Корсіка абірае шлях Каталоніі?

Прывід Каталоніі крочыць па планеце. Ці будзе вымушаная Францыя ўслед за Іспаніяй сутыкнуцца з пагрозай сепаратызму?

Падставай уздымаць такое пытанне сталі вынікі другога туру выбараў на Корсіцы, што адбыліся 10 снежня. Кааліцыя карсіканскіх нацыяналістаў «Pé a Corsica» атрымала перамогу на выбарах у рэгіянальную асамблею, дзе будзе мець 41 з 63 дэпутацкіх мандатаў. Пры гэтым мясцовыя секцыі французскіх партый на выбарах выступілі ў ролі статыстаў.

Гэта беспрэцэдэнтны поспех нацыяналістаў, які яны самі ўспрымаюць як гістарычны шанец. Праўда, тэма незалежнасці вострава ад Парыжу пакуль не ўздымаецца. Выбарчая праграма «Pé a Corsica» будавалася на абяцаннях правесці шэраг рэформаў — надаць больш высокі статус карсіканскай мове, дамагчыся фіскальнай аўтаноміі і амністыі для нацыяналістаў, якія раней трапілі ў турмы за розныя правіннасці.

Найбольш экзатычнае патрабаванне — увядзенне карткі рэзідэнта Корсікі. Толькі наяўнасць такой карткі, якую можна будзе атрымаць пасля 5 гадоў пражывання, дазволіць яе ўладальніку набываць на востраве нерухомасць або мець права на працаўладкаванне. Картка карсіканца разглядаецца як сродак барацьбы супраць спекулянтаў і будаўнічых кампаній, якія наносяць экалагічную шкоду востраву.

Так ці інакш, пра незалежнасць гаворкі няма. Як падкрэсліў пасля абвяшчэння вынікаў першага тура галасавання Жыль Сімеоні, лідар «Pé a Corsica», «мы жадаем больш дэмакратыі, больш міра і больш пераменаў на востраве. Парыж, у сваю чаргу, павінен разам з намі шукаць палітычнае рашэнне».

Тут, праўда, трэба ўзгадаць, што «Pé a Corsica» — гэта шырокае аб’яднанне, куды таксама ўваходзяць больш радыкальныя групоўкі. Жан-Гі Таламоні, лідар гэтай фракцыі, падчас кампаніі ахвотна дзяліўся фантазіямі наконт суверэннай Корсікі. Паводле яго словаў, праз 10–15 гадоў ёсць перспектыва вынесці на плебісцыт пытанне наконт фактычнай незалежнасці вострава.

Аднак і значна больш сціплыя планы карсіканцаў выклікаюць негатыўную рэакцыю ў Парыжы. Літаральна пасля абвяшчэння вынікаў галасавання афіцыйныя крыніцы заявілі пра неадпаведнасць праграмы «Pé a Corsica» дзеючым законам рэспублікі. Найперш у Парыжы раскрытыкавалі ідэю карткі рэзідэнта, якая наўпрост супярэчыць параграфу аб роўнасці ўсіх грамадзян Французскай Рэспублікі. Па сутнасці, як кажуць юрысты, каб рэалізаваць праграму Сімеоні, трэба карэктаваць Асноўны закон.

Дарэчы, Парыж не першы раз займаецца тым, што тлумачыць карсіканцам прававыя межы іх памкненняў. У свой час папярэдні прэм’ер-сацыяліст Мануэль Вальс ужо блакаваў аналагічныя рэзалюцыі папярэдняй карсіканскай адміністрацыі, куды ў 2015 годзе ўваходзілі нацыяналісты. Тады карсіканцы таксама патрабавалі амністыі і ўвядзення карткі рэзідэнта. Мясцовыя палітыкі забыліся пра свае патрабаванні на тры гады, пакуль не абвясцілі новыя выбары.

Пра спекулятыўны характар незалежніцкіх лозунгаў сведчаць і дадзеныя сацыёлагаў. Хаця карсіканцы масава галасуюць за партыю незалежнасці, на самай справе абвяшчэння суверэнітэту хочуць не больш за 4–5 працэнтаў жыхароў выспы. Шмат хто лічыць, што галасаванне на Корсіцы мае пратэстны характар. За нацыяналістаў пачалі галасаваць пасля таго, як у 2015 годзе склаў зброю Фронт нацыянальнага вызвалення Корсікі — нацыяналістычная мілітарная групоўка.

Аднак гэтым разам наўрад ці ўсё скончыцца так мірна, як тры гады таму. Падзеі ў Каталоніі моцна паўплывалі на настроі карсіканцаў. Нягледзячы на рапарты Мадрыду пра тое, што каталонская фронда падаўленая, развязка крызісу ў Барселоне дасюль не зразумелая. У дадатак Еўропа знаходзіцца на парозе радыкальных трансфармацый. Берлін і Парыж — лакаматывы еўраінтэграцыі — выступаюць за больш маналітную Еўропу. Фарсіраваная еўраінтэграцыя, як спадзяюцца нацыяналісты, запусціць працэс перадачы паўнамоцтваў ад Парыжу або Мадрыду да Бруселю, што, маўляў, абудзіць лакальны нацыяналізм. У выніку канфлікт з часам перафарматуе Еўропу ў саюз народаў, а не дзяржаў.

Акрамя таго, зараз карсіканцы не самотныя ў сваіх амбіцыях. Падзеі ў Каталоніі абудзілі і іншыя французскія рэгіёны. Галасаванне на Корсіцы прайшло на наступны дзень пасля таго, як у Парыжы адбылася дэманстрацыя французскіх баскаў. Прадстаўнікі баскскай нацыі пражываюць па абодва бакі франка-іспанскай мяжы. І калі іспанская Краіна Баскаў карыстаецца аўтаноміяй, то баскі, якія жывуць у французскім дэпартаменце Атлантычныя Пірынеі, такіх аўтаномных правоў пакуль не маюць. У студзені гэтага года 158 камунаў у дэпартаменце выступілі за стварэнне асобнай адміністратыўнай адзінкі для баскаў. Пасля 2020 года, калі ў краі пройдуць мясцовыя выбары, можа пачацца кампанія за канчатковае афармленне аўтаноміі.

Эксперты лічыцца, што каталізатарам сепаратысцкага руху ў французскіх рэгіёнах могуць стаць вынікі галасавання ў Новай Каледоніі — французскім заморскім дэпартаменце ў Ціхім акіяне. У лістападзе наступнага года канакі (так называюць абарыгенаў), паводле дамовы з Парыжам ад 1988 года, павінны ў межах рэферэндуму абраць паміж незалежнасцю і аўтаноміяй. Калі канакі абяруць незалежнасць, яны выклічуць эфект даміно. У такім выпадку, як піша орган карсіканскіх нацыяналістаў «Unita Nazuonale», Корсіка і французская частка Краіны Баскаў змогуць паставіць пытанне пра выхад са складу Францыі прыкладна ў 2040 годзе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!