Крызіс у Венесуэле. Погляд знутры

У цэнтры ўвагі ўсяго сусвету — Венесуэла, дзе абвастрыўся канфлікт паміж уладай і апазіцыяй. Прапануем агляд мясцовай аналітыкі наконт магчымых сцэнараў развіцця сітуацыі.
Juan Carlos Hernandez / Zuma / TASS

Juan Carlos Hernandez / Zuma / TASS

Усе, хто сутыкаўся з венесуэльскай прэсай, напэўна, адзначалі цікавую анамалію. Нягледзячы на тое, што палітызацыя ў краіне зашкальвае, у прыярытэце для СМІ традыцыйна навіны спорту. Усё з-за фантастычнай любові венесуэльцаў да бейсболу.

Зрэшты, сёння, падобна, палітыка нарэшце пацясніла спорт, што тлумачыцца вастрынёй сітуацыі. 23 студзеня спікер парламента Хуан Гуайда абвясціў сябе часовым прэзідэнтам краіны. Ледзь не адначасова ЗША заявілі аб прызнанні яго прэзідэнтам Венесуэлы і запатрабавалі ад Мадура скласці паўнамоцтвы. Паралельна ў розных гарадах пачаліся жорсткія сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй, а адзін з гарнізонаў нават спрабаваў узняць мяцеж. Крызіс працягваецца.

Многія апазіцыянеры лічаць, што надышоў апошні і вырашальны бой у барацьбе супраць рэжыму Мадура. У адпаведным тоне вытрыманыя і каментары апазіцыйнай прэсы. «Лёс Венесуэлы вызначаецца сёння. Акрамя прававых і палітычных меркаванняў, мы маем нелегітымнага палітыка з загалоўнай літары. Ён і яго партнёры пагрузілі краіну ў гуманітарную катастрофу ў сацыяльным плане, «здолелі» разбурыць эканоміку на фоне нафтавага буму. Калі мы дададзім да гэтага абсалютнае грэбаванне правамі чалавека, відавочна, што няма падстаў для апраўдання Мадура», — піша адзін з калумністаў апазіцыйнага выдання «El Nacional».

Зрэшты, некаторыя мяркуюць, што Мадура мае шанс капітуляваць прыгожа. Такі сцэнар магчымы, калі Мадура пойдзе шляхам Піначэта. Апошні ў 1988 годзе дазволіў рэферэндум на тэму «Ці згодныя вы, каб краінай кіраваў Піначэт яшчэ 10 гадоў?». Плебісцыт дыктатар нечакана прайграў — і спакойна пайшоў на пенсію, але захаваў свабоду і жыццё.

Газета «El Universal», блізкая да апазіцыі, піша: «Мадура знаходзіцца ў такой жа сітуацыі, як Піначэт у канцы васьмідзясятых. Дыктатар з нюхам можа выйсці са складанай сітуацыі, калі ён пагодзіцца на новыя выбары ці плебісцыт. Піначэт зрабіў гэта, паколькі ў гэтага дыктатара былі яйкі. У Мадура, падобна, іх няма».

Для беларускіх дысідэнтаў, якія даўно не могуць знайсці кансенсусу, напэўна, будзе цікавая тэма праблемы адзінства венесуэльскай апазіцыі. Гэта супольнасць, якая была дэфрагментаванай, цяпер нечакана пачала гуляць адной камандай. «Нягледзячы на самыя горшыя прагнозы, студзень здзівіў нас двума цудамі: па-першае, народ выйшаў на вуліцу, каб сказаць на адрас Мадура: «Усё — хопіць!». Па-другое, нечакана апазіцыя аб'ядналася вакол адной мэты. Той факт, што ўчора яшчэ расколатая апазіцыя вырашыла скласці агульны пакт, кажа пра тое, што ўсе апазіцыянеры цяпер думаюць каштоўнасцямі адзінства».

Хуан Гуайда, Fernando Llano / AP



Зрэшты, праўладныя медыя не вераць у тое, што апазіцыя аб’ядналася па сваёй ініцыятыве. Маўляў, загад аб’яднацца прыйшоў з Вашынгтону. Калектыўныя выступы апазіцыі разглядаюць у кантэксце агульнага плана дзяржаўнага перавароту, які быццам распрацавалі ў Злучаных Штатах. Звяртаецца ўвага на тое, што Гуайда абвясціў сябе прэзідэнтам яшчэ прыкладна на тыдзень раней. Аднак тады яго словы ўспрынялі хутчэй як кур'ёз. Прызнаваць Хуана Гуайда ў якасці гаранта кінуліся пасля адпаведнага твіта Дональда Трампа.

«Упершыню ў гісторыі прэзідэнт быў прызначаны звонку толькі адным запісам у Twitter. Па сутнасці, гэта новы від дзяржаўнага перавароту, які пераважная большасць венесуэльцаў не прыме. Народ пераможа гэтую новую спробу грубага ўмяшання ў справы краіны», — абяцае праўладная «Ultima Noticias».

Падаецца, улада робіць стаўку на антыамерыканізм, які ўласцівы палітычнай культуры ў Лацінскай Амерыцы. Не дарма ў афіцыёзе шмат цытуюць Клаўдыё Ферміна — папулярнага ў свой час апазіцыйнага палітыка. Клаўдыё заявіў, што Мадура з'яўляецца законным прэзідэнтам, паколькі ён выйграў выбары, а працэнт іх удзельнікаў не супярэчыць Канстытуцыі краіны. Для Клаўдыё суверэнітэт краіны даражэй за дэмакратыю.
Але калі антыамерыканская рыторыка дапаможа Мадура застацца ў палацы Мірафлорэс (венесуэльскі аналаг Карла Маркса, 38) — гэта не вырашае праблемы. «На цяперашні час эканамічныя праблемы краіны адыходзяць на другі план. Аднак, калі Мадура здолее пазбегнуць нападу знешніх сіл, выпраўленне эканамічных памылак усё роўна застанецца для яго неадкладнай задачай — прычым, без рэальнай гарантыі поспеху», — адзначае венесуэльскі публіцыст Дзмітро Штраус.

Нарэшце, ёсць пазіцыя, якую падзяляюць як некаторыя чавісты, так і некаторыя апазіцыянеры. Гэта фракцыя піша, што пераможцы ў цяперашняй дуэлі не будзе. А вось двоеўладдзе ў краіне — цалкам рэальная перспектыва. Пры гэтым ані Мадура, ані Гуайда зараз не маюць дастатковага рэсурсу, каб цалкам перамагчы апанента. Такая сітуацыя па сутнасці значыць грамадзянскую вайну.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!