Кодэкс для робатаў

Камітэт па прававых справах Еўрасаюза пастанавіў стварыць еўрапейскае заканадаўства, якое будзе рэгуляваць паводзіны робатаў на тэрыторыі ЕС.

Кадр з фільма «Электронік», 1979 г.

Наглядзеліся «Тэрмінатара»!.. Прыкладна такая думка адразу ўзнікае, калі чытаеш пастанову Камітэта Еўрапарламента пра намер стварыць Кодэкс для робатаў. Якраз у фільмах пра «Тэрмінатара» найбольш яскрава ў масавай культуры пададзена тое, як механізмы са штучным інтэлектам могуць выйсці з падпарадкавання чалавеку, каб пасля распачаць татальную вайну з Homo Sapiens.

Дзякуй Богу, вайна з робатамі пакуль не пагражае. Неабходнасць рэгуляцыі паводзінаў робатаў, па словах аўтараў пастановы, прадыктаваная іншымі чыннікамі. Як кажа адна з сябраў камітэта Мадзі Дэльво, «ужо сёння ў вялікай колькасці сфераў дзейнасці прысутнічаюць робаты. Каб кантраляваць працэс і гарантаваць, што робаты будуць на службе чалавека, для гэтай галіны неабходна стварыць правобраз прававых межаў для машын».

Кадр з фільма «Тэрмінатар 3: Паўстанне машын» (2003). Фота Intermedia Films

У перакладзе з мовы брусэльскіх чыноўнікаў на нармальную гэта азначае, што ў будучым усе аўтаматычныя прылады, створаныя па прынцыпу жывога арганізма, якія трапляюць на рынак ЕС, павінны адпавядаць не толькі патрабаванням тэхнічнай бяспекі. Закладзеныя ў робатаў праграмы не павінны дапусціць, каб машына нейкім чынам магла пагражаць здароўю і жыццю людзей. Сыходзячы з каментараў еўрачыноўнікаў, ад робатаў будуць патрабаваць паважаць не толькі людзей, аднак таксама прыроду і інфраструктуру. Непасрэдна правілы паводзінаў робатаў будуць апісаныя ў спецыяльным этычным кодэксе, чарнавік якога вынесуць на разгляд парламенту ЕС ужо ў лютым.

У прынцыпе, ідэя далёка не арыгінальная. Дастаткова даўно чалавецтва задумалася, што практыка выкарыстання штучных розумаў прывядзе да неабходнасці кадыфікацыі іх правіл паводзінаў. Упершыню тыя правілы сфармуляваў амерыканскі фантаст Айзек Азімаў (дарэчы, выхадзец з Беларусі) яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя.

Азімаў прапанаваў знакамітыя Тры законы робататэхнікі. Першы закон — робат не можа нанесці шкоду чалавеку або сваёй бяздзейнасцю дапусціць, каб чалавеку была нанесеная шкода. Закон нумар два: робат павінен падпарадкоўвацца загадам чалавека, акрамя тых выпадкаў, калі гэтыя загады супярэчаць Першаму закону. І, нарэшце, Трэці закон — робат павінен клапаціцца пра сваю бяспеку ў той ступені, у якой гэта не супярэчыць Першаму або Другому законам. Цікава, што ў 2007 годзе ўрад Паўднёвай Карэі пачаў распрацоўваць «Статут этычных нормаў для робатаў», асноўныя палажэнні якога нагадваюць сфармуляваныя Азімавым.

Падобна на тое, што і аўтары новага закону звернуцца да ідэй знакамітага фантаста. Так, прапануецца, што ў праграме кожнага робата на тэрыторыі ЕС будзе закладзены алгарытм, які павінен аўтаматычна выключыць або, як кажуць спецыялісты, «забіць» механізм у тым выпадку, калі ён парушыць правілы. Калі робат «не вырубіцца», адказваць перад судом давядзецца яго ўладальнікам і канструктарам. Сябры камітэту абяцаюць самае суровае пакаранне для тых, хто халтурыць, вырабляючы робатаў, — парушальнікаў кодэксу.

Прэса, у прынцыпе, вітае незвычайную ініцыятыву, аднак пры гэтым таксама гучаць скептычныя галасы. Некаторыя баяцца, што заканадаўцы банальна не паспеюць за тэхнічным прагрэсам, і ў дадатак могуць яго затармазіць. Першыя мадэлі аўтамашынаў з робатамі-кіроўцамі ўжо праходзяць тэсты, і іх з’яўленне на рынку — справа бліжэйшага часу. Ці паспеюць у Еўрапарламенце напісаць той кодэкс? На гэта парламентары кажуць, што ўсё пад кантролем. Больш таго, менавіта на згаданых вышэй робатах-кіроўцах і будуць тэставаць будучы законапраект.

Але гэта не ўсё. Еўраструктуры самі імкнуцца весці рэй у сферы робататэхнікі. Яшчэ ў кастрычніку мінулага года ЕС абвясціў пра пачатак праекту «Walk-Man Project», над якім будзе непасрэдна працаваць Тэхналагічны інстытут у Генуі. На выдадзеныя (у тым ліку з бюджэту ЕС) сем мільярдаў еўра плануецца распрацаваць гуманоіднага робата з параметрамі: рост — 185 см, вага — 120 кг. Калі такіх робатаў паставяць на канвеер, яны пачнуць дапамагаць будаўнікам або рабіць механічныя працы ў камунальнай сферы. Інжынеры абяцаюць, што новы робат зробіць сапраўдны прарыў, бо будзе здольны кіраваць іншымі машынамі і робатамі.

Creative Commons

На публікацыі пра тое, што робаты атрымаюць правы, звярнулі ўвагу і сацыёлагі. На іх думку, інтарэс да робатаў у камітэтах Еўрапарламента не выпадковы. Свет сапраўды рыхтуецца да радыкальных катаклізмаў на працоўным рынку, калі вялікая частка людзей будзе замененая рознага кшталту робатамі. Прычым, перспектыва згубіць працу ў бліжэйшы час пагражае не толькі прадстаўнікам фізічных прафесій, аднак і інтэлектуальных — найперш журналістам і перакладчыкам. Рэзкае з’яўленне вялікай масы беспрацоўных можа, як піша прэса, выклікаць буйныя сацыяльныя катаклізмы і палітычныя крызісы. Не выключаюць, што «стрэлачнікамі» за страту працы беспрацоўныя зробяць менавіта робатаў.

Дарэчы, стварэннем нормаў паводзінаў для робатаў праца ў Брусэлі не абмяжуецца. Найбольш правакацыйна гучыць ідэя дэпутатаў Еўрапараламента надаваць найбольш тэхнічна развітым робатам статус «электроннага грамадзяніна». На іх досведзе збіраюцца вывучаць, наколькі адказна машыны могуць паводзіць сябе без знешняга кантролю.

Карацей, «Тэрмінатар» адпачывае.

P.S.: Беларусь таксама не застаецца ў баку. Напрыканцы 2016 года беларускі прадпрымальнік Віктар Пракапеня і расійскі мільярдэр Міхаіл Гуцарыеў абвясцілі аб планах інвеставаць USD 100 млн у штучны інтэлект.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: