Польшча: ЛГБТ тут не месца?

У адказ на актывізацыю абаронцаў правоў сексуальных меншасцяў польскія кансерватыўныя муніцыпалітэты пачалі абвяшчаць свае тэрыторыі зонамі, вольнымі ад ЛГБТ.

 Фота www.washingtonpost.com

Яшчэ ўчора назва 40-тысячнага гарадку Свіднік, што пад Люблінам, выклікала асацыяцыю хіба што з мясцовым аэрапортам, які мае рэгіянальнае значэнне. Або з заводам па вытворчасці верталётаў. Цяпер Свіднік грыміць на ўсю Польшчу як горад, які першым быў абвешчаны зонай, вольнай ад ЛГБТ. 26 сакавіка адпаведную пастанову амаль аднагалосна прыняла рада гміны, пратэстуючы «супраць культурнай рэвалюцыі, што знішчае свабоду слова, дзіцячую цнатлівасць, аўтарытэт сям’і і школы», і нават таксама чамусьці «правы бізнесу».

Спачатку ўсё выглядала крыху забаўна, аднак зараз — ужо не да жартаў. Пасля таго, як напрыканцы ліпеня ў Беластоку мела месца спроба разагнаць першы ў гісторыі горада гей-прайд, тэма правоў сексуальных меншасцяў аказалася за Бугам у цэнтры палітычных дэбатаў.

Пры гэтым ствараецца ўражанне, што абодва бакі настроеныя змагацца выключна да пераможнага канца. Прадстаўнікі ЛГБТ-камуны патрабуюць увесці ў школах прадмет «сексуальная адукацыя» і стварыць за кошт бюджэту ў вялікіх гарадах нешта накшталт інтэрнатаў, дзе ахвяры гамафобіі могуць бясплатна знаходзіць прытулак. Падобныя патрабаванні апаненты з лагеру кансерватараў ацанілі як «замах на сям’ю і польскую ідэнтычнасць», адказаўшы кампаніяй па стварэнні на месцах тых самых зонаў, вольных ад ЛГБТ.

На цяперашні час ініцыятыву такіх зонаў падтрымалі ўжо больш за 30 органаў лакальнага самакіравання, што знаходзяцца галоўным чынам у Малой Польшчы або на Любліншчыне. У Люблінскім ваяводстве ідэя зонаў знайшла падтрымку ў тым ліку на ўзроўні рэгіянальнага сейміку. Далей за ўсіх пайшлі ў Рыцкім павеце, што таксама на Любліншчыне. У пастанове рыцкіх дэпутатаў гаворыцца пра пагрозу тэрору гомасексуалаў, на барацьбу з якімі, маўляў, дабраслаславіў яшчэ пантыфік Ян Павел ІІ.

Як і трэба было чакаць, ліберальныя юрысты пабачылі ў абвешчаных зонах парушэнне Канстытуцыі і міжнародных пактаў, якія падпісала Польшча. Перш за ўсё, гэта параграфы, што забараняюць любую форму дыскрымінацыі грамадзян Польшчы ў палітычнай, грамадскай або гаспадарчай сферах паводле любой прычыны. Адвакаты ЛГБТ апелююць да кіраўнікоў рэгіянальных адміністрацый, сцвярджаючы, што мясцовыя дэпутаты перайшлі межы сваёй кампетэнцыі.

Абурылася на тыя зоны і ліберальная грамадскасць, якая пабачыла ў гэтым рымейк нацысцкай палітыкі, калі для шматлікіх катэгорый насельніцтва быў забаронены доступ у пэўныя публічныя прасторы. На думку ліберальных публіцыстаў, ЛГБТ-камуна — гэта першая ахвяра хвалі ксенафобіі, якую падтрымлівае дзяржава і пад якую хутка трапяць усе, хто не адпавядае крытэрам польскага патрыёта-клерыкала. Можна нават наткнуцца на панічныя тэксты пра агонію дэмакратычнай сістэмы ў краіне.

Насуперак падобным заявам, пракуратура ўжо пачала справу па артыкуле «Прапаганда нянавісці» супраць рэдакцыі выдання «Gazeta Polska», якая агітуе за стварэнне зонаў, і нават надрукавала адмысловы тэматычны дадатак. Аднак наўрад ці судовыя працэсы над гамафобамі будзе так проста выйграць. У кансерватараў на такія выпадкі ёсць артыкул 18 Канстытуцыі, які абавязвае дзяржаву абараняць інстытут сям’і і дзяцінства.

Калі сярод юрыстаў пакуль няма згоды наконт зонаў, то ў цэху палітычных назіральнікаў па гэтым пытанні назіраецца амаль поўнае адзінства. Практычна ўсе палітычныя каментатары згодныя: тэма пагрозы ЛГБТ становіцца адной з галоўных фішак цяперашняй парламенцкай кампаніі кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS). Піяршчыкі PiS дасылаюць выбаршчыку простае пасланне пра неабходнасць абароны традыцыйных каштоўнасцяў ад геяў, адзіным гарантам якой можа быць выключна PiS. Каб дагрукацца да электарату, актыўна ўжываецца маніпуляцыйны (аднак вельмі эфектыўны) прыём, у рамках якога ўсе прадстаўнікі ЛГБТ скопам запісваюцца ў педафілы.

У прынцыпе, можна дапусціць, што апісаная піяр-стратэгія дазволіць партыі Яраслава Качыньскага зноў атрымаць большасць у Сейме пасля кастрычніцкіх выбараў. Незразумела толькі, дзе мяжа гамафобнага куражу польскіх кансерватараў. Увесну, падчас кампаніі ў Еўрапарламент, некаторыя кандыдаты PiS ужо абяцалі выбаршчыкам з часам ператварыць усю Польшчу ў рэгіён, вольны ад ЛГБТ. І, дарэчы, калі PiS на кастрычніцкіх выбарах атрымае канстытуцыйную большасць (а гэта цалкам рэальна), то нішто не перашкодзіць ёй адкалоць такі нумар.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!