Кыргызстан. Атамбаеў знайшоў сабе новых ворагаў

Атамбаеву яшчэ роўна месяц заставацца ў крэсле прэзідэнта Кыргызстана — да інаўгурацыі наступнага кіраўніка дзяржавы. Але наўрад ці фінал кадэнцыі Атамбаева абыдзецца без скандалаў.

Паводле збегу абставінаў, кыргызскі гарант за апошні час пасварыўся са многімі значнымі палітычнымі акторамі. З ім на нажах Назарбаеў, які не дараваў Атамбаеву крытыкі за спробу ўмяшання ў кыргызскія прэзідэнцкія выбары ў кастрычніку. Атамбаева цяпер люта ненавідзяць у Маскве з-за пастановы пра святкаванне ў Кыргызстане дня антырасійскага паўстання ў 1916 годзе. 

Нарэшце, ён умудрыўся нажыць сабе ворага ўнутры краіны з-за трактоўкі тэксту Манасу — кыргызскага старажытнага гераічнага эпасу пра жыццё і подзвігі абаронцаў кыргызскай зямлі ад чужаземных захопнікаў.

На днях Атамбаеў сказаў, што галоўным героям эпасу здра­дзілі продкі людзей, які зараз жывуць у раёне Талас. Таму, па словах прэзідэнта Кыргызстана, няма нічога дзіўнага ў тым, што жыхары Таласу падтрымалі на апошніх выбарах непрыемнага Атамбаеву кандыдата.

Жыхары Таласу такой інтэрпрэтацыі эпасу не даравалі. У мінулую нядзелю каля будынка абласной адміністрацыі адбыўся мітынг, у якім, паводле розных ацэнак, удзельнічала каля тысячы чалавек. Пратэстоўцы запатрабавалі ад прэзідэнта прабачэнняў.

Сітуацыя пагаршаецца тым, што клан Таласу спецыялізуецца на рээкспарце кітайскіх тавараў. Як следства, будучы ахвярай памежнай блакады, якую ўвяла супраць Бішкека Астана, у Таласе настроены вельмі рашуча. Так што агаворка Атамбаева з нагоды Манасу можа на выхадзе каштаваць прэзідэнту і яго пераемніку вельмі дорага.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!