Кума Пуціна Медвядчука адправілі ва Украіне пад хатні арышт. За дзяржаўную здраду

Пячэрскі раённы суд Кіева адмовіў у задаволенні хадайніцтва Офісу генеральнага пракурора Ўкраіны аб узяцці пад варту палітыка Віктара Медвядчука, лідара партыі «Апазіцыйная платформа «За жыццё»», народнага дэпутата і кума прэзідэнта Расіі Ўладзіміра Пуціна.

Паводле рашэння суду, піша «Свабода», у дачыненні да Віктара Медвядчука абраны кругласутачны арышт з абавязковым нашэннем электроннага бранзалета. Ва Ўкраіне электронны бранзалет найчасцей выкарыстоўваюць як альтэрнатыўную меру стрымання для падазраваных у эканамічных злачынствах. Электронны бранзалет дапамагае дыстанцыйна адсочваць усе перамяшчэнні асобы, у дачыненні да якой праводзіцца следзтва.

Перад пачаткам пасяджэння суду Віктар Медвядчук паведаміў журналістам, што сам не мае магчымасці сплаціць заклад, якога патрабуе пракуратура ў выпадку альтэрнатыўнай меры стрымання.

«Перад гэтым органы ўлады зрабілі ўсё, каб я не змог заплаціць гэтыя грошы, бо да мяне і ў дачыненні да маёй жонкі незаконна ўжылі санкцыі паводле рашэння Рады нацыянальнай бяспекі і абароны і заблакавалі ўсе рахункі, з якіх можна пералічваць, а таксама тыя рахункі, з якіх маглі б паступіць грошы, каб забяспечыць заклад», — сказаў Віктар Медвядчук.

У той жа час ён падкрэсліў, што мае шмат сяброў, якія могуць яму дапамагчы ў гэтай сітуацыі пры неабходнасці.

На пасяджэнні суду Віктар Медвядчук заявіў пра палітычныя матывы яго пераследу з мэтай прыпыніць апазіцыйную дзейнасць яго і ягонай партыі.

Партыя Віктара Медвядчука мае статус парламенцкай, на выбарах у 2019 годзе яна атрымала 44 дэпутацкія мандаты — гэта найбольш пасля партыі-пераможцы «Слуга народу» (244 мандаты).

У часе прэзідэнцтва Пятра Парашэнкі Медвядчук быў адзіным камунікатарам паміж Расіяй і Ўкраінай і заўсёды выступаў за правядзенне перамоваў наўпрост паміж Масквой, Кіевам, Данецкам і Луганскам.

У 2019 годзе Віктар Медвядчук тройчы сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

У Беларусі ўкраінскі палітык мае бізнэс-партнёра Мікалая Вараб’я, які спачатку набыў кантрольны пакет акцый украінскага прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс» (яно займалася транспартаваннем дызельнага паліва ва Ўкраіну і Еўропу), а потым атрымаў адмысловы дазвол на пастаўку ва Ўкраіну антрацытавага вугалю.

19 лютага 2020 году паводле рашэння Рады нацбяспекі ўвялі санкцыі супраць лідара партыі «Апазіцыйная платформа «За жыццё» Віктара Медвядчука, ягонай жонкі Аксаны Марчанкі і ягонага аднапартыйца Тараса Козака, якіх лічаць датычнымі да незаконнай прыватызацыі дзяржаўнага прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс». Яны ўвесь час абвяргаюць сваю датычнасьць да гэтага.

З дэкларацыі аб даходах Віктара Медвядчука ў 2020 годзе стала вядома, што ён летась у кастрычніку стварыў у Беларусі траставы фонд і адкрыў у банку Мікалая Варабʼя «Абсалютбанк» два траставыя рахункі. Траст лічыцца адным з найбольш эфектыўных механізмаў абароны ўласнасці і актываў.

У чым падазраюць кума Пуціна

11 мая генеральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава і старшыня Службы бяспекі Ўкраіны Іван Баканаў паведамілі аб крымінальных справах, заведзеных у дачыненні да Віктара Медвядчука і Тараса Козака.

Медвядчука падазраюць як у змове з Расіяй па пытанні здабычы нафты і газу непадалёк ад узбярэжжа анексаванага Крыму, так і ў перадачы Расіі сакрэтнай інфармацыі. У справе фігуруе яшчэ адзін дэпутат Вярхоўнай Рады, Тарас Козак. Паводле шэрагу паведамленняў, ён знаходзіцца ў Расіі.

Медвядчук неаднаразова ў апошнія гады наведваў Расію і сустракаўся з яе вышэйшым кіраўніцтвам. Ён кум расійскага прэзідэнта Ўладзіміра Пуціна — той быў хросным бацькам яго дачкі.

Прэсавы сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў у сераду назваў крымінальную справу супраць Медвядчука ўнутранай справай Украіны і сказаў, што Масква не збіраецца ўмешвацца ў працэсы, звязаныя з крымінальным пераследам палітыка. «Мы хацелі б пераканацца, што за гэтым пераследам не хаваецца жаданне пазбавіцца ад палітычных канкурэнтаў», — сказаў пры гэтым Пяскоў. Ён таксама заявіў, што Медвядчук не звяртаўся да Расіі па палітычны прытулак.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: