Кіроўца супраць прэзідэнта

Пратэсты «жоўтых камізэлек» у Францыі далі пропуск у вялікую палітыку звычайнаму 33-гадоваму кіроўцу Эрыку Друэ (Eric Drouet), які стаў сімвалам руху, і, адначасова, вельмі перспектыўным палітыкам.


Жыў-быў у маленькай камуне Мелюн, што пад Парыжам, звычайны кіроўца грузавіка. Увесь дзень ён працаваў, каб вярнуцца ўвечары ў свой маленькі дом да жонкі і маці. Калі выпадаў вольны час, займаўся хобі — рамонтам аўто. Палітыка яго абсалютна не цікавіла. Да таго часу, пакуль у мінулую восень урад не прыдумаў узняць кошт на паліва. У адчаі кіроўца і яго сябры заклікалі праз інтэрнэт да блакады аўтамабільных шляхоў.

Нечакана для аўтараў, маніфест упадабалі некалькі мільёнаў чалавек, шмат з якіх сапраўды выйшлі ў наступны ўік-энд на блакаду. Гэта паклала пачатак руху «жоўтых камізэлек». Так прыйшоў у палітыку Эрык Друэ, які праз 2–3 месяцы стаў сапраўднай мегазоркай. А з у лікам таго, што герою сюжэта якраз 33 гады — узрост Хрыста, — некаторыя пенсіянеры-каталікі нават кажуць пра цудоўнае з’яўленне Месіі.

На самай справе, ніякай метафізікі тут няма. Фурор Эрыка Друэ тлумачыцца шэрагам аб’ектыўных прычынаў. Рух «жоўтых камізэлек» будуецца гарызантальна, не мае структураў, фармальных механізмаў абрання лідараў. Уся каардынацыйная праца адбываецца ў групах на Facebook. Найбольш буйную сярод іх адмініструе менавіта Друэ і два яго сябры. Праз гэтую акалічнасць журналісты, якія асвятляюць цяперашнія бунты ў Францыі, з самага пачатку цікавіліся думкай звычайнага кіроўцы, што ў выніку дазволіла яму стаць пазнавальнай медыяфігурай. Акрамя таго, аўдыторыі імпануе паслядоўная дыстанцыя, якую іх кумір трымае ад палітычнай эліты, намагаючыся, па яго словах, «казаць так, як думаюць простыя людзі».

Адыгралі сваю ролю ў раскрутцы Друэ яго асабістыя характарыстыкі: бескампраміснасць і эгалітарызм. 26 лістапада ён быў запрошаны ў Елісейскі палац на кулуарныя перамовы з Макронам. Напэўна, шмат хто іншы, атрымаўшы такое запрашэнне, разгубіўся, стаў аб’ектам маніпуляцыі і пайшоў бы на дыялог з уладай. Толькі не Друэ. Пасля выхаду з прэзідэнцкага офісу ён заклікаў французаў да наступнай мабілізацыі.

Усё гэта спрыяла паўстанню вакол Друэ сапраўднага міфа. Левыя выданні нават параўноўваюць Друэ з Маратам і Дантонам — персанажамі Вялікай Французскай рэвалюцыі. Часопіс «Journal de dimanche» так апісвае з’яўленне Друэ на вуліцах сталіцы: «Усяго 10 гадзін раніцы, але вакол Эрыка ўжо чарга жадаючых зрабіць сэлфі. «О, Эрык, калі ласка, зрабіце фота з маёй жонкай, і яшчэ адно для маёй свякрухі, яна любіць цябе!» — кажа «жоўтая камізэлька», узрадаваная, што бачыць куміра і можа да яго дакрануцца. «Гэта наша зорка!» — захапляецца жанчына. І дадае: «Ён аб’ядноўвае людзей, яго словы — нашы словы».

Трэба прызнаць, што свой унёсак у народны энтузіязм наконт Эрыка Друэ зрабіла адміністрацыя Макрона. Яшчэ 22 снежня Друэ быў арыштаваны за заклік да несанкцыянаванай маніфестацыі. Хапун здарыўся падчас бойкі з паліцыяй. У арыштаванага пад вопраткай знайшлі дручок, які паліцыя адразу кваліфікавала як забароненую зброю. 2 студзеня адбыўся новы арышт за рэкламу іншай маніфестацыі, на якую таксама не было дазволу ўлады. Імідж ахвяры рэжыму дадаў кіроўцу новыя пункты народнай папулярнасці.

Да кампаніі салідарнасці з Друэ далучыліся і прадстаўнікі лагеру апазіцыйных палітыкаў. Марын Ле Пэн кажа пра «сістэматычнае парушэнне палітычных правоў французаў, прыкладам якога ёсць арышты Друэ». Яе намеснік заявіў, што пасля апошніх падзей афіцыйны Парыж не мае маральнага права крытыкаваць Пуціна за затрыманне Навальнага. Натуральна, тут адчуваецца спроба эксплуатаваць папулярны вобраз.

Гледзячы на лексіку спікераў Елісейскага палацу, працэс над Друэ павінен стаць паказальным. «Рэспубліка — не анархія. Той, хто парушае яе законы, павінен адчуць наступствы»,— пракаментаваў справу дзяржаўны сакратар. Брытанскае ВВС, у сваю чаргу, звяртае ўвагу на тое, што Макрон апошнім часам усё часцей намагаецца падзяліць пратэстны рух на звычайных французаў, патрабаванні якіх ён не супраць выканаць, і радыкалаў. Да апошняй катэгорыі маніфестантаў дзяржава, па яго словах, не павінна мець літасці.

Працэс над Друэ адбудзецца не хутка — толькі ў лютым. Да гэтага часу, гледзячы па ўсім, Францыя моцна зменіцца. Прынамсі, спадзяванні ўлады на тое, што пасля Новага года рух пратэсту выдыхнецца, рэалізаваліся не напоўніцу. Колькасць пратэстоўцаў сапраўды змяншаецца, аднак іх застаецца дастаткова шмат (каля 87 тысяч у мінулую суботу), а самі маніфестанты маральна ўсё часцей гатовыя на гвалтоўны супраціў. Пакуль формулы стабілізацыі сітуацыі ў краіне ўлада не мае.

Так ці інакш, палітычная будучыня кіроўцы з Мелюна пакуль выглядае больш перспектыўна, чым у прэзідэнта Макрона.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!