Казахстан заявіў, што не падзяляе планаў Расіі ўвесці сустрэчныя санкцыі Захаду ад імя ЕАЭС

Міністэрства замежных спраў Казахстана выступіла з каментаром па пытаннях ЕАЭС, перадае «Azattyq Rýhy».


У ведамстве нагадалі, што мэтай стварэння аб'яднання з'яўляецца забеспячэнне свабоды перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, стварэнне ўмоў для стабільнага развіцця эканомік дзяржаў-членаў у інтарэсах павышэння дабрабыту іх народаў. ‎

«Казахстан прытрымліваецца пазіцыі, што інтэграцыйныя працэсы ў рамках ЕАЭС носяць выключна эканамічны характар. Традыцыйна адзначаем непрымальнасць надзялення органаў еўразійскай інтэграцыі неўласцівымі функцыямі, выступаем супраць палітызацыі аб'яднання», — агучылі пазіцыю ў МЗС РК.

У кантэксце абмеркавання ініцыятыў, якія выходзяць за рамкі прадмета рэгулявання Дагавора аб ЕАЭС, у тым ліку па ўжыванні мер у адказ на санкцыйныя дзеянні трэціх краін, Казахстан зыходзіць з таго, што санкцыі Захаду маюць у сваёй аснове, перш за ўсё, палітычныя матывы і накіраваны супраць асобных дзяржаў, а не ўсяго ЕАЭС.

У МЗС падкрэслілі, што ніякіх перамоваў аб «кансалідаваных мерах» краін ЕАЭС у адказ на санкцыі іншых дзяржаў Казахстан не вядзе.

«У працы з партнёрамі па еўразійскай інтэграцыі гаворка можа ісці толькі аб сумесных дзеяннях па недапушчэнні негатыўнага ўплыву такіх санкцый на сацыяльна-эканамічнае развіццё нашых дзяржаў», — заключылі ў ведамстве.

Раней стала вядома аб тым, што ў ЕАЭС ідзе абмеркаванне магчымага калектыўнага адказу на санкцыі Захаду ў дачыненні да Беларусі. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Расіі Аляксандр Панкін.

Панкін адзначыў, што ў гэтым пытанні шмат розных нюансаў, тэма вельмі адчувальная.

Паўнапраўнымі членамі ЕАЭС на сёння з'яўляюцца Расія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Арменія.

Назіральнікі — Узбекістан, Куба і Малдова.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: