Казахстан. Вегетарыянства — нацыянальная ідэя?

Візітнай карткай казахскай кухні з’яўляецца «бешбармак» — страва з адварнога мяса, локшыны і моцнага булёну.

Гэтая аксіёма не аспрэчвалася аж да мінулага тыдня, калі ў казахскай прэсе з’явіліся заклікі перагледзець кулінарны догмат. 

Аўтары публікацый звяртаюць увагу на некалькі цікавых фактаў. Па-першае, у казахаў няма манаполіі на «бешбармак»: страва прысутнічае ў меню башкіраў, кіргізаў і іншых народаў. 

Па-другое, калі рэгулярна ўжываць даволі тлустую ежу, цяжка падтрымліваць мабільнасць, характэрную для качэўнікаў — продкаў цяперашніх казахаў. Увесь год харчавацца мясам не дазваляла сама суровая логіка перасоўнай жывёлагадоўчай гаспадаркі ва ўмовах даіндустрыяльнай эканомікі. У штодзённасці продкі казахаў значна часцей харчаваліся малочнымі прадуктамі. А з улікам таго, што спажыванне мяса было ўпісана ў рэлігійную норму, атрымліваецца, што вегетарыянства — гэта нацыянальная філасофія казахаў. 

Зрэшты, аўтары прызнаюць, што адрадзіць традыцыю немагчыма. Яна знікла прыкладна ў 1960-я гады, калі казахі перасталі ўжываць айран, кабылінае малако і іншыя падобныя прадукты, аддаючы прыярытэт чаю і гарэлцы.

Паводле казахскай прэсы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!