Курдыстан: жаночая рэвалюцыя

На фронце ў Сірыі кожны тыдзень гінуць жанчыны-ваяры. Аднак яны абараняюць свой дом, сваю радзіму і сваю рэвалюцыю. Што ж рушыць тымі жанчынамі, хто праязджае тысячы кіламетраў з Захаду, каб далучыцца да змагарак з ісламістамі і... памерці?

 

Ганна Кэмпбэл

У сакавіку гэтага года сусветныя медыя абляцела навіна: у Афрыне, кантоне Сірыйскага Курдыстана, загінула грамадзянка Брытаніі — 25-гадовая анархістка Ганна Кэмпбэл.

На фронце ў Сірыі кожны тыдзень гінуць жанчыны-ваяры. Аднак яны абараняюць свой дом, сваю радзіму і сваю рэвалюцыю. Што ж рушыць тымі жанчынамі, хто праязджае тысячы кіламетраў, каб далучыцца да змагарак з ісламістамі? 

Бэкграўнд

Пра сірыйскую вайну ведае сёння кожны. Аднак за гадамі, якія прайшлі з пачатку канфлікту, многія забыліся, што вогнішча грамадзянскай, а насамрэч — проксі-вайны між дзяржавамі ад пачатку разгарэлася з-за народнай рэвалюцыі, якая мела сваёй мэтай вызваленне мноства груп сірыйскага насельніцтва ад прыгнёту самага рознага кшталту: палітычнага, рэлігійнага, нацыянальнага, гендарнага.

З 1971 года Сірыя знаходзіцца пад уладай сям’і Асадаў. Яны — прадстаўнікі шыіцкай секты алавітаў, што складаюць каля 20% насельніцтва краіны. Прыхільнікі гэтага веравызнання займаюць амаль усе ключавыя пасты на дзяржслужбе і ў войску. Амаль усё астатняе насельніцтва Сірыі — мусульмане-суніты, якія моцна цярпелі ад рэлігійнага прыгнёту.

Курды ў Сірыі складаюць 9–10% насельніцтва. Тэрыторыі, населеныя курдамі, пры Асадзе былі, фактычна, аграрна-сыравінным прыдаткам. На тэрыторыі Ражавы (Сірыйскага Курдыстану) знаходзіцца 80% сірыйскіх запасаў нафты, але ўся яна ішла на перапрацоўку ў іншыя рэгіёны. Вобласць, населеная курдамі, была надзвычай беднай: курдская моладзь масава выязджала ў іншыя рэгіёны ў пошуку працы і рабілася ў буйных гарадах чорнарабочымі. Выкладанне курдскай мовы і культуры ў школах было забароненае, курдскія актывісты атрымлівалі вялікія турэмныя тэрміны. Да 300 тысяч курдаў мелі статус неграмадзян.

Усё гэта ў сукупнасці выклікала ў Ражаве маштабныя хваляванні незадоўга да рэвалюцыі 2011-га. Адзін з першых такіх выступаў адбыўся ў 2004 годзе пасля футбольнага матчу ў горадзе Камышла. Падчас сутыкненняў курдаў з паліцыяй загінула не менш за 30 чалавек, быў спалены офіс кіруючай партыі і скінутая статуя Хафеза Асада. Для падаўлення паўстання ў горад былі ўведзеныя войскі. Тысячы курдаў былі вымушаныя збегчы ў Ірак.

У 2011-м Ражаву, як і ўсю Сірыю, ахапілі пратэсты супраць Асада. Трыгерам для рэвалюцыі стала забойства курдскага лідара Машааля Тамо ў яго кватэры невядомымі ў масках — меркавана, спецслужбамі Сірыі. На наступны дзень на яго пахаванні ў горадзе Камышла прысутнічала больш за 50 тысяч чалавек, паліцыянты адкрылі страляніну па працэсіі, 5 чалавек былі забітыя. Пратэсты нарасталі, і той жа вясной Асад паспрабаваў задобрыць курдаў, паабяцаўшы даць грамадзянства тым, хто яго не мае.

Аднак рэвалюцыю было ўжо не спыніць.

Рэжым Асада імкліва калапсаваў, будучы заняты падаўленнем народных пратэстаў і барацьбой з паўстанцамі ССА (Свабоднай сірыйскай арміі). 12 ліпеня 2012 года была падпісаная дамова паміж двума буйнымі курдскімі арганізацыямі: Дэмакратычным саюзам (PYD) і Курдскім нацыянальным саветам, якая, па сутнасці, абвясцілі суверэнітэт сірыйскага Курдыстана. YPG (Атрады народнай абароны — апалчэнне Ражавы) узялі штурмам горад Кабані, потым — Камышла. Войскі Асада былі пастаўленыя перад ультыматумам: пакінуць тэрыторыю Сірыйскага Курдыстану. І гэты ўльтыматум быў выкананы. Фактычна, рэгіён стаў незалежным. 

Пад сцягам Аджалана

Гісторыя курдскага нацыянальнага руху, рэвалюцыі ў Ражаве і тамтэйшага сацыяльнага ладу непарыўна звязана з імем Абдулы Аджалана — лідара ППК (Працоўнай партыі Курдыстана), якая з 1979 года змагаецца за незалежнасць Курдыстана адразу ў 4-х краінах: Турцыі, Сірыі, Іране і Іраку. Метады змагання ўключалі ў сябе ўзброеную барацьбу, за што цэлым шэрагам краін ППК была прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй.

Аднак галоўная кіруючая партыя Сірыйскага Курдыстану — PYD, фактычна, з’яўляецца афілятам ППК на тэрыторыі Сірыі, а заадно легітымным партнёрам ЗША ў змаганні з ІДІЛ і іншымі ісламістамі.

З 1999 году Абдула Аджалан адбывае пажыццёвае зняволенне ў турэцкай турме на востраве Імралы. Аднак зняволенне не замінае яму заставацца духоўным і палітычным лідарам ППК, аказваючы рашучы ўплыў на яе ідэалогію.

 

Абдула Аджалан

З канца 2000-х Аджалан усё больш цікавіцца ідэямі лібертарнага камуналізму — сацыяльнага ладу, ідэя якога была распрацаваная амерыканскім анарха-эколагам Мюрэем Букчыным (1921–2006). Аджалан пачынае ліставацца з Букчыным, і пад яго ўплывам змяняе свае ідэі: пачынае крытыкаваць нацыянальную дзяржаву, патрыярхат, выказваць клопат пра экалогію. Усе гэта з часам пачало адбівацца і на палітыцы партыі. ППК адыходзіць ад марксізму-ленінізму і ідэі пабудовы сацыялістычнай дзяржавы Курдыстан. Месца новай ідэалогіі займае выпрацаваны Аджаланам дэмакратычны канфедэралізм, згодна з якім Курдыстан мусіць быць канфедэрацыяй народаў (курдаў, арабаў, асірыйцаў, езідаў, армян і інш.), на базе наўпроставай дэмакратыі, кааператыўнай эканомікі, усеагульнай свабоднай адукацыі і роўнасці мужчын і жанчын.

 

Мюрэй Букчын. Фота rabkor.ru

Апошні пункт ва ўмовах Блізкага Усходу стаў ледзь не самым рэвалюцыйным. На патрыярхальныя традыцыі племяннога грамадства ў курдскіх рэгіёнах Сірыі наклаліся патрыярхальныя нормы Карана і Суны, што ставіла жанчыну ў стан каласальнай няроўнасці і шматбаковага прыгнёту. Барацьбе з імі Аджалан надаваў і надае ў сваіх палітычных пракламацыях велізарную ўвагу.

Як вынік, у 2013-м годзе на тэрыторыі Ражавы ствараюцца YPJ — Жаночыя атрады абароны, цалкам незалежныя вайсковыя фармаванні, якія складаюцца выключна з жанчын ад 16 гадоў. Уводзяцца нечуваныя раней нормы пазітыўнай дыскрымінацыі: жанчына ў курдаў можа камандаваць вайсковым звязкам з мужчын і жанчын, а мужчына — не. На сходах жанчын (не толькі ў арміі, але ўвогуле) мужчыны не прысутнічаюць і не маюць права голасу.

Акрамя вайсковых, YPJ выконвае і палітычныя функцыі: выяўляе выпадкі парушэння правоў жанчын, змагаецца з такімі з’явамі, як жаночае абразанне і прымусовыя шлюбы, якія, нягледзячы на поспехі рэвалюцыі, дагэтуль сустракаюцца. 

На антыісламісцкім фронце 

Ад моманту стварэння YPJ адразу прынялі актыўны ўдзел у барацьбе з Ісламскай Дзяржавай, якая на той момант была на піке магутнасці. Асабліва драматычнай была абарона Кабані — памежнага горада з 44-тысячным насельніцтвам, у якім атрады YPG i YPJ трапілі ў акружэнне трохкратна пераважаючых сіл ІДІЛ (3 тысячы супраць 9 тысяч) і былі пастаўленыя на мяжу знішчэння. На дапамогу курдам былі мабілізаваныя партызаны ППК з Турцыі і атрады іракскіх курдаў «Пешмерга»; авіяцыя ЗША наносіла авіяўдары. Праз пяць з паловай месяцаў курды здолелі прарваць блакаду і адкінуць сілы ісламістаў.

Па зразумелых прычынах ІДІЛ адчуваюць да жаночых атрадаў абароны звярыную нянавісць. Мала таго, што яны ўспрымаюць іх як парушальніц усіх магчымых нормаў Ісламу, акрамя гэтага джыхадзісты вераць: калі маджахед будзе забіты жанчынай, ён не трапіць у рай. Жорсткія кары і здзекі з апалчэнак YPJ, захопленых у палон — звычайная справа.

 

г. Кабані. 2014. Фота cdni.rt.com

Вайна жанчын-курдзянак супраць ісламістаў выклікала і працягвае выклікаць шырокую хвалю падтрымкі ў заходнім грамадстве. На дапамогу Ражаве і яе ўзброеным сілам мабілізуецца курдская дыяспара, левыя, антыфашысцкія і анархісцкія групы па ўсей Еўропе і не толькі.

Адзінкі, аднак, ідуць яшчэ далей і вырашаюць, што рэпостаў у Фэйсбуку і дэманстрацый мала, і змяняюць утульнае жыццё ў краінах еўрапейскіх дэмакратый на акопнае жыццё пустэльнай Сірыі. 

Эмпатыя і абавязак 

Ганна Бохман з Ванкувера ў мінулым — фотамадель.

 

Фота telegraph.co.uk 

Зараз ёй 46 гадоў. У 2015-м яна далучылася да атрадаў YPJ. Праз пэўны час арганізм не вытрымаў «акопнага жыцця» і незнаёмага клімату. У стане знясілення яна вярнулася на радзіму. Каб вылячыцца і... вярнуцца да курдскіх рэвалюцыянерак.

«Гэта з-за таго, што робіць ІДІЛ, і ад таго, што нашыя ўрады не робяць нічога, каб яго спыніць», — адказвае Ганна на пытанне “Vice News” аб тым, чаму яна далучылася да YPG.

«Я падумала — калі людзі могуць быць добраахвотнікамі ў ІДІЛ, то трэба каб былі і добраахвотнікі супраць ІДІЛ. «Ільвы Ражавы» (міжнародная група валанцёраў, якая перапраўляе людзей у курдскае апалчэнне) скантактавала мяне з YPJ, і я далучылася да іх у лютым 2015-га, як толькі ачуняла. Я сышла ў іракскі Курдыстан і адтуль перайшла мяжу на надзіманай лодцы».

 

Фота telegraph.co.uk 

Кімберлі Тэйлар — 27-гадовая брытанка, што вывучала матэматыку ва ўніверсітэце Ліверпуля і была валанцёркай розных сацыяльных і праваабарончых рухаў.

 

Фота i.guim.co.uk 

Яна працавала ў лагерах уцекачоў у паўднёвым Іраку і вырашыла далучыцца да ўзброенага змагання супраць ІДІЛ пасля размовы з мужчынам-езідам, які адмаўляўся з’язджаць са свайго месца жыхарства, бо ІДІЛ трымала ў закладніках дзвуюх яго дачок.

«У гэты момант я дала сабе абяцанне, што я прысвячу жыццё таму, каб дапамагчы гэтым людзям», — кажа Тэйлар, і прыгадвае ў інтэрв’ю «Гардыян» гісторыю 8-гадовай дзяўчыны з праасадаўскай сям’і, па-зверску забітую ІДІЛаўцамі ў сірыйскай вёсцы.

Пасля далучэння да YPJ Тэйлар адразу ж накіравалася на фронт — вызваляць «сталіцу ІД» Раку.

«Я хачу аддаць сваё жыццё за гэта. [...] Гэта для ўсяго свету, для ўсяго чалавецтва, для ўсіх прыгнечаных людзей паўсюль. Гэта не проста ІДІЛ забівае і гвалціць. Гэта сістэматычнае псіхічнае і фізічнае катаванне неймавернай ступені».

Роза са Швецыі далучылася да YPJ, калі ёй было 20 гадоў. На момант, калі “ANF News” рабіла з ёй інтэрв’ю, дзяўчына знаходзілася ў іх шэрагах ужо больш за два гады, паспеўшы прыняць удзел у многіх баявых аперацыях.

 

Фота anfenglish.com 

У сябе на радзіме Роза працавала ў хімчыстцы, але, калі стала чуць пра Блізкі Усход з экрана тэлебачання ўсе часцей, пачала цікавіцца пытаннем самастойна. У выніку азнаямлення з курдскай тэматыкай яна, па яе ўласных словах, «...урэшце зразумела, што адно з самых важных месцаў, дзе жанчына можа прынесці карысць усім астатнім жанчынам і дапамагчы рэвалюцыі — гэта YPJ. [...] Маладая дзяўчына, якая далучаецца да іх, вучыцца свабодзе, крышыць сістэму дамінавання і робіцца асобай. Дзяўчаты набываюць жаночы погляд і філасофію. [...] Жаночая барацьба на Блізкім Усходзе ўзмацняецца, і жанчыны вызваляюцца. І жанчыны не спыняцца на гэтым, яны працягнуць барацьбу на перадавой супраць варвараў з ІДІЛ. Быць тут, на фронце, для мяне — неабходна. Я хачу падзяліць гэтую вайну, перамогу і асалоду свабоды».

Не ўсе еўрапейцы, якія ваююць сярод курдаў, такія гаваркія, як гэтыя жанчыны. Урады еўрапейскіх краін не вельмі любяць добраахвотнікаў з Курдыстану, і глядзяць на іх, нібы на патэнцыяльных тэрарыстаў.

Падлікаў жанчын з Еўропы, якія змагаюцца ў YPJ, ніхто не вёў, але можна смела меркаваць, што іх не менш за некалькі дзясяткаў.

Як бачна з размоваў, матывацыя ўсіх змагарак прыкладна аднолькавая. Гэта моцная эмпатыя да ахвяраў Ісламскай Дзяржавы і інтуітыўнае адчуванне справядлівасці той барацьбы, якую вядуць курдзянкі. Палітычныя ідэі — фемінізм, роўнасць, — гэтаксама граюць ролю, але, як падаецца, стаяць не на першым месцы. Першаснае — жаданне дапамагчы тым, хто ў бядзе, і падаць руку смелым жанчынам, якія супрацьпаставілі сябе джыхадзізму. І тут, дарэчы, варта сказаць, што вярбоўцы такіх ідэалістак моцна дапамагае сама Ісламская Дзяржава — сваёй паказной жорсткасцю, публічнымі забойствамі і катаваннямі. Медыя-імідж, які, па задуме піяршчыкаў ІД, мусіў застрашыць «няверных», даў адваротны вынік.

У шчырасці словаў маладых ваярак сумнявацца не даводзіцца — яны сапраўды ведаюць, што едуць не на курорт, і не шкадуюць свае жыцці.

З пачатку актыўнай фазы вайны ў Сірыі ў СМІ было не менш за тры паведамленні пра смерць добраахвотніц. Першай адкрыла сумны лік 7 сакавіка 2015-га Івана Хофман — 19-гадовая немка, сяброўка Марксісцка-ленінскай партыі Турцыі.

Фота i.guim.co.uk

У сакавіку 2018-га прэс-служба YPJ паведаміла пра смерць аргенцінкі Алёны Санчэс. Ёй быў 31 год.

Фота www.hawarnews.com 

15 сакавіка, падчас аперацыі «Аліўкавая галіна» — акупацыі Турцыяй кантона Афрын, ад турэцкага снараду (па іншых дадзеных — ад авіяўдару) загінула грамадзянка Вялікабрытаніі, 26-гадовая анархістка Ганна Кэмпбэл.

Фота i.guim.co.uk 

Постэр у памяць аб Ганне Кэмпбэл. Лондан. Фота www.facebook.com

Варта адзначыць што гэта толькі тыя выпадкі смерці, якія трапілі ў СМІ. 

Выпадковасць ці тэндэнцыя?

Жанчыны з сытага Захаду едуць паміраць у далёкія пустэчы дзеля змагання з тым, што яны бачылі толькі на экранах лэптопаў і смартфонаў, — для прагматычных грамадзян гэта можа падацца глупствам. Аднак для добраахвотніц гэта свядомы выбар, які, дарэчы, кажа нам многае не толькі пра іх маральныя якасці, але і пра сусветныя тэндэнцыі.

Добраахвотнікі-інтэрнацыяналісты на франтах любой, справядлівай і не вельмі, вайны — рэч не новая. Аднак тэндэнцыя росту колькасці жанчын менавіта як ваярак, роўных мужчынам — відавочна, з’ява апошняга часу, якая прымушае паглядзець на пэўныя асаблівасці:

Першае — усе без выключэння жанчыны адпраўляюцца ваяваць пад уплывам СМІ. Прэса адыгрывае першасную ролю ў матывацыі: рэтранслюе жахі, якія робяць ворагі, і стварае геройскі вобраз змагарак-курдзянак.

У гэтым сітуацыя ў Сірыі не ўнікальная. Узгадайце, і ў «апалчэнне ДНР» запісваліся далёка не толькі крымінальнікі, прафесійныя найміты і шукальнікі лёгкіх грошай. Было сярод іх нямала простых людзей, якія паверылі ў «распятых хлопчыкаў» і генацыд рускамоўных «кіеўскай хунтай». Каб рызыкаваць жыццём, для абсалютнай большасці трэба моцная матывацыя. І ў нашым свеце ёй, як правіла, з’яўляецца альбо моцная палітычная ідэя, часта ў звязку з ідэнтычнасцю («курдзянка», «жанчына», «феміністка», «рэвалюцыянерка»), альбо немалыя грошы, якія абяцаюць, напрыклад, наймітам вялікіх дзяржаў у проксі-канфліктах.

Другое: глабалізацыя дае свой уплыў — арміі ў месцах узброеных канфліктаў робяцца ўсё больш інтэрнацыянальнымі. На піку існавання той жа Ісламскай Дзяржавы ў ёй знаходзіліся байцы больш чым з 81 краіны, і доля іншаземцаў складала, па самых сціплых ацэнках, 15%.

У шэрагах курдскага апалчэння ваююць туркі (яны пераважаюць), амерыканцы, канадцы, французы, немцы, вялікабрытанцы і прадстаўнікі многіх іншых краін. Палітычныя групы прадстаўленыя як мінімум чатырма камуністычнымі арганізацыямі і трыма анархісцкімі атрадамі — не лічачы добраахвотнікаў пераважна з ЗША, якія прыехалі проста «мачыць ІДІЛаўцаў».

Варта лічыць, што з паскарэннем глабалізацыі, развіццём транспарту, медыя, з павышэннем агульнай мабільнасці насельніцтва колькасць добраахвотнікаў і добраахвотніц з самых розных краін ва ўзброеных канфліктах будзе толькі расці. І што б ні казалі з гэтай нагоды Біблія альбо Каран, жанчыны на вайне — гэта ўсур’ёз і надоўга.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!