Крэмль абверг паведамленні наконт згоды Пуціна на размяшчэнне міратворцаў у Данбасе

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што згоду на ўвод міратворцаў у зону канфлікту на Украіне ў першую чаргу павінны даць Кіеў і Данбас.



Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў у пятніцу, 1 траўня, абверг сцвярджэнні пра тое, што Расія дала згоду на прысутнасць міратворцаў у зоне ўкраінскага канфлікту.

"Да таго часу, пакуль не будуць выкананыя ўсе тэксты мінскіх дамоўленасцей і канкрэтныя іх пункты, мы лічым, што падымаць любыя іншыя пытанні, у тым ліку і пра міратворцаў, абсалютна няправільна", — сказаў Пяскоў. Ён таксама адзначыў, што "Расія ніколі не аспрэчвала ідэю міратворцаў, але і згоды на яе ажыццяўленне ні Расія, ні іншы бок даць не можа". Па словах Пяскова, у першую чаргу гэта павінны зрабіць Кіеў і Данбас. Ён падкрэсліў, што цяпер сваю місію на ўсходзе Украіны выконвае АБСЕ.

Раней у прэс-службе адміністрацыі прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі сцвярджалі, што падчас тэлефоннай размовы ў "нармандскага фармаце" Уладзімір Пуцін дапусціў магчымасць размяшчэння міратворчага кантынгенту на Данбасе.

 

Бакі канфлікту ва Украіне заяўляюць пра парушэнні "рэжыму цішыні"

 

У прэс-цэнтры сілавой аперацыі ўкраінскай арміі 1 мая паведамілі, што за мінулыя суткі пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў былі абстраляныя 15 разоў, у тым ліку з мінамётаў і танкаў. У выніку баявых дзеянняў загінулі два ваеннаслужачых Нацгвардыі, яшчэ два былі параненыя. У ДНР заяўляюць, што зафіксавалі 54 факты парушэння "рэжыму цішыні" з боку ўкраінскіх сілавікоў. Паводле паведамлення прадстаўнікоў самаабвешчанай рэспублікі, за мінулыя суткі адзін ўзброены сепаратыст загінуў, яшчэ адзін атрымаў раненні.

Deutsche Welle

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: