Лех Валенса вылучыў Алега Сянцова на Нобелеўскую прэмію міру

Былы польскі прэзідэнт вылучыў украінскага рэжысёра на атрыманне мірнага Нобеля напярэдадні гадавіны ўтварэння прафсаюзу «Салідарнасць», які запачаткаваў мірныя перамены ў Польшчы і вызваленне ад таталітарызму ўва ўсёй Усходняй Еўропе.

Алег Сянцоў. Фота: Сяргей Півавараў / РИА Новости

«Сянцоў удзельнічаў у дэманстрацыях на Еўрамайдане за Украіну ў дэмакратычнай Еўропе. Потым мірна супрацьстаяў анэксіі яго роднага Крыму Расіяй», – цытуе Валенсу радыё «RMF24».

Алега Сянцова абвінавацілі ў тэрарызме на на тэрыторыі Крыму (падпале офісу «Партыі рэгіёнаў» і планаванні падрыву помніка Леніна) і, не прадставіўшы доказаў віны, асудзілі на 20 гадоў.

«Яму прысудзілі 20 гадоў калоніі цяжкага рэжыму, нягледзячы на тое, што галоўны сведка адмовіўся ад паказанняў, дадзеных пад катаваннямі», – гаворыцца ў заяве.

Паводле Валенсы, апошняе слова Сянцова пасля суду, у якім ён просіць расійскі народ «навучыцца не баяцца» – прыклад пазіцыі на карысць братэрства паміж народамі, якой можна пазайздросціць.

«Я глыбока перакананы, што сваймі дзеяннямі Сянцоў увасабляе ўсе ідэалы, якімі кіраваўся я, калі вёў сваю мірную барацьбу за будучыню свету», – напісаў Валенса.

Паводле Валенсы, «вера ў дэмакратыю, мірныя спосабы дзеяння, адсутнасць нянавісці, дзеянні на карысць братэрства паміж народамі і, у выніку, ахвяраванне сабой дзеля дабра іншых, несправядліва пакрыўджаных людзей – рысы, годныя найвышэйшай ацэнкі вольнага свету».

«Па гэтых прычынах, я звяртаюся да ўсіх людзей добрай волі з просьбай вызваліць Алега Сянцова і вылучаю яго на Нобелеўскую прэмію міру», – падсумаваў былы прэзідэнт Польшчы.

Паводле статуту Нобелеўскага фонду, вылучаць кандыдатаў на прэмію міру могуць, між іншага, асобы, якія атрымлівалі гэтую прэмію. Лех Валенса атрымаў Нобелеўскую прэмію міру ў 1983 годзе – «як барацьбіт за правы чалавека».

Белсат

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-08-28 20:26:53
Відаць маскоўская Кантора параіла зрабіць так былому калегу...