Літоўска-беларускую мяжу пачаў патруляваць верталёт польскіх памежнікаў

Польшча ў ліку іншых краін дапамагае Літве змагацца з вялікім патокам нелегальных мігрантаў, якіх Беларусь бесперашкодна прапускае на тэрыторыю Еўрасаюзу, піша Свабода.
Верталёт польскай памежнай службы Kania (мадэрнізаваны Мі-2) пачаў патруляванне літоўска-беларускай мяжы. Варшава праінфармавала агенцтва ЕС у бяспецы знешніх межаў Frontex, што адпраўляе верталёт з экіпажам і тэхнічным персаналам, інфармуе Радыё Рацыя.

29 ліпеня ў Літву накіраваліся першыя патрулі польскай памежнай службы. У верасні туды адправіцца яшчэ адна група памежнікаў з Польшчы, а таксама машына назірання з экіпажам. У цэлым плануецца перакідка 40 чалавек.

З пачатку 2021 году па стане на 31 ліпеня літоўскія памежнікі перахапілі 3401 мігранта — гэта ў 42 разы больш, чым за ўвесь 2020. Сутачны рэкорд сёлета склаў 171 чалавека, менавіта столькі літоўскія памежнікі затрымалі 28 ліпеня.

Сярод затрыманых пераважаюць грамадзяне Іраку — 2212 чалавек. Пры многіх не было ніякіх дакументаў. Большасць затрыманых — 71,4% — мужчыны. Амаль чвэрць (24,8%) — непаўналетнія.

Урад Літвы напярэдадні даручыў Статыстычнаму дэпартамэнту краіны правесці абследаванне ў пытаннях незаконнай міграцыі. Падчас яго будуць збіраць персанальныя дадзеныя ўцекачоў, у тым ліку імя, прозвішча, грамадзянства і / або нацыянальнасць, асабістае пасведчанне, дата нараджэння, пол, узрост, адрас часовага пражывання, дадзеныя аб тэставанні і стане здароўя, звязаныя з дыягназам хваробы COVID-19, дадзеныя з запісаў вакцынацыі супраць COVID-19.

Улады Літвы неаднаразова вінавацілі ў міграцыйным крызісе афіцыйны Мінск. На думку літоўскіх чыноўнікаў, Лукашэнка з падначаленымі не толькі загадаў спыніць кантроль на мяжы, але і актыўна спрыяе наплыву мігрантаў, ладзячы ім пераезд з Іраку і іншых краін да межаў Еўрасаюзу.

На вайсковым палігоне ў Салечніцкім раёне ўзводзяць новае намётавае мястэчка. Гэтае месца на 1,5 тысячы людзей спрабуюць падрыхтаваць як мага хутчэй, бо памежнікі скардзяцца, што ім ужо няма куды змяшчаць мігрантаў.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа не выключыў увядзення надзвычайнага стану ў памежных з Беларуссю раёнах краіны.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: