Крымінальная справа супраць Кэвіна Спэйсі ў ЗША развалілася ў судзе

Пракуратура штата Масачусэтс зняла абвінавачанні з акцёра Кэвіна Спэйсі, якому інкрымінавалі сэксуальныя дамаганні да 18-гадовага сына тэлевядоўцы Хезер Анру. Малады чалавек сцвярджаў, што Спэйсі чапляўся да яго ў рэстаране на востраве Нантакет ў 2016 годзе.
Меркаваны пацярпелы распавядаў, што тры гады таму акцёр напаіў яго алкаголем, пасля чаго пачаў дамагацца ў рэстаране. У выніку Спэйсі прад’явілі абвінавачванні ў распусных дзеяннях і абразьлівых паводзінах. Акцёр віну не прызнаваў.

На судовых слуханнях абарона Спэйсі заявіла, што са смартфона маладога чалавека, у якім захаваліся запісы і паведамленні, што прад’яўляюцца ў якасці доказаў абвінавачвання, частка дадзеных была выдаленая, што само па сабе з’яўляецца злачынствам.

Суддзя запатрабаваў прад’явіць смартфон, але адвакаты юнака заявілі, што тэлефон знік.

Тады суддзя выклікаў на дачу паказанняў самога пацярпелага, але той спаслаўся на пятую папраўку да Канстытуцыі ЗША, якая дазваляе не сведчыць супраць самога сябе.

У адказ юрысты Спэйсі прапанавалі спыніць справу з-за дапушчаных парушэнняў. Пракуратура вырашыла зняць абвінавачванні з акцёра.

Спэйсі абвінавачвалі ў сэксуальных дамаганнях у некалькіх краінах; на хвалі руху #MeTo гэтыя абвінавачванні набылі шырокую агалоску і каштавалі акцёру кар’еры. Але ні адна з іх, акрамя справы на востраве Нантакет, пакуль не дайшло да суда.

Першым пра прыставанне Спэйсі ў кастрычніку 2017 год распавёў акцёр Энтані Рап. Гаворка ішла пра падзеі 30-гадовай даўніны. Спэйсі папрасіў прабачэння перад Рапам у пісьмовай форме і заявіў, што не памятае тую сустрэчу.

Неўзабаве з падобнымі абвінавачваннямі выступіў амерыканскі кінарэжысёр Тоні Мантана. Паводле яго слоў, Спэйсі чапляўся да яго ў бары ў Лос-Анджэлесе ў 2003 годзе.

У лістападзе 2017 года кіраўніцтва лонданскага тэатра «Олд Вік» паведаміла аб 20 скаргах на непрыстойныя паводзіны Спэйсі ад цяперашніх і былых супрацоўнікаў тэатра. Спэйсі 11 гадоў быў мастацкім кіраўніком «Олд Віка». Зараз паліцыя Лондана раследуе шэсць абвінавачванняў у сэксуальных дамаганнях у дачыненні да акцёра; у пачатку ліпеня стала вядома пра тое, што брытанскія паліцэйскія дапыталі яго на тэрыторыі ЗША. Спэйсі настойвае на сваёй невінаватасці.

Пасля таго як выбухнуў скандал, сцэны з удзелам акцёра выдалілі з некалькіх карцін, якія на той момант знаходзіліся ў вытворчасці: фільм «Усе грошы свету» тэрмінова перазнялі з іншым акцёрам у той жа ролі, стрымінгавая платформа Netflix разарвала кантракт са Спэйсі на здымкі ў "Картачнай хатцы". У заключным сезоне серыяла Спэйсі ўжо не з’явіўся.

Паводле ВВС

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!