Кітай адвярнуўся ад афіцыйнага Мінска

Пекін губляе цікавасць да беларускага дыктатара Лукашэнкі на фоне палітычнага крызісу ў яго краіне.


Калі Лукашэнка сустракаўся 22 лютага з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Сочы, каб абмеркаваць фінансавыя і інтэграцыйныя пытанні, у руках у беларускага кіраўніка адсутнічаў адзін палітычны козыр — Кітай, піша Рыд Стэндыш на «Радыё Азаттык».

За час знаходжання ва ўладзе Лукашэнка выкарыстаў рознагалоссі паміж Захадам і Расіяй для ўмацавання ўласных пазіцый унутры краіны. У апошнія гады яшчэ адным ключавым элементам і ўсё больш прыкметным эканамічным гульцом у геапалітычным раўнанні беларускага дыктатара стаў Кітай.

Але крызіс у Беларусі, выкліканы жорсткім прыгнётам Лукашэнкам мірных дэманстрацый пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні, якія апазіцыя і міжнародныя назіральнікі лічаць сфальсіфікаванымі, прывёў да санкцый Захаду ў дачыненні да Мінска і да эканамічнага спаду.

Палітычна ізаляваны ад Еўропы Лукашэнка, які сутыкаецца з ўнутранымі выклікамі, стаў значна менш прывабным партнёрам для Пекіна.

«Раней Беларусь магла атрымліваць грошы ад Захаду і Расіі, а затым паварочвацца ў бок Кітая, — кажа Каця Глод, супрацоўніца Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі. — Але падтрымка Кітая слабее, гэта азначае, што ў Мінску значна менш прасторы для манеўру, асабліва з Расіяй».

Цікавасць Кітая да падтрымкі аўтакрата працягвае астываць.

Хоць прэзідэнт Кітая Сі Цзіньпін першым сярод замежных лідараў «павіншаваў» Лукашэнку ў жніўні, Пекін стрымлівае эканамічную ці палітычную падтрымку Мінска.

Кітай, які вельмі актыўна ўкладваўся ў эканоміку Беларусі, з 2019 года не прапаноўвае Мінску новых праектаў або крэдытаў і, падобна, дыстанцуецца ад унутрыпалітычнага крызісу ў краіне.

Гэта падрывае рычагі ўплыву Лукашэнкі.


Выпрабавальны палігон Кітая

Кітай за апошняе дзесяцігоддзе рэзка павялічыў знешнеэканамічную прысутнасць у свеце праз ініцыятыву «Адзін пояс — адзін шлях», якая лічыцца амбіцыйным праектам Сі Цзіньпіна.

Па меры таго, як Пекін праз «Адзін пояс — адзін шлях» нарошчваў уплыў за кошт інвестыцый у інфраструктуру, энергетыку і тэхналогіі, краіны былога Савецкага Саюза сталі выпрабавальным палігонам для кітайскай палітыкі.

У многіх адносінах Мінск абходжваў Пекін, асабліва калі сутыкнуўся з ціскам санкцый Еўрапейскага Саюза і напружанасцю ў адносінах з Масквой з-за кантролю над пастаўкамі нафты ў 2000-х гадах. Але ў цэнтры ўвагі Кітая Беларусь аказалася толькі пасля анэксіі Масквой Крыма ў 2014 годзе.


Да гэтага Пекін разглядаў Украіну ў якасці стратэгічнай прыступкі для выхаду Кітая ў Еўропу. Да незаконнай анэксіі Расіяй украінскага паўвострава Кітай удзельнічаў у праекце коштам 10 мільярдаў долараў у будаўніцтве глыбакаводнага порта ў Крыме. Порт быў часткай планаў па дыверсіфікацыі маршрутаў грузапатоку з Азіі ў Еўропу.

Пратэсты ва Украіне, якія зімой 2014 года ў выніку абярнуліся звяржэннем прарасійскага прэзідэнта Віктара Януковіча і вайной на ўсходзе Украіны, прывялі да таго, што Кітай пераключыў сваю ўвагу на Беларусь, якая пазіцыянавала сябе як важную пляцоўку на шляху «Аднаго пояса — аднаго шляху» ў Еўрапейскі Саюз.

У апошнія гады на кітайскія грошы былі прафінансаваныя новыя дарогі, заводы і чыгуначныя зносіны з Еўропай, а таксама шырокі індустрыяльны парк на ўскраіне Мінска, які прыцягнуў больш за мільярд долараў інвестыцый ад 56 замежных кампаній, у тым ліку кітайскіх тэхналагічных гігантаў «Huawei» і «ZTE».

Пекін таксама адкрыў крэдытную лінію на 15 мільярдаў долараў для Банка развіцця Беларусі ў 2019 годзе і прапанаваў пазыку на 500 мільёнаў долараў у тым жа годзе пасля таго, як Масква адмовіла ў крэдыце на фоне напружаных перамоў па інтэграцыі.

«Кітай хоча стабільнасці — гэта заўсёды самае галоўнае для Пекіна», — каментуе Пітэр Брага, эксперт па беларуска-кітайскіх адносінах з універсітэцкага каледжа Лондана.

Але міжнародная ізаляцыя Мінска, асабліва сварка Лукашэнкі з Захадам, абмежавала стратэгічнае значэнне Беларусі для Кітая.

Брага кажа, што Пекін заўсёды разглядаў Мінск як рызыкоўную інвестыцыю, і хоць Кітай за апошнія гады значна пашырыў сваю прысутнасць у Беларусі, ён асцярожна падыходзіў да структуравання сваіх крэдытаў і здзелак, каб мінімізаваць уласныя рызыкі.

Пекін прапаноўваў Мінску ўмоўныя інвестыцыі, падштурхоўваючы Беларусь укладваць уласныя грошы ў ініцыятывы, а таксама часта выдаваў «звязаныя» пазыкі, якія патрабавалі ад беларускіх кампаній купляць кітайскія матэрыялы і тэхналогіі для фінансуемых Пекінам праектаў у краіне.

Больш за тое, многія прадпрыемствы, у якія Кітай інвеставаў і пад якія выдаваў крэдыты, застаюцца незавершанымі і адстаюць ад графіка, з-за чаго не могуць папаўняць казну Беларусі.

Ва ўмовах унутранага крызісу, які працягваецца, асцярогі толькі ўзмацніліся, і Пекін вымушаны быў перагледзець сваю прыхільнасць да Мінска.

«Кітай будзе захоўваць бачнасць, але глыбокія адносіны ў цяперашні час замарожаныя, — кажа Брага. — Пекін пачне вяртаць грошы ў Беларусь у ранейшых маштабах, толькі калі Мінск зможа нармалізаваць свае стасункі з Еўропай».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: