іліеску меў сувязі з КДБ аж да таго, што быў завербаваны «канторай». З гэтай версіяй выступаў расійскі дысідэнт Уладзімір Букоўскі, якому пэўны час быў прадстаўлены доступ да савецкіх архіваў. Па словах Букоўскага, па каналах КДБ Іліеску падтрымліваў шчыльную сувязь з Міхаілам Гарбачовым, якому рэжым Чаўшэску, нібыта, быў косткай у горле. На той момант Бухарэст асуджаў лінію дэмакратызацыі савецкага блока, што ў вачах савецкіх кансерватараў ператварала яго ў нейкі цэнтр супраціву. Аматары гэтай версіі сцвярджаюць, што ўся румынская рэвалюцыя 1989-га была змовай, арганізаванай КДБ. Дарэчы, калі Іліеску прыйшоў да ўлады, ён сапраўды першапачаткова афішаваў не дэмакратычную праграму, а хутчэй нейкую падобную да перабудовы Гарбачова. «Рэвалюцыя была супраць Чаўшэску, а не супраць камунізму і сацыялізму», — казаў тады адзін з паплечнікаў Іліеску.

Хуткі працэс над 81-гадовым Іліеску змяшчае дастаткова інтрыг, здагадак і пытанняў. У тым ліку незразумела, як цяпер трактаваць падзеі снежня 1989-га, якія яшчэ ўчора лічыліся дэмакратычнай рэвалюцыяй. Але пошукі адказу, безумоўна, узмацняць настальгію па часах Чаўшэску ды аўтарытарныя трэнды ў румынскім грамадстве, што, зрэшты, сёння характэрна для ўсёй Усходняй Еўропы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!