Крым: вобшукі і затрыманні крымскіх татар

Сёння  расійскія сілавікі праводзяць ператрусы ў дамах некалькіх крымскіх татар.
У мікрараёне Каменка Сімферопальскага раёна сілавікі прыйшлі з ператрусам да актывіста Марлена Мустафаева. Уваход на двор яго дома перакрыў аўтазак, расійскія сілавікі адмовіліся называць прычыны ператрусу, паведамляе аб'яднанне «Крымская салідарнасць».

Пасля заканчэння ператрусу расійскія сілавікі адвезлі Мустафаева ў аддзяленне паліцыі. Паводле інфармацыі жонкі актывіста, яму ставяць у віну артыкул 282 ч. 1 (распальванне нянавісці альбо варожасці, прыніжэнне чалавечай годнасці).

Адвакат Эдэм Семядляеў кажа, што яго не пускаюць да падабароннага, скаргу з гэтай нагоды абяцалі разгледзець на працягу 30 дзён.
Марлен Мустафаеў

Марлен Мустафаеў

У лютым 2017 года ў доме Марлена Мустафаева правялі ператрус па справе аб дэманстрацыі «экстрэмісцкай сімволікі». Сілавікі канфіскавалі ў актывіста камп'ютарную тэхніку і некалькі кніг. Мустафаева прыйшлі падтрымаць дзесяць чалавек, яны здымалі дзеянні сілавікоў на відэа і транслявалі ў сацыяльных сетках. Усіх прысутных затрымалі. Марлена Мустафаева тады абвінавацілі ў «прапагандзе альбо публічным дэманстраванні атрыбутыкі або сімволікі экстрэмісцкіх арганізацый», арыштавалі на 11 сутак, яго паплечнікаў — на пяць.

У Старым Крыме раніцай 4 верасня расійскія сілавікі правялі адразу два ператрусы: у дамах Зарэмы Куламетавай, маці крымскататарскага актывіста Гірая Куламетава, і ў актывіста Абдулаха Якубава.

Зарэму Куламетаву павезлі ў невядомым кірунку, паведаміла яе дачка Рыяна Куламетава. Паводле яе слоў, маці ў момант затрымання адпрацоўвала ў парку пакаранне ў выглядзе 250 гадзін абавязковых прац.

«Прыехаў белы мікрааўтобус і шэры аўтамабіль, як мне распавёў відавочца, да мамы падышлі ў парку сілавікі, паказалі пасведчанне і павезлі. Яна не выходзіць на сувязь. Зараз я прыехала да нашага дому ў Старым Крыме, дзе мы жылі раней, тут перакрытая ўся вуліца, і мяне ў дом не пускаюць», — сказала Рыяна.

Пасля славеснай сваркі з сілавікамі Рыяну Куламетаву і яе бацьку Зэкія Куламетава таксама затрымалі.

Паводле Крым. Реалии

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!