Крывавы Хадж

Пяцьдзясят гадоў таму група тэрарыстаў захапіла Вялікую мячэць у Мецы. Гэты малавядомы ў нас эпізод шмат у чым стварыў контуры свету, у якім мы цяпер жывём.

 Фота www.lenta.ru

Нельга без здзіўлення гля­дзець на здымкі маладога Усамы бен Ладэна, зробленыя ў сярэдзіне 1970-х гадоў. З выяваў глядзіць не барадаты фанатык, а юнак, апрануты па заходнім фасоне. На тых фотках — у джынсах і цішотках і іншыя чальцы яго сям’і. Усё таму, што Саудаўская Аравія ў 1970-я гады была трошкі іншай, чым сёння, краінай. Так, іслам адыгрываў значную ролю ў жыцці грамадства, аднак адначасова назіраўся працэс вестэрнізацыі часткі насельніцтва — вынік ператварэння краіны ў самага буйнога на планеце экспарцёра нафты, што, у сваю чаргу, выклікала шмат кантактаў з заходнікамі і імпарт заходняга ладу жыцця.

Усё кардынальна змянілася 20 лістапада 1979 года, калі група фанатыкаў атакавала Вялікую мячэць. Гэта былі чальцы падпольнага руху, які патаемна сфарміраваўся напрыканцы 1970-х. Драйверам для сыходу ў падполле стала думка, што кароль Халід здрадзіў запаветам вахабізму і ператварыўся ў амерыканскую марыянетку. Імпэту надаваў і нядаўні поспех ісламскай рэвалюцыі ў суседнім Іране. Той факт, што лідар тэрарыстаў Джухайман аль-Утайбі быў правадыром аднаго з кланаў, дазволіў рэкрутаваць у групу каля тысячы чалавек, у тым ліку жанчын і дзяцей.

Тое, што мэтай атакі тэрарыстаў была абраная Мекка, цалкам лагічна: кантроль над мусульманскай святыняй надаваў легітымнасць каралеўскаму рэжыму. Не выпадковай была і дата атакі — 20 лістапада. На гэты дзень прыходзіўся пачатак новага ісламскага стагоддзя, калі, паводле паданняў, на зямлю мусіў прыйсці Махдзі — выратавальнік.

Менавіта ў якасці Махдзі прадставіў сябе Джухайман аль-Утайбі пасля таго, як а пятай ранку яго атрадам быў захоплены комплекс. На момант атакі ў квартале знаходзілася каля 50 тысяч пілігрымаў. Некаторых з іх (прыкладна шэсць тысяч чалавек) тэрарысты ўзялі ў закладнікі, з якіх частку выкарысталі як «жывы шчыт» для абароны захопленых аб’ектаў. Пасля захопу Махдзі агучыў свае патрабаванні: адстаўка караля як здрадніка вучэння вахабітаў і перадача ўлады яму.

Неадкладна ўся тэлефонная і тэлеграфная сувязь Саудаўскай Аравіі са знешнім светам была перапыненая. Вестка аб захопе Вялікай мячэці ні пры якіх абставінах не павінна была пакінуць каралеўства. Аднак таямніцу захаваць не атрымалася. Шыіты на ўсходзе краіны ўзнялі паўстанне. Вашынгтон адправіў у рэгіён дадатковы флот. Іран заклікаў мусульман падтрымаць выступ аль-Утайбі, атакаваўшы амерыканскія пасольствы па месцы прапіскі. Паўстанню хаосу дапамог і першы няўдалы штурм комплексу, які баявікі лёгка адбілі.

Фота www.web.de

Рэжым адчуваў сябе вельмі няўтульна. Пераламіць сітуацыю дапамагла адна дэталь. Святое пісанне забараняе любы гвалт у святым комплексе (нельга было нават выдзіраць пустазелле з глебы). З гэтай прычыны святары і вернікі ўстрымаліся ад падтрымкі спробы перавароту. Яна была асуджаная асаблівай фетвай.

Адначасова ішла падрыхтоўка да новага штурму. Паколькі сваіх спецыялістаў у Саудаўскай Аравіі не было, папрасілі дапамогу ў замежжы. Францыя, Злучаныя Штаты, Пакістан тэрмінова даслалі свае спецфарміраванні, з якімі ўзніклі праблемы: толькі прававерныя маюць права знаходзіцца ў Мецы. Частцы французаў давялося прыняць іслам. Падчас новага штурму 28 лістапада кіраўнік тэрарыстаў быў забіты, што зламала дух абаронцаў. Яны схаваліся ў катакомбах, адкуль іх з дапамогай газу да 4 снежня выкурыў усё той жа французскі спецназ. Усяго за час захопу комплексу было забіта каля тысячы чалавек. Яшчэ 63 прыхільнікі псеўда-Махдзі праз нейкі час былі пакараныя — ім адсеклі галовы.

Падавалася, што мела месца рашучая міжнародная перамога над тэрарызмам. Аднак у перспектыве ўсё аказалася інакш. Кароль Халід быў настолькі перапалоханы падзеямі 1979-га, што пачаў флірт з вахабітамі. Хутка кабетам забаранілі наведваць кіно, тэатры, грамадскія імпрэзы. У адукацыі была пашыраная праграма вывучэння рэлігіі. Рэлігійнай паліцыі Mutawwa надаваліся новыя паўнамоцтвы.

Аднак значна горш было тое, што Саудаўская Аравія таксама вырашыла падтрымліваць імідж самай паслядоўнай ісламскай дзяржавы ў свеце. Пасля ўваходу савецкай арміі ў Афганістан у 1979 годзе саудыты стваралі мільярдныя фонды для падтрымкі афганскіх інсургентаў. Пры гэтым вялікая ўвага надавалася таму, каб афганскі супраціў меў не дэмакратычны, а выразны рэлігійны складнік. За кошт грошай з Аравіі з часам паўстаў рух Талібан, а пасля — групоўка бен Ладэна, які напачатку стагоддзя аддала загад пачаць падрыхтоўку да тэрарыстычнай атакі на Злучаныя Штаты ў верасні 2001-га. І калі з Аль-Каідай неяк разабраліся, то Талібан ужо 20 гадоў застаецца нявырашанай праблемай для Злучаных Штатаў. Прычым цяпер «студэнты» пачалі выходзіць на паўднёвыя рубяжы Цэнтральнай Азіі.

Толькі зараз Эр-Рыяд пачынае адыходзіць ад стратэгіі, якой кіраваўся пасля захопу Меккі. Прынамсі, у 2017 годзе адзін з мясцовых прынцаў прызнаў, што пасля 1979-га краіна кіравалася «дэканструктыўнымі ідэямі». Аднак адмовіцца ад спадчыны будзе няпроста. Усяго праз пару месяцаў пасля таго выступу стала вядома пра арышт аднаго з кіраўнікоў мясцовага МУС, які планаваў паўтарыць атаку на Вялікую мячэць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: