Колькасць анамальна гарачых дзён у акіяне за апошнія 90 гадоў вырасла ў паўтара раза

Кліматолагі ацанілі частату, працягласць і інтэнсіўнасць перыядаў анамальнай спёкі ў сусветным акіяне за апошнія 90 гадоў і выявілі, што ў сярэднім усе гэтыя паказнікі за стагоддзе прыкметна выраслі. Гэты рост можна адназначна звязаць з працэсамі глабальнага змянення клімату і ў далейшым ён можа згубна адбіцца на стане марскіх экасістэм.
Адно з наступстваў глабальных кліматычных змяненняў на Зямлі — павелічэнне працягласці і частоты перыядаў анамальнай спёкі. Анамальная спякота характарызуецца перавышэннем на некалькі градусаў характэрнай для дадзенага рэгіёну сярэдняй максімальнай гадавой тэмпературы, якое адбываецца на працягу некалькіх дзён запар. Калі сярэднія колькасць і тэмпература такіх дзён у нейкай вобласці расце год ад года, гэта можа апынуцца крытычным для прыродных экасістэм, што, у сваю чаргу, прыводзіць і да неспрыяльных сацыяльна-эканамічных наступстваў. Характэрныя гэтыя перыяды не толькі для тэмпературы паветра ў атмасферы, але і для тэмпературы вады ў акіяне, што аказвае згубны ўплыў, напрыклад, на калоніі марскіх водарасцяў і каралаў, прыводзячы да скарачэння іх колькасці і абескаляроўвання. Тым не менш, сістэматычнага даследавання ўплыву кліматычных змяненняў на перыяды анамальнага перагрэву вады ў акіяне да гэтага часу праведзена не было.

Каб звязаць кліматычныя змены, якія адбыліся за апошнія дзесяцігоддзі, з анамальна высокай тэмпературай вады на паверхні акіяна, група кліматолагаў з Канады, Аўстраліі, Вялікабрытаніі і ЗША пад кіраўніцтвам Эрыка Олівера (Eric CJ Oliver) вывучыла, як у сусветным акіяне за апошнія 90 гадоў (з 1925 па 2016 год) у сярэднім змянялася частата і працягласць перыядаў анамальнай спёкі. Для гэтага навукоўцы прааналізавалі дадзеныя аб тэмпературы паверхні мора, атрыманыя з дакладнасцю ад 1 да 4 градусаў па выніках спадарожнікавых назіранняў з 1982 па 2016 год, а таксама з дапамогай непасрэдных кропкавых вымярэнняў у папярэднія гады.

Аказалася, што за даследаваны перыяд у сярэднім па планеце частата перыядаў анамальна высокай тэмпературы ў акіяне павялічылася на 34 адсоткі, а іх працягласць — на адсоткаў сямнаццаць. Абодва гэтых фактары прывялі да таго, што агульная колькасць гарачых дзён у акіяне вырасла больш, чым у паўтары разы — адразу на 53 працэнты.

Асабліва працяглыя перыяды анамальнай спякоты высокай тэмпературы апынуліся характэрныя для экватарыяльнай зоны Ціхага акіяна на захад ад узбярэжжа Паўднёвай Амерыкі, гэта значыць той зоны, у якой актывізуецца Эль-Ніньё. Пры гэтым з-за працягласці гэтых перыядаў і іх жорсткай прывязкі да глабальных і працяглых зменаў напрамкаў паверхневых акіянскіх плыняў, гэтая вобласць апынулася адной з нямногіх, для якой частата і тэмпература перыядаў спёкі зменшыліся за апошнія гадоў трыццаць. Напрыклад, цяпер у сярэднім для гэтага рэгіёну характэрна менш аднаго спякотнага перыяду ў год. Акрамя таго, навукоўцы заўважылі, што да 1982 года частата анамальна гарачых перыядаў хоць і расла, але рабіла гэта значна больш павольна, чым у апошнія трыццаць пяць гадоў.

Аўтары працы адзначаюць, што нават у апошнія гады можна было заўважыць міграцыю некаторых рыб і іншых марскіх жывёл менавіта ў выніку анамальна цёплай марской вады, што моцна адбілася на рыбалоўстве. Па словах навукоўцаў, атрыманыя імі дадзеныя адназначна карэлююць з павышэннем сярэдняй тэмпературы паверхні сусветнага акіяна, і іх можна будзе выкарыстоўваць для прагназавання далейшага павелічэння працягласці і частаты перыядаў спёкі ў акіяне.

Большасць даследаванняў, якія спрабуюць звязаць глабальныя кліматычныя змены з верагоднасцю анамальна гарачага надвор'я, прысвечаны вывучэнню тэмпературы паветра. Напрыклад, нядаўна навукоўцы паказалі, што нават пры самым спрыяльным для чалавека сцэнары развіцця клімату ў бліжэйшыя сто гадоў у большасці еўрапейскіх гарадоў значна павялічыцца колькасць анамальна гарачых дзён, пры гэтым іх максімальная тэмпература можа вырасці на 7 градусаў. Адным з механізмаў павышэння частаты і інтэнсіўнасці гарачых дзён пры гэтым лічыцца зрушэнне вышынных струйных плыняў у атмасферы.

Паводле nplus1.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: