Кыргызстан. У Новы год без пляўкоў

З новага года кыргызы больш не могуць дазволіць сябе такую выхадку, як вольна плявацца на вуліцах.

Як толькі куранты прабілі дванаццаць ночы, у сілу ўступіў Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях, што быў прыняты яшчэ ў жніўні. 

Паводле новага закона, цяпер публічны плявок будзе карацца штрафам. Штраф за такое парушэнне складзе 5,5 тысячы сомаў ($78,8). З улікам таго, што сярэдні заробак у краіне — каля 200 долараў, пакаранне вельмі сур’ёзнае. 

Праўда, не выключана, што новы закон накіраваны супраць аднаго з відаў наркаманіі. У Цэнтральнай Азіі папулярна жаваць «насвай» — наркатычнае рэчыва. Пры яго ўжыванні адбываецца багатае выдзяленне сліны, афарбаванай у зялёны колер. 

Магчыма, пад выглядам барацьбы з пляўкамі, улады вырашылі паганяць наркаманаў? 

Гэта не адзіная загадка закону. Таксама незразумелы пункт Кодэксу, паводле якога за пляўкі можна будзе караць таксама юрыдычных асобаў.

Паводле кыргызскай прэсы


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!