Кіраўнік дзяржавы — пад Гаагскім трыбуналам. У чым яго абвінавачваюць?

Спецтрыбунал па расследаванні злачынстваў у Косава прад'явіў абвінавачванні прэзідэнту краіны Хашыму Тачы і яшчэ шэрагу палітыкаў. Тачы сышоў у адстаўку. Краіну ахапіў сур'ёзны палітычны крызіс.
Хашым Тачы перад будынкам Спецтрыбунала па Косава ў Гаазе, Ліпень 2020 г.

Хашым Тачы перад будынкам Спецтрыбунала па Косава ў Гаазе, Ліпень 2020 г.

Косава аказалася ў надзвычайнай палітычнай сітуацыі. Спецыяльны трыбунал у Гаазе па расследаванні ваенных злачынстваў у Косава 5 лістапада прад'явіў абвінавачванні ў ваенных злачынствах цэламу шэрагу найбольш буйных палітыкаў самай маладой дзяржавы Еўропы, у першую чаргу, прэзідэнту Хашыму Тачы. У адказ той абвясціў, што неадкладна сыходзіць у адстаўку, паколькі не жадае паўстаць перад судом у якасці кіраўніка дзяржавы.

Акрамя Тачы абвінавачванні былі прад'яўленыя старшыні Дэмакратычнай партыі Косава Кадры Веселі, былому старшыні парламента Якупу Краснічы і кіраўніку фракцыі найбуйнейшай партыі косаўскага парламента "Самавызначэнне" ( "Vetëvendosje!") Рэджэпу Селімі.

Усе яны былі высокапастаўленымі членамі былой Вызваленчай арміі Косава (ВАК), якая ваявала падчас вайны 1998-99 гадоў супраць сербскай арміі. Ім ставіцца ў віну тое, што яны здзяйснялі ваенныя злачынствы або аддавалі адпаведныя загады, уключаючы забойства, катаванні, пераслед і бесчалавечнае абыходжанне з ваеннапалоннымі.

Абвясціўшы аб сваёй адстаўцы, Тачы паабяцаў супрацоўнічаць з органамі юстыцыі. Увечары таго ж дня чацвёра косаўскіх палітыкаў былі змешчаныя ў Гаазе пад варту. Усе абвінавачванні ў свой адрас яны адпрэчваюць як неабгрунтаваныя.

Спецтрыбунал, створаны пад ціскам сусветнай грамадскасці


Спецыяльны трыбунал па Косаве быў створаны ў 2016 годзе пад ціскам міжнароднай грамадскасці. Фармальна ён з'яўляецца часткай органаў юстыцыі Косава, але ўсе пасады ў ім займаюць выключна замежныя суддзі і пракуроры — каб забяспечыць большую незалежнасць пры крымінальным пераследзе. Трыбунал павінен расследаваць ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці, катаванні і гвалтоўныя перасяленні, якія здзяйсняліся ў Косава з пачатку 1998 года да канца 2000-га.

Першапачаткова прэзідэнт Тачы сам дамагаўся таго, каб косаўскі парламент прагаласаваў за заснаванне спецтрыбунала. Аднак прычынай таму быў не яго асабісты інтарэс у расследаваньні злачынстваў, учыненых членамі ВАК падчас вайны. Тады гаворка ішла пра тое, каб у рамках дыялогу паміж Сербіяй і Косава, які праходзіў пад эгідай Еўрасаюза, зацвердзіць узаемныя ўмовы для нармалізацыі адносінаў. Адной з умоў быў больш мэтанакіраваны пераслед вінаватых у злачынствах, учыненых ВАК.

Ці датычны Тачы да гандлю органамі?


Важным штуршком для стварэння спецтрыбунала па Косава стаў даклад швейцарскага пракурора Дзіка Марці 2011 года, у якім Тачы і Веселі ўваходзілі ў спіс тых, каго падазравалі ў здзяйсненні ваенных злачынстваў супраць сербаў, цыган і албанцаў.

Адным з найбольш сур'ёзных абвінавачванняў аўтара дакладу ў адрас Хашыма Тачы было абвінавачванне ў датычнасці да гандлю чалавечымі органамі, атрыманымі ад забітых ваеннапалонных. Тачы катэгарычна гэта адмаўляе. Зрэшты, афіцыйных абвінавачванняў па гэтым пункце нікому з падазраваных да гэтага часу не прад'яўлена, хоць допыт каля 200 чалавек яшчэ не завершаны.

Хашым Тачы быў палітычным лідарам ВАК, а пасля вайны стаў адным з найбуйнейшых палітыкаў Косава. Ён займаў пасады міністра замежных спраў, прэм'ер-міністра, і, нарэшце, прэзідэнта самай маладой еўрапейскай дзяржавы. Ён адыграў вырашальную ролю ў распачатым у 2005 годзе дыялогу паміж Косава і Сербіяй. У 2013 годзе Тачы разам з тагачасным сербскім прэм'ерам Івіцай Дачычам падпісалі так званае Брусельскае пагадненне аб нармалізацыі адносін паміж дзвюма краінамі, хоць важныя яго часткі дагэтуль застаюцца нявыкананымі.

У косаўскім грамадстве не асэнсоўваецца ваеннае мінулае


Справа Тачы адлюстроўвае складанасці Косава ў асэнсаванні свайго ваеннага мінулага. Паводле афіцыйнай лініі Прышціны, вайна Вызваленчай арміі Косава супраць сербскіх "прыгнятальнікаў" вялася легітымна і чыста, а ваенныя злачынствы мелі месца толькі ў асобных выпадках, па-за сферай адказнасці ВАК. Сапраўдную ж дыскусію пра тое, наколькі ВАК была замяшаная ў ваенных злачынствах, весці практычна немагчыма, паколькі тых, хто падымае гэтую тэму, пазначаюць як здрадніка. А асуджаныя за ваенныя злачынствы ў Косава, наадварот, часцяком ушаноўваюцца як героі і атрымліваюць важныя дзяржаўныя пасады.

Зрэшты, і Сербія, якая адмаўляе ўласныя ваенныя злачынствы, спрыяе таму, што ў Косава не абмяркоўваецца ваеннае мінулае. Толькі нядаўна былы кіраўнік сербскага МЗС, а цяпер старшыня парламента Івіца Дачыч ускосна выказаўся за тое, каб лічыць здраднікамі і караць тых сербаў, якія раскрываюць ваенныя злачынствы супраць албанцаў і паказваюць месцы масавых пахаванняў забітых.

Сыход Хашыма Тачы з палітычнай сцэны ў Косава, напэўна, выкліча сур'ёзны крызіс у краіне. Пасля яго адстаўкі абавязкі прэзідэнта часова выконвае старшыня парламента Вьёса Асмані. Не пазней чым праз шэсць месяцаў парламент павінен абраць новага кіраўніка дзяржавы. Між тым у косаўскім парламенце няма выразнай расстаноўкі сіл, урад валодае толькі нязначнай большасцю. Таму назіральнікі мяркуюць, што ўрад Косава неўзабаве можа распасціся і будуць прызначаныя датэрміновыя выбары.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: