Крымінальную справу супраць расійскага журналіста Івана Галунова спынілі

Рашэнне прынята ў сувязі з недаказанасцю віны журналіста.
Журналіст Іван Галуноў у судзе. Фота: epa / vostock-photo

Журналіст Іван Галуноў у судзе. Фота: epa / vostock-photo

Кіраўнік МУС Расіі Уладзімір Калакольцаў паведаміў, што прынята рашэнне аб вызваленні журналіста «Медузы» Івана Галунова ад адказнасці.

Гэтае рашэнне звязана з недаказанасцю яго віны.

Ужо 11 чэрвеня журналіста вызваляць з-пад хатняга арышту, паабяцаў міністр.

Незадоўга да абвяшчэння гэтага рашэння абарона Галунова паведаміла, што яго павезлі з хаты ў ГУ МУС Масквы.

Журналіста-расследавальніка Івана Галунова паліцыянты затрымалі ў цэнтры Масквы 6 чэрвеня. У прэс-службе гарадскога глаўка паліцыі заявілі, што ў яго пры сабе і дома знайшлі наркотыкі. Яго абвінавацілі ў замаху на збыт наркатычных сродкаў у буйным памеры. Следства папрасіла яго арыштаваць. 8 чэрвеня суд адправіў журналіста пад хатні арышт.

Галуноў віну не прызнаў. Ён выказаў меркаванне, што яго пераслед звязаны з публікацыямі пра пахавальны бізнес, за якія ён раней атрымліваў пагрозы. Яго абарона дапусціла, што наркотыкі маглі яму падкінуць, і паказвала на шматлікія парушэнні ў дзеяннях паліцэйскіх. Таксама журналіст паскардзіўся на збіццё ў аддзеле паліцыі пасля затрымання.

Таксама пытанні выклікала публікацыя на сайце ГУ МУС Масквы фатаграфій з падпольнай наркалабараторыі, пра якія прэс-служба глаўка спачатку сцвярджала, што ўсе яны былі зробленыя ў Галунова дома. Пасля высветлілася, што ў яго кватэры быў зроблены толькі адзін з дзевяці апублікаваных здымкаў.

Журналісцкая супольнасць выступіла ў падтрымку Галунова. З 8 чэрвеня праходзілі пікеты ў абарону журналіста. Акцыі ў яго падтрымку праходзілі таксама ў іншых гарадах і краінах, за яго заступаліся арганізацыі і асобныя грамадскія дзеячы. 10 чэрвеня тры асноўных дзелавых штодзённых газеты, РБК, «Ведомости» і «Коммерсантъ» выйшлі з адзіным афармленнем і слоганам «Я / Мы Іван Галуноў».

Паводле interfax.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!