Libération: Мігранты ў пастцы Лукашэнкі

За два месяцы беларускі кіраўнік з дапамогай нацыянальнага турагенцтва арганізаваў міграцыйны маршрут з Ірака ў Еўропу. Перахопленых літоўскімі памежнікамі кандыдатаў збіраюць на высылку ў цэнтрах размяшчэння.


«На мінулым тыдні ў Літве скончыўся калючы дрот. Будаўніцтва ў лесе загароды, якая аддзяляе краіну ад беларускага суседа, спынілася пасля пракладкі пяці кіламетраў. Кожную ноч з лесу працягваюць выходзіць дзясяткі мігрантаў з Блізкага Усходу, краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары і асабліва Ірака. У перыяд з 27 па 28 ліпеня літоўскія памежнікі арыштавалі 171 чалавека — беспрэцэдэнтная колькасць за суткі. У звычайны час Літва не рэгіструе нават сотні незаконных перасячэнняў сваёй мяжы ў год. Але за два месяцы ўсё змянілася», — піша журналістка Liberation Нэлі Дзідла.

(...) «Новы міграцыйны шлях з’явіўся не выпадкова. Усё паказвае на тое, што Беларусь і яе аспрэчаны аўтакрат Лукашэнка стварылі яго практычна з нуля. У канцы траўня, калі Еўропа толькі прыняла пастанову аб новых санкцыях супраць рэжыму, Лукашэнка папярэдзіў: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх ёсць і лавіць».

(...) «Так, для арганізацыі ўласнага іміграцыйнага маршруту Мінск выкарыстоўвае дзяржаўнае турыстычнае агенцтва “Цэнтркурорт”, якое працуе з Багдадам з 2017 года. Пачынаючы з вясны іракцам прапануюцца недарагія арганізаваныя паездкі ў Беларусь з выдачай візы. Для многіх з іх тур уключае ў сябе дадатковую выгоду: трансфер да літоўскай мяжы і рэкамендацыі для ўезду ў гэтую краіну, якая з’яўляецца адной з усходніх варот у Еўрасаюз, — адзначае аўтар артыкула. — У расследаванні літоўскай тэлекампаніі LRT гаворыцца пра чорныя мікрааўтобусы, якія забіраюць мігрантаў у аэрапорце Мінска, каб адвезці іх у адны з самых папулярных гатэляў горада, дзе яны чакаюць некалькі дзён, пакуль іх адвязуць да мяжы. Там беларускім вартавым даюць інструкцыю адвесці погляд і прапусціць іх».

«З нядаўняга часу начальства дае ўказанне, каб памежнікі планавалі патруляванне пэўным чынам. Гэта значыць такім чынам, каб былі своеасаблівыя вокны, праз якія могуць прайсці нелегалы. Ад начальства няма наўпроставых указанняў, але калі, напрыклад, начальніку кажаш, што не прыкрыты правы фланг на памежнай зоне, ён адказвае, маўляў, нічога страшнага, і не робіць ніякіх захадаў», — распавёў адзін беларускі памежнік беларускаму СМІ Reform.by. «Раней мы атрымлівалі прэмію ў 200 рублёў, калі лавілі нелегальнага мігранта, але цяпер гэта не так. Цяпер мы іх штрафуем і адпускаем», — дадаў ён.


(...) «Перахопленыя памежнікамі 3145 мігрантаў мала што значаць у параўнанні з 59600 мігрантамі, якія прыбылі ў Еўропу з пачатку года, але Літва не была гатовая да такога наплыву. Невялікі цэнтр прыёму замежнікаў у Пабрадзе хутка запоўніўся. Быў пабудаваны першы намётавы гарадок, затым другі — у кантэйнерах, а трэці — у былой школе. (...) У цяперашні час міністэрства ўнутраных спраў разглядае магчымасць увядзення надзвычайнага становішча ў прыгранічных з Беларуссю населеных пунктах, што азначала б ўвод вайскоўцаў і поўнае закрыццё мяжы», — піша Liberation.

(...) «Перад тварам “зрэжысаванай Беларуссю гібрыднай вайны”, як гэта называе кансерватыўны ўрад Літвы, краіна паступова стала больш жорсткай. Каля лагераў бежанцаў праходзілі дэманстрацыі, часам даволі гарачыя, у ходзе адной з іх была прадпрынятая спроба падпалу, — адзначае журналістка. — Затым, у сярэдзіне ліпеня, парламент, у якім дамінуюць кансерватары, амаль аднагалосна прыняў новы закон, які рэзка абмежаваў правы просьбітаў прытулку. Іх утрыманне пад вартай можа доўжыцца шэсць месяцаў, без сістэматычнага доступу да перакладчыка падчас адміністрацыйных разглядаў і амаль без магчымасці абскарджання ў выпадку адмовы. Міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ апраўдвала гэтыя меры тым, што яны не “сапраўдныя просьбіты прытулку”, а “інструменты, якія выкарыстаў Лукашэнка для нанясення шкоды Літве”».

«Цяпер мігранты, замкнёныя ў лагерах без дазволу на выезд, могуць падрыхтавацца да магчымага адхілення іх хадайніцтваў аб прадстаўленні прытулку. “У цяперашні час чакаюць разгляду 660 заяў, 169 чалавек, якія заехалі нелегальна, ужо атрымалі адмову ў прадстаўленні прытулку”, — паказваюць іміграцыйныя ўлады. На дадзены момант тыя, хто атрымаў адмову, усё яшчэ знаходзяцца ў краіне з-за адсутнасці пагаднення аб рэадмісіі, падпісанага з Іракам або іншымі краінамі паходжання. “Наўрад ці нехта атрымае прытулак пасля незаконнага перасячэння мяжы”, — папярэдзіў міністр замежных спраў у сваім пасце ў Facebook на англійскай, арабскай і курдскай мовах. “Тыя, хто абяцаюць вам лёгкі шлях у Еўропу, вас падманваюць. Ім проста патрэбныя вашы грошы. Урэшце вы вернецеся дадому, але страціце ўсе грошы, якія вы заплацілі за праезд”. Нягледзячы на тое, што літоўскі міграцыйны крызіс быў створаны штучна, адно застаецца нязменным: як звычайна, у самым вялікім пройгрышы аказваюцца ўцекачы», — рэзюмуе Нэлі Дзідла.

Паводле inopressa.ru, пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: