Казахскі кот у мяшку

Наконт сваіх выбараў казахі склалі анекдот: «Нядаўна ў Казахстане прайшлі прэзідэнцкія выбары, дзе Назарбаеў набраў 90% галасоў выбаршчыкаў. Тым не менш, Елбасы падаў апеляцыю і ў выніку адсудзіў сабе яшчэ 10%».

Фота www.matritca.kz

Анекдот цудоўна даводзіць сутнасць электаральнага працэсу ў краіне. Не дзіўна, што прыкладна 10–15 гадоў таму частка апазіцыі стала пад сцягі байкоту. Спрыяла папулярнасці абсентэізму і перманентная зачыстка апазіцыйнага поля, што ператварыла апазіцыю ў субкультуру, тэхнічна не здольную право­дзіць кампаніі ў нацыянальных маштабах. Таму казахскай апазіцыяй стаўка робіцца на знешні ціск, супярэчнасці ўнутры эліты, рабочы пратэст і іншыя форс-мажоры. Адначасова тых дысідэнтаў, хто пагаджаўся гуляць у выбары, апрыёры пачалі запісваць у здраднікі.

Праўда, прыкладна 10 гадоў таму сама ўлада адмовілася нават ад фармальнай прысутнасці апазіцыйных кандыдатаў у выбарчых бюлетэнях. Былі анімаваныя фіктыўныя апазіцыйныя праекты накшталт эколагаў або народных камуністаў, якім даручылі асцярожна крытыкаваць уладу, не кранаючы, натуральна, сакральную постаць Елбасы.

Аднак цяпер канцэпцыя чамусьці змянілася. 7 траўня апазіцыянер Аміржан Косанаў нечакана прайшоў рэгістрацыю ў кандыдаты — і ўжо вядзе актыўную кампанію, замоўнікі якой, як сцвярджаюць у сеціве, сядзяць у адміністрацыі Назарбаева.

У такі расклад паверыць цяжка, калі ведаць біяграфію кандыдата. За амаль 20 гадоў знаходжання ў апазіцыі ён шмат нацярпеўся ад рэжыму. Акрамя турэмных тэрмінаў, супраць яго неаднаразова арганізоўваліся розныя правакацыі і акцыі застрашвання. Спецслужбы ішлі на тое, каб бетанаваць дзверы яго кватэры, дасылалі дадому пахавальны вянок, аплачвалі яго пахаванне…

З іншага боку, не зразумела, якім чынам, без адмашкі «зверху», Косанаў мог прайсці ўсе фільтры з рэгістрацыяй і публічна агучваць крамольныя лозунгі, падобныя на лозунгі ўкраінскага Майдану. У перадвыбарчай праграме апазіцыянер абяцае ўзмацніць еўрапейскі вектар развіцця Казахстана, правесці поўную дэкамунізацыію і дэсаветызацыю свядомасці грамадзян, узмацніць ролю казахскай мовы, забяспечыць яе вяршэнства ва ўсіх сферах жыцця грамадства, а таксама прыняць новы закон «Аб дзяржаўнай мове» і заканадаўча вызначыць пералік прафесій, для якіх валоданне дзяржаўнай мовай абавязковае.

Увогуле, падобныя перспектывы, відавочна, могуць зацікавіць толькі частку грамадства. Асноўнай аўдыторыяй Косанава можна назваць моладзь, якая прагне пераменаў у краіне, і нацыянальна свядомых казахаў. Рускамоўная публіка, відавочна, будзе кідацца ўбок ад кандыдата-нацыяналіста. Непрывабны Косанаў і для часткі апазіцыйнага сегмента — у сілу супрацоўніцтва з уладай. Сайт казахскай апазіцыі даў наступную ацэнку сітуацыі: «Усе, акрамя Такаева, кандыдаты закліканыя падманваць грамадскую думку ў свеце і ўнутры краіны і прыцягваць грамадзян на выбарчыя ўчасткі. Такую ж ролю адыгрывае так званы «апазіцыянер» Аміржан Косанаў, які з’яўляецца заснавальнікам руху «Жана Казахстан» («Новы Казахстан»), што быў створаны Адміністрацыяй прэзідэнта».

Таму мусіруецца версія, што за кошт Косанава ўлада збіраецца стварыць ручную нацыяналістычную партыю ў дадатак да ўжо існуючых падкантрольных лібералаў, камуністаў і эколагаў.

Лічыцца, што Косанаў можа дапамагчы ўладзе вырашыць і некаторыя тактычныя задачы. Перш за ўсё, гэта каналізацыя вулічных пратэстаў у выбарчую кампанію, штаб якой відавочна кантралюецца ўладамі Казахстана. Тэма стыхійных акцый стала вельмі важнай пасля 1 траўня, калі ў Алматы ўспыхнулі несанкцыянаваныя і дастаткова масавыя пратэсты. Яны сталі штуршком для новай серыі моладзевых пратэстаў, якія кампраметуюць уладу. Днямі паліцыі давялося арыштаваць юнака за тое, што той стаяў на вуліцы з чыстым аркушам паперы…

Нарэшце, уладзе неабходная імітацыя жывога электаральнага працэсу, які не здольныя стварыць псеўдаапазіцыянеры. Прычым гэтым разам бачнасць дэмакратыі робіцца не для назіральнікаў АБСЕ. Як вядома, у рамках аперацыі «Пераемнік» Назарбаеў збіраецца закулісна кіраваць краінай праз Касыма-Жамарта Такаева. Каб карыстацца аўтарытэтам, апошняму патрэбная перамога на больш-менш канкурэнтных і сумленных выбарах. Для гэтага, маўляў, і спатрэбіўся Косанаў.

Як бачым, кампрамату на Косанава хапае. Тым не менш, гэты кампрамат застаецца на ўзроўні спекуляцый і версій. Канчатковага адказу на з’яву Косанава пакуль няма. Магчыма, для гэтага давядзецца дачакацца 9 чэрвеня, калі ў Казахстане адбудуцца выбары.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!