Курдская міна запаволенага дзеяння

У іракскім Курдыстане 25 верасня адбыўся рэферэндум аб незалежнасці. Па папярэніх звестках, больш за 90 працэнтаў выказаліся за незалежнасць. На думку экспертаў, наступствы рэферэндума ўскалынуць не толькі Блізкі Усход, аднак і ўвесь свет.

Фота: AFP/GETTY IMAGES

«Станоўчае галасаванне аўтаматычна не будзе азначаць незалежнасць Курдыстана. Яно нават не будзе неадкладным пачаткам запуску працэдуры», — супакойваў крытыкаў ініцыятар рэферэндуму, прэзідэнт іракскага Курдыстана Масуд Барзані.

Варта таксама нагадаць, што ў 2005 годзе ў Курдыстане таксама праходзіў рэферэндум, на якім 98% курдаў прагаласавалі за незалежнасць, аднак ніякіх прававых вынікаў тое галасаванне не мела.

З улікам рэплікі Барзані і падзей 2005 года, курдскі рэферэндум, падаецца, не ўяўляе асаблівага інтарэсу. Аднак сусветная прэса працягвае біць у званы, пра што сведчаць загалоўкі артыкулаў, прысвечаных плебісцыту: «Танец з шаблямі», «Курдскі ўраган», «Ці выбухне рэгіён?» і гэтак далей.

Неспакойна і ў канцылярыях сталіцаў суседніх дзяржаў. За тыдзень да галасавання турэцкія войскі пачалі незапланаваныя ваенныя вучэнні на мяжы з Іракскім Курдыстанам. У Багдадзе рэферэндум завочна абвясцілі актам агрэсіі. Нагадаем, што Іракскі Курдыстан — аўтаномія на поўначы Ірака, статус якой замацаваны ў Канстытуцыі краіны.

Якія падставы для дэманстрацыі такіх эмоцый? Па-першае, мала хто верыць, што ўсё скончыцца кансультацыяй. Курды, якія за кошт Злучаных Штатаў стварылі моцную армію, што адыгрывала прыкметную ролю ў баях з Ісламскай дзяржавай, разумеюць унікальнасць сітуацыі. Такі шанец, як зараз, з’явіцца ў іх іншым разам не хутка. Лепшая ілюстрацыя на гэты конт — ігнараванне Барзані закліку Белага дому, дзе яму прапанавалі адмовіцца ад апытання. Таму простай «кансультацыяй» усё наўрад ці абмяжуецца.

Працэс афармлення курдскай дзяржаўнасці, які так ці інакш паскорыцца пасля 25 верасня, адназначна прывядзе да шэрагу канфліктаў. Курдская адміністрацыя на цяперашні момант працуе на тэрыторыях, межы якіх у значнай ступені вызначылі поспехі ў баявых дзеяннях. Гэтыя межы, натуральна, не прызнаюць суседзі. Перш за ўсё, вайна можа пачацца з метраполіяй. Непазбежнасць вайны з Багдадам адкрытым тэкстам вызнаюць курдскія СМІ.

Наўрад ці ўсё абмяжуецца толькі Іракам. 30 мільёнаў курдаў раскіданыя на межах Сірыі, Ірана і Турцыі. І само галасаванне можа выклікаць сепаратысцкія настроі ў курдскіх камунах. У лепшым выпадку, можа паўстаць пытанне аб федэралізацыі Сірыі і Турцыі. У апошняй сітуацыя найбольш небяспечная — кіраўніцтва Турцыі ўжо 30 гадоў змагаецца з курдскай партызанкай.

Курды Сірыі яшчэ ў сакавіку 2016 года абвясцілі пра стварэнне свайго аўтаномнага рэгіёну, а цяпер рыхтуюцца да правядзення выбараў у мясцовыя органы самакіравання. Натуральна, без якой-небудзь каардынацыі з афіцыйным Дамаскам. У Іране, дзе курдская грамада складае 8 мільёнаў, таксама наўрад ці абыдзецца без актывізацыі сепаратызму.

Няма сумневу, што глабальныя і рэгіянальныя гульцы пачнуць выкарыстоўваць «Курдскую вясну» ў сваіх інтарэсах. Кандыдатам нумар адзін называюць Ізраіль, які можа падтрымаць незалежнасць Курдыстана, каб насаліць Ірану. Пасля падцягнуцца арабы, якія таксама маюць не лепшыя адносінах з Тэгеранам. Магчыма, абвастрэннем паміж курдамі і іранцамі скарыстаецца і Вашынгтон для наўпроставай антыіранскай вайсковай акцыі.

Наўрад ці застанецца ўбаку і Масква. Хаця афіцыйна Крэмль заклікае да вырашэння курдскага пытання сродкамі міжнароднага права, на старонках праўрадавай прэсы гучыць іншая думка. Частка расійскага палітыкуму заклікае Пуціна спрыяць суверэнітэту курдаў, што дапаможа легалізаваць сепаратысцкія рэспублікі на Данбасе.

Традыцыйна курдскай праблематыкай цікавяцца ў Арменіі. Не толькі таму, што тут існуе моцная курдская грамада. Некаторыя армянскія палітыкі дасюль фантануюць праектам Вялікай Арменіі, у склад якой павінна ўвайсці частка Усходняй Турцыі. Дапамагчы ў рэалізацыі плану чамусьці павінны курды. Напэўна, Ерэван таксама будзе нейкім чынам спрыяць актуалізацыі курдскага пытання.

Фота: Alaa Al-Marjani / Reuters

Трэба адзначыць, што не ўсе палітолагі вераць у непазбежнасць эскалацыі пасля 25 верасня. Ёсць аптымісты, якія спадзяюцца, што ўсё абыдзецца, і на Блізкім Усходзе захаваецца стабільнасць. Іх галоўны тэзіс — Барзані блефуе. Тэма рэферэндуму патрэбная яму, маўляў, каб узмацніць пазіцыі на перамовах з Багдадам наконт багатых на нафту спрэчных рэгіёнаў.

Магчыма, такая версія мае грунт, аднак ці будзе здольны Барзані ўтрымаць працэс пад кантролем? Тон курдскіх СМІ, якія пісалі пра падрыхтоўку да рэферэндуму, вельмі ваяўнічы. «Ад вас, курдаў Іракскага Курдыстана, залежыць сёння будучыня ўсяго курдскага народа, яго маральны дух, імкненне да свабоды! Чым больш палохаешся звера, тым большая верагоднасць, што ён нападзе на цябе і прычыніць табе шкоду! Жэрабя кінутае! Ні кроку назад!» — пісаў адзін з курдскіх інтэлектуалаў напярэдадні 25 верасня.

Як следства, даводзіцца канстатаваць, што рэферэндум сапраўды яшчэ больш ускладніць і без таго складаны блізкаўсходні палітычны ландшафт.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: