Кіраўнік МЗС Брытаніі пра арышты журналістаў: «Баязлівая спроба рэжыму прымусіць нязгодных замаўчаць»

Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызвалення журналістаў, затрыманых і арыштаваных за іх прафесійную дзейнасць. Яго заява размешчана ў твітары.

Акцыя салідарнасці журналістаў TUT.BY з Кацярынай Барысевіч


«Я заклікаю да неадкладнага вызвалення ўсіх адвольна затрыманых журналістаў у Беларусі і зняцця з іх усіх абвінавачванняў. Гэта баязлівая спроба рэжыму Лукашэнкі прымусіць замаўчаць нязгодных і спыніць распаўсюд інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека ў дачыненні да народа Беларусі», — цытуе Дамініка Рааба REFORM.by.

Нагадаем, на сёння ў Беларусі дзевяць журналістаў з’яўляюцца фігурантамі крымінальных спраў. З іх трое знаходзяцца пад вартай — журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч, журналісткі «Белсата» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева. Іх прызналі палітвязнямі. Муж Андрэевай, таксама журналіст Ігар Ільяш, знік увечары 24 лістапада, у яго дома, мяркуецца, быў ператрус.

Акрамя таго, на гэты момант дзевяць журналістаў розных выданняў адбываюць адміністрацыйныя арышты ў ізалятарах пасля таго, як былі затрыманыя пры працы на акцыях пратэсту.

Усяго з дня прэзідэнцкіх выбараў і да 24 лістапада БАЖ зафіксавала 363 факты затрыманняў журналістаў у Беларусі, некаторыя журналісты незалежных СМІ ўжо некалькі разоў адбывалі адміністрацыйныя арышты.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: