Кітай рыхтуецца адзначыць Свята вясны

У правінцыі Гуйчжоу (Паўднёва-Заходні Кітай) адкрываюцца святочныя кірмашы, і жыхары спяшаюцца па пакупкі да Свята вясны. Апошні дзень адыходзячага года традыцыйна суправаджаецца наведваннем кірмашоў, за што ён празваны «кірмашовым».


Кітайскі Новы год — Чунь цзе, што значыць Свята Вясны, з'яўляецца для кітайцаў самым важным святам, яго адзначаюць ужо больш за дзве тысячы гадоў. Ён прыпадае на другі маладзік пасля зімовага сонцастаяння, на перыяд паміж 12 студзеня і 19 лютага. Сёлета Свята вясны адзначаецца 5 лютага.

Напярэдадні Новага года людзі прымацоўваюць на дзверы чырвоныя парныя надпісы, запускаюць хлапушкі, у дамах гараць агні, людзі не кладуцца спаць і не спяць усю ноч, што па-кітайску называецца «шоў сунь» — «аберагаць год».

Ноч пад Новы год кітайцы называюць «ноччу сустрэчы пасля расстання». Для іх гэта самы важны момант года. Уся сям'я збіраецца за святочным сталом да навагодняй вячэры, якая адрозніваецца багаццем і разнастайнасцю страў. Напрыклад, навагодняя вячэра не абыходзіцца без страў з курынага мяса, рыбы і «доўфу» — соевага тварагу, які мы называем «тофу», таму што ў кітайскай мове назвы гэтых прадуктаў сугучныя са словамі, якія азначаюць «шчасце» і «дастатак».

На поўначы Кітая на Новы год прынята есці пяльмені (цзяоцзы), а на поўдні — «няньгао» (лустачкі, прыгатаваныя з клейкага рысу). Паўночнікі аддаюць перавагу пяльменям, таму што на кітайскай мове слова «цзяоцзы» сугучна са словамі «праводзіны старога і сустрэча новага». Акрамя таго, пяльмені нагадваюць сваёй формай традыцыйныя зліткі з золата і срэбра і сімвалізуюць пажаданне багацця. Па той жа прычыне паўднёўцы ядуць «няньгао», якія сімвалізуюць паляпшэнне жыцця з кожным годам.

Выхадныя доўжацца сем дзён. Першыя пяць дзён новага года прызначаныя для сустрэч. Сваякі, сябры, аднакласнікі, калегі наведваюць і віншуюць адзін аднаго з Новым годам. Традыцыя дарэння падарункаў не вельмі распаўсюджана ў Кітаі. На Чунь цзе традыцыйным падарункам з'яўляюцца Я-сунь Цянь — кішэнныя грошы ў спецыяльных чырвоных канвертах, якія прынята дарыць дзецям. Выконваючы даўнія звычаі, грошы дораць любому дзіцяці, які прыйшоў у дом у першыя 15 дзён новага года. Калі чырвонага канверта пад рукой не знойдзецца, нічога страшнага, можна абыйсціся і без яго. На Свята вясны некалькі дзён запар праводзяцца шумныя народныя гулянні і кірмашы, дзе выконваюць танцы льва і цмокаў, карагоды «сухапутных лодак», нумары на хадулях.

Навагоднія святы сканчаюцца пасля свята Ліхтароў, на пятнаццаты дзень першага месяца па месяцовым календары.

Фота з сайта belarusian.cri.cn

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: